У ПОШУКАХ СВЯТОЙ КРЫНІЦЫ

Артыкул Алеся Крыжэвіча

Ужо не першы раз сутыкаўся з выданнямі «Магілёўскай даўніны», у якіх змешчаная ўнікальная інфармацыя для сучасных краязнаўцаў і даследчыкаў мінулага нашай краіны. У адным са зборнікаў змяшчаецца «Описание Кричевского графства, или бывшаго староства», якое падрыхтаваў рускі ваенны і гісторык Андрэй Меер (датуецца 1786-м). Сярод змястоўна выкладзенага матэрыялу па побыце, традыцыях і навакольнай прыродзе Крычаўскага староства ёсць і даволі цікавыя згадкі пра Святую крыніцу, якую аўтар называе Міхеевіцкай. Гэтае апісанне даволі вядомае і публікавалася ў некаторых кнігах і часопісах беларускімі навукоўцамі.

У запале цікаўнасці аўтар артыкула вырашыў праверыць інфармацыю і знайсці згаданую яшчэ ў канцы XVIII стагоддзя святую крыніцу. У вёсцы Міхеевічы, да якой прывязвае крыніцу Меер, ужо зусім мала засталося старажылаў, яшчэ меней карэнных жыхароў, а ўсё больш становіцца «навалокаў», якія зрэдку могуць штосьці расказаць пра вёску, у якой жывуць. Аднак пагаварыць з кім усё ж знайшлося. На маё здзіўленне, старыя вяскоўцы з цяжкасцю прыгадвалі крыніцы ў Міхеевічах, а тыя, пра якія расказалі, з іх словаў, не вызначаліся гаючасцю ці асаблівым статусам. На адной з вуліцаў вёскі сапраўды ўдалося знайсці крыніцу, што называлі ў народзе Іллёвічавай. Аднак з яе проста бралі ваду, бо была добрая, пітная. За цэлы дзень, што правёў у Міхеевічах, так і не знайшоў следу крыніцы, што масава (паводле звестак Меера) ушаноўвалася на сырным тыдні.

Прычым паломніцтвы заключаліся ў амыванні людзей у крынічнай вадзе, на якой пакідаліся старыя сарочкі (ды й кашулі) з вераю, што пазбавіліся на будучы год ад грахоў і хваробаў. За гэтую магчымасць у ваду ахвяравалі грошы. Але нават мінімальныя звесткі давалі хоць мізэрную, але надзею на станоўчы вынік пошукаў. Не расчароўваўся, бо ведаў, што многія крыніцы, нават ранней знакамітыя па ўсіх ваколіцах, зарастаюць, забываюцца людзьмі.

2016_06_SvKrynica_C
Вынік росшукаў завершаны быў нечакана, бо адгадка аказалася вельмі простай. Міхеевіцкая крыніца (як была названая ў гістарычным творы А. Меера) сёння знаходзіцца непадалёк вёскі Прудок, што размешчаная за колькі кіламетраў ад Міхеевічаў. Чаму ж тады яна была так названая? Рэч у тым, што «Описание…» было зробленае ў 1786 годзе, а вёска Прудок з’явілася толькі ў XIX стагоддзі. Міхеевічы ж значна старэйшае паселішча, вядомае з канца XVI стагоддзя. А Святы калодзец, як называюць мясцовыя жыхары крыніцу, вядомы і цяпер. Калі ўважліва прачытаць тэкст, аўтар падае нават адлегласць крыніцы ад р. Сож, роўную тром вёрстам. Гэтая адлегласць адпавядае сённяшняму знаходжанню в. Прудок і размешчанага за сотню метраў ад вёскі Святога калодзежа.

Гэтым тлумачыцца і заблытанасць у навуковай і навукова-папулярнай літаратуры, дзе пазначаецца як Міхеевіцкая крыніца, так і cвятая крыніца непадалёк в. Прудок, як тое робіцца ў геаграфічным выданні «Магілёўскі мерыдыян» (раздзел «Геаграфічна-статыстычны слоўнік Магілёўскай вобласці. Крычаўскі раён»). Ці нават проста пазначаецца «Міхееўская крыніца», як было зроблена ў грунтоўным этнаграфічным выданні «Сакральная геаграфія Беларусі», што адпаведна дае няправільныя сучасныя каардынаты месца знаходжання крыніцы.

Цікавым з’яўляюцца і паданні пра крыніцу: аб царкве, якая правалілася, бяздоннасці святога месца. Гэтаксама значным і дужа важным з’яўляюцца згадкі пра хваробы, ад якіх лечыць крынічная вада і на якія святы яна набывае асаблівую сілу. Сабраная мной інфармацыя на сёння пакуль што не верыфікуе згадкі пра ўшанаванне крыніцы ў час сырнага тыдня, бо практычна ўсе інфарматары, з кім давялося размаўляць, адзначалі паломніцтва людзей на Хрышчэнне і Духаў дзень. Аднак гісторыя, паданні і звесткі пра шанаванне, а таксама сучасны стан крыніцы, могуць стаць асобным навуковым даследаваннем.

Артыкул упершыню быў надрукаваны ў “Краязнаўчай газеце” №04 за студзень 2016. Змяшчацецца са згоды аўтара.
Фота аўтара