Масленіца ў апісанні этнографаў

Сёлета позняя Масленка па праваслаўным календары з 7 да 13 сакавіка. Прапануем Вашай увазе падборку з апісанняў свята ў этнографаў канца ХІХ – пач. ХХ стст.

А. С. Дэмбавецкі. Вопыт апісання магілёўскай губерніі. Кн. 1.: Магілёў, 1882. – 783 с., с. 511. Пераклад з рускай А. І. Ляшкевіч:

Сырны тыдзень прысвячаецца звычайна працы, толькі праца гэта перапыняецца, асабліва ў апошнія дні тыдня, катаннем з гор (Магілёўскі і Гомельскі паветы), гушканнем на арэлях (с. Госмір Сенненскага пав.) катаннем на конях (Рогінскі прыход Рагачоўскага пав.) і песнямі. Калі ў вёсцы ці паблізу ёсць гара, то яе за некалькі дзён паліваюць вадой, калі няма гары натуральнага паходжання, то моладзь ладзіць штучную. Катаюцца на санках, на кавалках ільду, вырубленых з ракі (м. Манастыршчына Мсціслаўскага пав.), на лаўках, на чым давядзецца. Часам прыцягнуць на гару вялікія сані, садзяцца ўдзесяцярох і вобцас ляцяць з гары. У некаторых мясцінах, кацячыся з гары, прыгаворваюць: “На довгую пяньку, на довгій лен” (с. Літвінава Горацкага пав.). У іншых мясцінах ёсць звычай падчас Масленіцы катаць бабак-павітух; кожны хлопец катае тую бабку, якая яго спавівала (в. Старыя Юрковічы Гомельскага пав.). У апошнія дні Масленіцы, асабліва ў нядзелю (на загавіны), замужнія жанчыны ходзяць па хатах, з гаспадынямі якіх яны сябруюць, і прывязваюць іх дзецям, дарослым хлапцам і дзяўчатам, да ног “калодкі”, невялікія палкі, як кару за тое, што тыя не ўзялі шлюб за апошні Мясаед; маладыя людзі павінны адкупацца гарэлкай і блінамі (с. Гараны і Рэчкі Магілёўскага пав.). Бліны складаюць неабходную прыналежнасць Масленіцы; у заможных сем’ях іх пякуць штодня, на працягу цэлага тыдня; у менш заможных – праз дзень, але ва ўсіх неадменна ў апошні дзень Масленіцы (на загавіны). У гэты дзень вячэра (вечеря) бывае лепшай, наколькі гэта магчыма, і падчас вячэры– неадменна гарэлка. Гарэлкі выпіваецца вельмі шмат, бо некаторыя сяляне “заговляютъ и на водку”, г. зн. На працягу ўсяго Вялікага посту не п’юць гарэлкі (с. Таўкачы Магілёўскага пав. і с. Голені Чавускага пав.). У карчме папойка і спевы працягваюцца да поўначы. З песень ёсць некаторыя, якія маюць дачыненне толькі да Масленіцы. Так напрыклад:

Масляница, масляница,

Масляница ластавица!

Дала масла на кашу,

Дала девкамъ по венку,

Старым бабам – по кійку (палке),

Маладымъ жонкамъ – па сынку. (с. Ульянавічы Сенненскага пав.)

Шейн, П.В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края : Т. 1, ч. 1. – 1887. с. 122 – 124. Зап. настаўнік Рагачоўскай народнай вучэльні І. І. Асвеец. Пераклад з рускай А. І. Ляшкевіч:

Цікавае свята, як жывое адгалоссе паганскай даўніны, захавалася (хаця канечне ў змененым значна выглядзе) да нашых дзён у Слонімскім павеце Гродзенскай губерні пад назвай “Волося“. Гэта свята прыпадае звычайна на Масленіцу, але заўсёды адкладаецца да чацвера першага тыдня Вялікага поста; яго назва дае нагоду меркаваць, што яно першапачаткова было прысвечана старажытнаму славянскаму боству Воласу, пра якога народная памяць не захавала ніякіх пэўных уяўленняў.

