Успамін пра Чавускую экспедыцыю 2014 г. (+фота)

Кароткая экспедыцыя СЭТ ў Чавускім раёне прайшла на працягу апошняга тыдня жніўня 2014 г. Удзельнічалі прадстаўнікі мінскай, магілёўскай і полацкай суполак арганізацыі. Да сяброў Таварыства далучыліся палякі з фундацыі “Wszystkie Mazurki Świata”.

 

Гурт “Незабудкі” з в. Галавенчыцы Чавускага раёна

Адным з самых яркіх момантаў стала сустрэча з аўтэнтычным гуртом “Незабудкі”. Спявачкі з’яўляюцца аднымі з самых яскравых носьбітаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны часткі левабярэжжа Дняпра, што лакалізаваная ў міжрэччы Сожа і Проні. Спеўны і танцавальны стыль, які яны рэпрэзнентуюць, ахоўваецца дзяржавай як элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. На момант узяцця элемента пад ахову ў гурце было 8 спявачак. Бадай што самы знакаміты свой танец, кадрылю “Зеркала”, бабулі выконвалі на 4 пары. Памятаюць і кадрылю на 6 пар, але станьчыць яе ўжо няма каму…

Гурт утварыўся ў 1957 г. з 12 дзяўчат, якім тады было па 17-20 гадоў. З 1972 г. і да сённяшняга дня гуртом кіруе Надзея Данілаўна Казлова. Яна нарадзілася ў Галавенчыцах, скончыла Магілёўскае вучылішча культуры, вярнулася дамоў, працавала ў клубе. З удзелам “Незабудак” знятыя два дакументальныя фільмы: “У святыя вечары на Каляды” (“Беларусьфільм”, 1996. Аўтар сцэнару М. Козенка) і “Жорсткі раманс” (Белвідэацэнтр, 2008. Аўтар сцэнару Т. Кухаронак).

На жнівень 2014 г. у гурце засталося 4 чалавекі: Надзея Данілаўна Казлова 1936 г.н., Валянціна Іосіфаўна Копелева 1937 г.н., Людміла Сцяпанаўна Каханоўская 1937 г.н. і Валянціна Лявонцьеўна Філіпчэнка 1938 г.н. Людміла Канстанцінаўна Мацюліна па стане здароўя не прымае ўдзел у рэпетыцыях і выступах гурта. Астатнія спявачкі пакінулі гэты свет. Галавенчыцкі клуб зачынілі ў 2013 годзе, цяпер бабулямі апякуецца культурна-спартыўны комплекс вёскі Вусце, за паўтара кіламетры ад Галавенчыцаў. Найбольш займаецца гуртом Міхаіл Уладзіміравіч Шакура. Яго маці, Зінаіда Цімафееўна, спявала з “Незабудкамі” да 2008 г.

Падчас экспедыцыі атрымалася сабраць усіх спявачак, акрамя В.Л. Філіпчэнкі, якая трапіла ў лякарню. Бабулі ў голасе, жартуюць, расказваюць розныя цікавосткі. Каляндарныя песні памятаюць вельмі добра. Праспявалі для беларуска-польскай групы даследчыкаў “жнівеньскія”, восеньскія, калядныя, масленічныя, “вясноўскія”. Выконваюць таксама купальскія і пятроўскія, сямейна-абрадавыя песні. Падрабязна распавялі пра ўсе этапы вяселля, пачынаючы ад запоінаў. Атрыманы матэрыял дазваляе пры жаданні цалкам аднавіць вяселле па-галавенчыцку. Пазаабрадавая лірыка ў “Незабудак” таксама разнастайная, чаго вартыя толькі разгорнуты варыянт жорсткага рамансу “Пра зубы” і псальма пра Цмока і ўдаву! Гурт “Незабудкі” потым выступіў з гэтай псальмай на свяце Цмока ў Лепелі 7 верасня 2014 г.

Пакуль здароўе дазваляе, бабулі ахвотна даюць канцэрты. Разам з удзельнікамі экспедыцыі выканалі знакамітае “Зеркала” для жыхароў вёскі Вусце. Падчас канцэрту стала зразумела, што рэпертуар “Незабудак” у Вусці ведаюць дасканала: з залі гучалі просьбы выканаць то адну песню, то іншую. Без “Зубоў” бабуль са сцэны не адпусцілі.

“Незабудак” часта запрашаюць на абласныя фестывалі. Бабулі ахвотна прымаюць даследчыкаў і пераймальнікаў, добра ідуць на кантакт з моладдзю. Час, праведзены з імі, прабягае незаўважна, космас традыцыйнай культуры пахлынае.

Падчас экспедыцыі на тэрыторыі раёна былі апытаны і іншыя яркія выканаўцы. Некалькі спявачак з розных вёсак выканалі псальму пра цмока.

 

Музыка і танцы

У выправе ўзяў удзел гарманіст Аляксей Крукоўскі, таму адным з накірункаў даследаванняў стаў пошук музыкаў і фіксацыя танцавальных найгрышаў і фігур. Асабліва пільна шукалі мясцовыя варыянты танцаў “Шахцёр” і “Лянцяй”. Пыталіся таксама пра танцавальны этыкет, арганізацыю вечарынак, аплату працы музыкаў, прыпеўкі пад танцы. Высветлілася, што кожны гарманіст прыносіў з сабой на вечарынку бубен, які тут звалі “барабан”. “Барабаніць” жа браўся хтосьці з прысутных танцораў. У в. Гарбавічы былі вечарынкі двух тыпаў: “складчына” (для жанатых пар) і “вечарынкі на пятачку” (для моладзі).

 

Традыцыйная медыцына

Яшчэ засталіся бабулі, што ўмеюць шаптаць. Самыя простыя замовы (ад спуду, ад сурокаў) ведала ледзь не кожная жанчына ў вёсцы, больш складаным трэба было вучыцца, перапісваць тэксты, пераймаць. Кажуць, што для пераймання замоў “сярэдняга ўзроўню складанасці” (ад рожы, ад звіху) дастаткова было вывучыць тэкст. Але дапамагала замова толькі ад тых, хто быў першым ці апошнім дзіцём у сям’і. Навяртанне дзяцей да пратэстантызму  не ўплывае на рашэнне маці працягваць шаптаць: “Кажуць, грэх гэта. Дык які ж гэта грэх, калі дапамагае?”

 

Матэрыяльная культура

У Чавускім краязнаўчым музеі і этнаграфічных кутках устаноў культуры захаваліся ўзоры старажытнага тэкстылю: аздобленыя процягам, лікавай гладдзю і рошвамі ручнікі, андаракі ў кратку, паясы, тканыя на ніту. Большая частка кашуль вышытая крыжыкам, але сустракаюцца і больш старажытныя віды аздаблення.

Сустрэлася некалькі цікавых узораў народнага наіўнага жывапісу: алень аўтарства мясцовага мастака. сюжэтны малюнак “Казак і дзяўчына”, рамка для абраза, размаляваная ружамі па шкле.

 

Каляндарныя і сямейныя абрады

Падчас вяселля ў раёне, як і ўсюды па Беларусі, поезду маладых ставілі рагатку. Вось толькі назва ў гэтага дзеяння незвычайная –“закідаць зайца”.

У раёне згадваюць даўнейшыя звычаі пераносу свячы на Міхайлу, Варвару і Міколу.

 

Аўтар: Алена Ляшкевіч

Апублікавана на сайце livingheritage.by у верасні 2014 г.

Фота з архіву СЭТ