ЛЕГЕНДАРНАЯ СПЕЎНАЯ ВЁСКА ГАЎРЫЛЬЧЫЦЫ

тэкст Кацярыны Аракчэевай

Наша знаёмства з песеннай традыцыяй вёскі Гаўрыльчыцы Салігорскага раёна пачалося з захаплення песнямі ў запісах 1988 года пад рэдакцыяй Таццяны Песнякевіч на рэспубліканскім радыё. “Ой да сонца да яснае” ў выкананні мужчынскага хора,  вясельныя песні “Ды казала козка, воўка не баюся” і “Сыпце пшаніцу” – гэта агульнавядомыя “хіты”. На занятках спеўнага гуртка СЭТ развучвалі гаўрыльчыцкія вясельныя песні і захапляліся філігранным майстэрствам і чысцінёй выканання. Урэшце саспела жаданне з’ездзіць у легендарныя Гаўрыльчыцы і асабіста пазнаёміцца са спевакамі і музыкамі, якія доўжаць музыкальную традыцыю бацькоў і дзядоў. Сустрэча з народным калектывам сям’і Бойка адбылася.

Гучыць неверагодна моцны, унікальны, гучны голас - гэта Мікалай Аляксеевіч Бойка. Ён запявае большую частку песень, якія выконвае самабытны калектыў. Падводзіць высокім голасам яго свацця Вольга Іванаўна, яна спявала і на запісах 1988 года. Хор гучыць на ўсе фарбы і адценні галасоў, і гэтыя спевы вельмі моцныя па эмацыянальным уздзеянні на слухачоў. Недарэмна ў 1994 ансамблю прысвоена званне “народны”.

А нараджаўся ансамбль у далёкія 60-я, калі Мікалай Аляксеевіч Бойка, які ў арміі навучыўся іграць на баяне, пачаў кіраваць Домам культуры ў роднай вёсцы Гаўрыльчыцы. Сын Валерый, дочкі Ірына і Святлана такасама спяваюць. “А яшчэ больш разросся наш ансамбль у 1986 годзе, калі я сам пасля арміі атрымаў музычную адукацыю, — расказвае Валерый Бойка. — І тады да нас далучыліся пляменнікі Валодзя і Сцяпан, цётка Ксенія, Алеся, Яня і многія іншыя. Так вось ужо на працягу столькіх гадоў мы спяваем разам”.

Словы не апішуць гасціннае гаманкое палескае застолле, якім сустрэлі нас гаспадары – грае гармонік, л’юцца песні, шуміць бяседа пра даўныя і цяперашнія часы. Распавядаюць, як раней праводзілі абрад «Закалыхванне». Ў гэты дзень збіралася моладзь, і на вялікім дрэве вешалі калыску. І на ёй, як кажуць, трэба было закалыхацца, каб год прайшоў удала. Хлопцы бралі ручнік і высока-высока яго разгойдвалі. На пытанне, чаму зараз моладзь не цікавіцца традыцыямі, спевакі адказваюць, што змяніўся час, з’явілася радыё і тэлевізар, а ў гарманістах для вясковых клубаў няма патрэбы… Але ў Гаўрыльчыцах рады таму, што бачаць у сябрах СЭТ сваіх аднадумцаў, бо цікаўныя да народнай культуры людзі, як магніт, прыцягваюцца адно да аднаго.

А потым сын Валерый узгадвае семейную легенду, як бацьку Мікалая Аляксеевіча, тады яшчэ немаўля, ўратаваў яго моцны голас падчас нямецкай аблавы. “Жыць дык жыць” – пацвярджае Мікалай Аляксеевіч і заводзіць новую песню сваім гучным голасам.

 

 "І туды гара, і сюды гара" (бяседная)

"Ой у садзе, у садзе дарожка ляжала" (бяседная)

"Ой зялёная рута да каля плоту стаяла" (вясельная)

"Ой ты груша мая раскудравая" (бяседная)

"Казак коніка вядзе, а дзяўчына кліча" (бяседная)

"Незаметна, незаметна годы пралятаюць"(бяседная)

"Чарка на пасашок"