Ужо напярэдадні гэтага дня, з вечара сяляне спыняюць усе гаспадарчыя працы; у сам жа дзень “Волося” ўсе ў хаце рана падымаюцца, каб загадзя падрыхтавацца да прыстойнай сустрэчы свята; гаспадыня пачынае гатаваць на стол розныя стравы і закускі з хатняй печаніны для пасляабедзеннай пагулянкі ў карчме. Рабочае быдла на гэты дзень вызваляецца ад працы і, у параўнанні з іншымі днямі, яму і корм даецца лепшы і ў большай колькасці. Старэйшыя сямейнікі часам накіроўваюцца ў прыходскую царкву і замаўляюць малебны, каб Бог сцаліў скоцинку. Да вечара сяляне са сваімі жонкамі і дарослымі дзецьмі мужчынскага і жаночага полу, групамі па некалькі чалавек, накіроўваюцца у карчму, дзе пачынаюць гуляць і часта балююць да свету: п’юць, закусваюць, а часам і пяюць песні з прыпевам: “Ах ты ладо, моё ладо!

Перад заходам сонца старыя гаспадары з карчмы накіроўваюцца дамоў, склікаюць маладых хлапцоў і дзяўчат і прпануюць ім “объездить молодого бычочка, або жаребчика” калі такія ёсць. Для гэтага бяруць звычайна новыя сані, што яшчэ не былі ва ўжытку, запрагаюць у іх маладога бычка ці жарэбчыка, выводзяць у поле і там пачынаюць яго ганяць. Спачатку маладая жывёла, не адчуваючы асаблівага цяжару ў санях, імчыць з імі хутка, з усіх сіл, маладыя хлапцы і дзяўчаты ў гэты час бягуць за санямі, садзяцца ў іх і пачынаюць катацца. Часам маладая жывёла ад залішняй заўзятасці стамляецца, раптам спыняецца, але ўдары пугі, якія ідуць адзін за адным, прымушаюць яе ісці наперад. Язда працягваецца такім чынам, пакуль бычок ці конь не выб’цца зусім з сіл і канчаткова не стане. Тады толькі жывёлу вызваляюць ад хамута ці “вярма” і пускаюць на волю; сані ж застаюцца ў полі. Пры гэтым прыкмячаюць: калі жывёла ідзе дамоў бадзёра, то гаспадар задаволены, радуецца, калі ж пойдзе сумна, павесіўшы галаву, ці нават зусім сыйдзе ў поле, то гаспадар задумаецца і імкнецца хутчэй збыць яе з рук, бо такая жывёла, па меркаванні селяніна, нічога добрага наперадзе не не абяцае.

Увечары ў хаце гаспадара, у якога аб’язджалі маладога бычка ці жарэбчыка ладзіцца гулянка, на якую запрашаюць толькі блізкіх знаёмых і паважаных суседзяў. Часам некаторыя з больш прымхлівых гаспадароў, каб пазбегнуць псуты быдла ад кепскага вока ці ветру, запрашаюць знахара. Тут, падчас папойкі па коле, знахар шэпча нейкія словы і дае абяцанне, што ўсё па гаспадарцы, калі Бог дазволіць, будзе добра. Гулянка ідзе некалькі гадзін. Запрошаныя госці вып’юць гарэлки, закусяць, пагутараць пра гаспадарчыя справы і разыйдуцца па хатах.

Шейн, П. В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края : в 3 т. Т. 3 / П.В. Шейн – СПб., – 1902. – 535 с. с. 381 – 382. Пераклад з рускай А. І. Ляшкевіч:

У с. Спорава Кобрынскага павета існуе даволі камічны звычай ушаноўваць на масленым тыдні бабу. Гэта ўшанаванне адбываецца ў « тлустый четверг». «Внуки» збіраюцца натоўпам да сваёй бабы (жанчыны-парадзіхі, у якіх баба прымала дзяцей пры іх нараджэнні, у адносінах да гэтай бабы завуцца ўнукамі), урачыста выводзяць яе з хаты, садзяць на сані і самі возяць, катаюць яе па сяле з шумам, рогатам і песнямі. Баба не толькі не крыўдзіцца на іх за гэта, але лічыць гэта за вялікі гонар і ганарыцца гэтай пашанай. Пакатаўшы бабу па сяле, вязуць яе ў карчму, на частаванне. Там, акрамя багатай выпіўкі, пры якой выказваюцца бабе розныя зычэнні, і розных закусак, абавязкова вараць яшчэ «селянку». «Сялянка» гатуецца так: у гаршчок наліваюць смятаны, кладуць масла і вараць на агні, памешваючы, пакуль не злучыцца смятана з маслам. Потым выліваюць у міску, крышаць яшчэ туды трохі падсохлы сыр і «селянка» гатовая. Пачаставаўшыся ў карчме на славу, унукі зноў саджаюць бабу на сані і тым жа парадкам вяртаюць яе па месцы жыхарства. Гэты дзіўны звычай, здаецца існуе толькі ў адным с. Спораве. У іншых сёлах і вёсках нічога падобнага не бывае.

