У ЛЮБАНСКІ РАЁН ДА СПЯВАЧАК ГУРТА “ПАВАЛЯКІ”
тэкст Кацярыны Аракчэевай
У траўні ўдзельнікі спеўнага гуртка СЭТ завіталі ў вёску Обчын Любанскага раёна да калектыва “Павалякі», каб вывучыць архаічныя песні ад носьбітаў традыцыі, пераняць ад іх манеру народнага спеву. Пагаманіць і паспяваць разам пагадзілася найстарэйшая спявачка ў гурце, Вольга Іванаўна Дастанка, якая хутка будзе адзначаць 85-годдзе.
Рыхтуючыся да нашай сустрэчы, Вольга Іванаўна, як яна сама прызналася, “цэлу ноч спявала, на валасок ні заснула”. Узгадвала песні, якіх набралося каля трыццаці (аркуш з сшытка, ушчэнт спісаны назвамі песень).
Ноч, сонная вёска, квітнее бэз, усе вокны пагаслі, і толькі ў адной хаце свеціцца вакенца. Там ноч напралёт спявае жанчына, якая пражыла доўгае, непростае жыццё, і ў гэтых песнях – увесь яе лёс. У вясельных песнях – як выходзіла замуж, а песні потым пераймала ад сваёй свякрухі, а тая мела 8 дзяцей, то як усіх перажанілі, тады і песні вывучыліся. Да свякрухі таксама ёсць некалькі песень : “У цёмным лесе мядзведзь ракае, будзе табе, Волечка, свякроў плахая. Ніхай сабе плахая, абы гаваркая. Яна будзе гаварыці, то я буду наравіці, яна будзе крычаці, а я буду маўчаці, яна будзе злавацца, то я буду смяяцца, яна будзе плакаці, а я суцяшаці. Я таму мядзведзю саладзін падкіну, я сваю свякроўку ў пярыны ўкіну. Ніхай сівы мядзведзю саладзіну смокча, ніхай мая свякроўка ў пярыне квохча”. У жніўных песнях – пра цяжкую працу, але і пра радасць ўраджая. “Усё жыццё праспявала. Я працавала даяркаю, іду па ферме – то кароўнік звініць. Потым перайшла на свінарнік – свінарнік звініць”. У вясковых рамансах – пра трагічнае каханне. У галашэннях на Радаўніцу – невымоўная туга па памерлых. У прыпеўках пад гармонік – народны гумар і весялосць. “Пойдзеш спяваць – дак хаця гора забудзеш. Перш песні спяваеш, а далей галосіш. Дый так і жывеш”
Размовы і спевы з Вольгай Іванаўнай пакінулі нам моцнае ўражанне. Яна таксама прыняла нас за сваіх і навучыла словам і напевам любанскіх песень. Разам са спявачкамі гурта “Павалякі” узгадалі пра традыцыю Зажынак і Дажынак, успомнілі танцы: “Крэпкого Адама помніш, яны сіратамі гадаваліса? Усягды ён босы на вечарынкі хадзіў, не было чаго на ногі адзець. І ніхто з ім не хацеў танцаваць (ну чаго босы?) А падыходзіць да мяне: “Пайшлі?” – “Пайшлі!” Тады чатыры пары як зробіць кальцо, дык выйдзеш “пад шумам” пасля полькі.” У нашых вёсках яшчэ засталіся спевакі, ад якіх можна павучыцца, і сувязь з імі, хаця б і праз адно пакаленне, яшчэ ёсць магчымасць усталяваць.
Прапануем вам некалькі песень у выкананні Вольгі Іванаўны.