Wieś Komarowicze w powiecie Mozyrskim / przez Emmę Jeleńską. – Warszawa: Druk Józefa Jeżyńskiego, 1892. – 83 s. С. 76. Пераклад з польскай А. І. Ляшкевіч:

Запусты, Мясаед, як правіла, надзвычай вясёлыя. На працягу тыдня перад Вялікім постам забавы і гулянкі не спыняюцца. Тады таксама ядуць найсмачней, як бы робячы запас сіл і весялосці на доўгае і сумленнае трыманне посту.

У Папяльцовую сераду ўсе забавы спыняюцца, музыка змаўкае. Гэты дзень, аднак, не праводзяць ніколькі пабожна. Пасля масленічных застолляў усё, маладыя і старыя, жанчыны і мужчыны, ідуць гуртом да карчмы “zuby połoskać“, а пад вечар ўсе п’яныя і ледзь трымаюцца на ногах. Маладыя ж жанчыны, якія на працягу году нарадзілі дзіця, купляюць кварту гарэлкі і нясуць сваім бабкам, каб выпіць з імі разам і разам з імі сустрэць пост. Разам з Вялікім пастом у вёсцы настае цішыня; пачынаюцца палявыя работы.

Шлюбскі, А. А. Матар’ялы да вывучэньня фольклёру і мовы Віцебшчыны / А. А. Шлюбскі – Менск: Інстытут беларускае культуры, 1927. – 189 с. с. 60 – 63:

Апошні тыдзень перад Масленкай завецца “рабой нядзеляй”; па народным тлумачэнні завецца ён так таму, што ў гэты тыдзень дазваляецца есці малако і мяса, не пільнуючы пастоў – серады і пятніцы; на маслянку ж ва ўсе дні ядуць толькі малочнае не ўжываючы мяснога.

(Зап. А. А. Шлюбскі ў 1919 г. у в. Крутое Вязмёнскай в. Вяліжскага п.)

Апошні тыдзень “месаеда ці сва́дзябніц” перад маслянай у Суражскім павеце завуць “масьлянымі за́гвянамі”. У гэты дзень трэба кожнаму есці, як мага болей мяса і сала.

У пятніцу на Масленай гаспадары ездзяць на кірмаш у суседні горад ці мястэчка для закупкі розных гаспадарчых прыладаў. У апошні дзень Масленіцы – нядзелю – трэба есці сем разоў, па ліку тыдняў у Вялікім пасту, а адвечарам сям’я ў поўным складзе павінна загаўляцца. Пасля вячэры са стала нічога не ўбіраецца, а ўсё пакінутае на стале перш закрываецца абрусом, а потым хутрай з вывернутай уверх воўнаю; так робіцца для таго, каб увесь год у сям’і не было сварак. Кожны прыкмячае пакінутую на стале сваю лыжку, а на другі дзень глядзяць – чыя лыжка перавернецца, той у гэтым годзе павінны памерці.

(Зап. А. А. Шлюбскі ў 1920 г. у в. Кашавічы Кашавіцкай в. Суражскага п.)

 Вечары на масленым тыдні завуцца “сьвятымі вечарамі”. Удзень працаваць у гэты тыдзень дазваляецца, а ўвечары – нельга. Гульні робяцца галоўным чынам дзяўчатамі і хлопцамі. Яны “іграюць песьні, хараводы водзюць”… Жанатыя мужчыны і замужнія жанчыны ўдзелу ў гульнях не прымаюць ніякага; яны спяць, гавораць, ядуць… Больш рухавыя заняткі ім не дазваляюцца. Прычым есці можна толькі страву малочную і бліны.

Першы дзень паста завецца “кривэй панядзелак”. У гэты дзень пост, але гульні хлопцаў і дзяўчат не забараняюцца; яны толькі прыймаюць некалькі іншы характар; моладзь у гэты дзень з песнямі ходзіць па суседніх вёсках.

(Зап. А. А. Шлюбскі ў 1919 г. у в. Гарадзец Будніцкай в. Вяліжскага п. са слоў непісьменнай маладзіцы (у дзяв. Якаўлевай).

 Моладзь ходзіць на ігрышчы, збіраецца на вуліцы, дзе гуляе ў розныя гульні, спявае песні і ездзіць на санках з гары; прычым санкі абавязкова трэба ўкрасці ў якога-небудзь суседа; дзеці ездзяць з гор на “маразянках”, якія робяцца такім парадкам: старое рэшата пераблутваецца ўнізе вяроўкай, накладваецца ў яго розных ануч, атрэп’я ад ільну, кароўяга гною і снегу, потым некалькі разоў рэшата паліваецца вадою і “маразянка” гатова.

У некаторых месцах час праводзіцца за загадваннем загадак, напрыклад, такіх: “яшная пасьцеля, залезный ток, сьвіней піраскок” (блін, скаарода, подмазка).

(Зап. А. А. Шлюбскі ў 1914 г. у в. Арлоўка Струнскай в. Полацкага п. са слоў непісмен. Дзяўчыны)

 У Полацкім павеце ў чацвер на Масленым тыдні замужнія жанчыны і дзяўчыны “спраўлялі Ўласа”. У сані, увабраныя папяровымі кветкамі, садзіцца гаспадыня якога-небудзь двара; санкі абкружаюцца жанчынамі і пасаджаную з песнямі вязуць па вёсцы. Конь і збрую таксама ўбіраюцца папяровымі кветкамі; іншы раз санкі цягне не конь, а жанчыны, і ўсіх мужчын, якіх яны сустракаюць на сваім шляху, жанчыны падымаюць на “ура”, за што тыя павінны плаціць грошы. Сканчваецца свята п’янствам. Улас іншы раз бывае перад Масленай, а іншы раз пасля.

(Зап. А. А. Шлюбскі ў 1913 г. у в. Іванова Вазнясенскай в. Полацкага п. ад Надзеі Шлюбскай 1863 г.н., пісмен.)

 

Пяткевіч, Ч. Грамадская культура Рэчыцкага Палесся / Ч. Пяткевіч; уклад. У. Васілевіча, Л. Салавей – Мінск: Беларуская навука, 2015:

Масьленны тыждзень альбо Масьленьніца (а на паграніччы Чарнігаўшчыны часам кажуць пад расійскім уплывам  Масьленная недзеля) надыходзіць у панядзелак пасля Запустак і лічыцца напалову святам, а, у прыватнасці, ад чацвярга па нядзелю ўключна, у дні, калі можна выконваць толькі самыя неабходныя работы, але без ужывання любых вострых прадметаў, гэтаксама, як і ў святыя вечары пад час калядаў. Гэта сапраўдны карнавал: хоць і нядоўгі і пазбаўлены любімай сьвінінкі і саланінкі, аднак іх недахопу нават найвялікшы гурман і абжора не адчувае, дзякуючы дастатку пульхных бліноў з грачанае мукі, якія плаваюць у масле, а таксама клёцак і разнастайных піражкоў з сырам, таксама шчодра залітых маслам. Малочны прадукт у гэтым выглядзе не надта свежы, але, добра закансерваваны летам, вельмі доўга нічога не губляе ў сваёй вартасці. Пры нерацыянальнай гаспадарцы палешука дойная карова зімою лічыцца вельмі рэдкай з’яваю, не кажучы ўжо пра слабы надой, што нават сцвярджаецца ў прыказцы: Мілаго госьця зімою частуюць малаком, а весною медам. Таму гаспадыня, якая ў гэты час, апроч салёнага сыра і масла, можа мець яшчэ і свежую смятану да бліноў, вельмі гэтым ганарыцца. Зрэшты, дзеля разнастайвання абрадавых страў служыць свежая рыба і печкуры, засмажаныя на масле ці на алеі, якіх было поўна ў шматлікіх багністых рэчках і азёрках пасярод балот перад іх асушэннем. Акрамя гэтага, над усім пануе гарэлка, не толькі проста з карчмы ці з бровара, але і палепшаная дома. Пасля гэтага тыдня хваробу страўніка атрымліваюць часцей, чым пад час іншых свят на працягу году, пра што лепш вядома ў памешчыцкіх дварах, якія заўсёды давалі рыцынавы алей і іншыя лекі, звернутым па іх сялянам.

Пасля гэтага ладзяць гульні і забавы, магчымыя ў гэтую пару году; удзень моладзь робіць каток на лёдзе альбо на снезе, а калі здараецца хоць невялікая адліга, то бавяцца ў снежкі – у гэтай забаве часам бяруць удзел і старэйшыя, а там, дзе ёсць узгоркі, робяць сумесны з’езд з іх на саначках, пры гэтым дзяўчаты спяваюць:

Масьленьніца дарагенька,

Павазі нас харашэнька:

Па беламу сырочку,

Па зелёнаму барочку…

У іншай песні робяць закіды Масьляніцы, што не спрыяла ім у замужжы:

Масьляніца міла

Дзевак падманіла,

Хлопчыкі гулялі,

А замуж не ўзялі…

Вечарамі разыгрываюць маскарад, які не падобны ні на адну з камедый, дзе некалькі постацяў аб’яднаныя агульным сюжэтам, хаця б як у навагодняй казе; кожны ўсё робіць індывідуальна, без усялякага гурту, паасобку выступаюць у імправізаваных ролях, як, напрыклад: дзед, смерць, цётка масленіца, чараўніца, чорт і падсвечаны ліхтаром чэрап (мертвецкая ліхтарня) .     

Дзед (Дзед Мароз). Апранаецца ў яго вышэйшы ва ўсёй вёсцы хлопец, гэтаксама, як і ў навагоднім абрадзе, але валасы і бараду мае значна даўжэйшую. Ён, незапрошаны, з’яўляецца на вечарынку да дзяўчат падчас нейкай забавы ці гульні і, скардзячыся на холад, і кожную з іх, па чарзе, просіць дазволу пасядзець каля яе: Мая галубка, мая саколка, нехай жа я каля цебе паседжу да пагрэю свае старэнькіе костачкі. Калі ўсе адмовяць (што найчасцей і бывае), то дзед мусіць неадкладна сыйсці, бо калі ён гэтага не зробіць, то дзяўчаты агульнымі намаганнямі выкінуць яго з хаты і запазуху напіхаюць столькі снегу, колькі змесціцца. Таму таварышы пільнуюць на вуліцы, каб у крытычны момант стаць на яго абарону, але часамі здараецца і пры ўваходзе дзеда ў хату ўцякаюць, пакідаючы яго на шчаслівую долю.

Смерць (Цётка Касьцея альбо Кастамаха). Апранаючы хлопца, пакрываючы яго ад шыі да ступняў старым радном і накладваючы маску з бярозавай кары, але на гэты раз, таксама як і пры іншых жартах, акрамя дзеда з казой, белым бокам навыварат, каб на гэтым фоне выразней падкрэсліваліся ўсе размалўёкі і стракатасці вугалем. Да галавы прымацоўваюць валокны канаплі ў якасці доўгіх, да пояса валасоў, а ў руку даюць штучную касу. З’яўленне такога страшыдла пасярод вясёлай моладзі выклікае замяшанне і пярэпалах не толькі роблены, але і сапраўдны. Дзяўчаты і нават старэйшыя жанчыны з пранізлівым крыкам уцякаюць, але гора цётцы Касцеі, калі насуперак чаканню якойсьці з вясельных нявест удасца ўзбунтаваць усіх астатніх супраць няпрошанага госця, бо тады справа вырашаецца на снезе гэтак, як і з Дзедам Марозам, да вялікай радасці пераможцаў. Часамі такі шалапут раптоўна заходзіць у першую лепшую хату і палохае такой неспадзянкаю жыхароў, то знянацку высоўваецца з укрыцця, каб заступіць дарогу нейкаму гурту ці асобнаму мінаку, што выклікае пракляцце на “нячыстую сілу”.

Цётка Масьленьніца. Вострая на язык маладзіца прыбіраецца ў белую сярмягу ці ў новы белы кажух і, прыладзіўшы сабе з фарбаваных на белае канапель валасы настолькі доўгія, наколькі дазваляе ўжытае дзеля гэтае мэты валакно, ходзіць ад хаты да хаты з кубельцам, нібыта поўным сыра з маслам, як сімвал маслянага тыдня, выпраўляючыся частаваць гэтым усіх; але на самой справе толькі збірае даніну за свае баечкі і дасціпныя анекдоты.

Чараўніца (ведзьма) выступае з раскудлачанымі валасамі і ў масцы з бярозавай кары, дзівакавата спярэшчанай вугалем. Уваходзячы да каго-небудзь, яна трымае ў руцэ хлебную лапату, робячы выгляд, што заляцела на ёй праз комін. Яна вымушана як мага хутчэй выбірацца, нягледзячы на запэўніванні, што на гэтым тыдні яна не можа зрабіць нічога дрэннага, і калі пасля атрымання належнае даніны яна працягвае сваё знаходжанне, яе абліваюць памыямі, лічачы гэты сродак як найбольш эфектыўны нават супраць сапраўдных ведзьмаў.

Чорт. У яго постаць прыбіраюцца надзвычай рэдка, баючыся заклікаць такім чынам у хату сапраўднага сатану, якога нельга будзе пазбыцца: Чалавеку не можна прыкідацса чортам, бо зараз прыстане справедлівы чорт, катораго нічым не выкурыш. Можна пераапрануцца ў чорта спецыяльна з той мэтаю, каб у яго абліччы пайсці да найвялікшага ворага і, помсцячы, прадказаць, што той будзе мець сапраўднага чорта. Да чорнай кудлатай шапкі, якая завецца кучма, прымацоўваюць два казіныя рогі, альбо штосьці падобнае да іх, пашытыя з чорнага сукна і выпханыя, апранаюць кажух, вывернуты воўнай наверх (пажадана чорны), а твар і рукі фарбуюць сажаю з тлушчам.

Мертвецкая ліхтарня. З гарбуза велічынёю прыблізна галавы чалавека пасля адразання з боку кветкі каля адной пятай часткі ўсёй яе даўжыні выразаюць з дапамогаю аднаручнай склобкі, пакідаючы толькі як мага танчэйшую цвёрдую скарынку, у якой праразаюць дзіркі, нібы два вокі, нос і губы з зубамі. У ніжнюю дзірку гарбуза ўстаўляюць драўлянае дэнца з запаленай васковай свечкай, а карэньчык зверху служыць рукаяткаю пры нашэнні гэтага ліхтара. Полымя свечкі слаба асвятляе ўсю тонкую шкарлупіну, і на гэтым фоне яскрава выдзяляюцца ўсе адтуліны, робячыся падобнымі да галавы мерцвяка. Яна служыць для таго, каб падурыцца падлеткам падчас цёмных восеньскіх вечароў; на масляным жа тыдні яе, каб папужаць, выкарыстоўваюць і старэйшыя дзецюкі. Штукар альбо шалапут носіць яе з запаленай свечкай пад крысом, каб неспадзяввана паказаць яе каму-небудзь спатканаму, які заўсёды мусіць сплюнуць і прабурчэць: Згінь ты, прападзі, нечыстая сіла! Паказваюць яе, таксама знянацку, праз вакно сабраным у хаце на вечарынцы. Іншым часам падлеткі сумесна падпільноўваюць паблізу могілак людзей, што вяртаюцца познім вечарам з кірмаша, каб ім раптоўна паказаць ліхтарню, стварыўшы хвіліннае замяшанне.

У апошні дзень гэтага тыдня, у нядзелю, дзяўчаты – гуртамі ў вялікіх вёсках, а ў малых – усе разам робяць выправы да хлопцаў. Спаткаўшы аднаго ці некалькіх разам мінакоў, расцягваюць перад ім чырвоную акрайку, што з’яўляецца заклікам адкупіцца за змарнаванне вясельнага сезона: Не пажэніліся, дак нехай жэ за тое плацяць. Гэты штраф настолькі малы, роўны некалькі грошам, называлі некалі адчэпнóе; кажуць: Трэба даць дзеўкам адчэпнóго, нехай не лезуць у очы, але часта бывае такі значны, што дастатковы на ігрышчэ.

Старэйшыя на працягу ўсяго тыдня, акрамя яды і выпіўкі, а таксама кармлення і паення свойскай жывёлы, гуляюць у карты, але ніколі на грошы, а толькі каб забіць час; зрэшты, раней ніводзін паляшук нават не ведаў, што можна гуляць на грошы, а толькі пасля прыгону, дзякуючы знаходжанню ў войску і ў турмах, ён даведаўся пра гэта і пра шмат якія іншыя дасягненні. Толькі ў апошні дзень, які завецца Запускі, ён увесь час прысвячае празмернай ядзе і выпіўцы, часта аж да страты прытомнасці.

Пасля апошняй вячэры гаспадыня старанна мые і шаруе усё кухоннае начынне, дагэтуль ужыванае, і выносіць яго ў камору, дзе яно застаецца некранутае ажно да велікодных святаў, а памыі, разам з рэшткамі вадкіх страў вылівае ў памыйніцуюЗатым як найстаранней вымятае хату, а смецце і розныя ападкі ежы выносіць на вуліцу і кідае на вязку саломы, загадзя прынесенай кім-небудзь з сямейнікаў. Тады гэтую салому ўрачыста падпальваюць, а калі яна згарыць дашчэнту, кажуць: Шабáш! Масьленьніца згарэла!

Падрыхтавала Алена Ляшкевіч