САЛАВЕЙКО МОЙ ЗАЛАТЫ. У гасцях у Марыі Гаўрылаўны Насановіч

Прапануем вашай увазе матэрыял сяброў СЭТ Кацярыны і Міхася Аракчэевых пра цудоўную спявачку Марыю Гаўрылаўну Насановіч.

Знаёмства наша пачалося з таго, што Сяргей Георгіевіч Выскварка, даследчык традыцыйнай народнай культуры Любаншчыны, прапанаваў з’ездзіць да цудоўнай спявачкі з адметнай манерай выканання – Марыі Гаўрылаўны Насановіч, у вёску Палічын Любанскага раёна. Традыцыйных спеўных асяродкаў у Любанскім раёне амаль дзесяць і іх колькасць павялічваецца. Але Марыя Гаўрылаўна – асаблівы выпадак, выключэнне, дыямант на зорным небе.

РУСАЛКІ

Мы прыехалі ў Палічын якраз пасля Русалля, і Марыя Гаўрылаўна спела “Русалку”:

Правяду русалачку я да броду,

А сама вярнусь я дадому.

Каб наша русалачка па жыту не хадзіла,

Каб наша калосейка не ламіла.

Бо наша жыцейка танюсенька,

А ў каласочках таўсцюсенька.

Правялі русалочку мы да броду,

А самі вярнулісь дадому.

А потым прагучалі расповеды пра тыя казачныя часы, калі русалкі жылі паміж людзей: “А русалка была, была. Я сама бачыла. У лесе суніц было многа, мы збіралі, і ўцякалі ад русалкі. Мы баяліся яе – доўгія валасы рыжыя, у белай адзежы; ці русалка, ці мо хто зрабіўся…”

КАЛЯДЫ

Распавяла Марыя Гаўрылаўна і пра колішняе калядаванне – “Мы дзецьмі хадзілі, па 14-15 год. Адзін хлопец іграе на гармоніку, другі на якой цымбале. Дык там любата была! Так танцавалі, так гулялі! Мы ўжо нават пілі гарэлку. Нам харошая жанчынка Мар’я наліла, прыгатавала есці, стол паставіла, чорнага сала кусок палажыла (раней не свінні былі, а дзікі). Але было, што і да ўсяго даходзіла: калі хто не падарыць, таму : “Ух, я табе, дзядзька!”

ДЗЯЦІНСТВА

Марыя Гаўрылаўна нарадзілася ў в. Бобрык Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці, і у дзяцінстве з маці пераехала на Любаншчыну. Тут не атрымоўвалася спяваць з мясцовымі жанчынамі, бо “яны гарадзяцкія, а я ж гомельская. У іх усё роўна не той маціў. Я не магу. За тое я з нікім не пяю – я адна” – расказвае спявачка. Спеўную манеру пераняла ад маці, якая таксама была выдатнай пявунняй. Адбылася цікавая з’ява – кансервацыя петрыкаўскай манеры спеву ў любанскім асяроддзі. Спявала Марыя Гаўрылаўна разам з маці: “Пойдам у ягады, пасядзем у лесе, да як запяём! Мама кажа: “Падымай уверх!” Ну, голас падымай вышэй. Мама мая красіво пяе, яна басіць, а я падводжу”.

ГАЛАШЭННІ

“Толькі як мамка наша памерла, я дзяржалася за яе ручачкі і ўсё прасіла: – А мамка мая, а салавейко мой залаты, а галубка мая, а ластачка мая міленькая, а куды ж мяне пакідаеце, а каму ж я тут трэба на чужыне? Хто ж мне і дробныя мае дзеткі паможа гадаваць? – Уся вот самая жаласная такая прамова. Мы ўдваіх з сястрой, мо гадзіну, а мо і больш. Хто як умее галасіць, прычытваць.”

СПЕВЫ

Спеў Марыі Гаўрылаўны – гэта суцэльная імправізацыя, кранальнае распавяданне зместу песні з дапамогай моцнай музычнай хвалі з пералівамі, багатай меладычнай арнаментыкай. Падабаюцца спявачке творы, пранікнутыя драматычнымі фарбамі, сумныя песні пра каханне, дзе так кранальна гучаць яе яскравыя імправізацыі. Любімыя яе песні – безумоўна бяседныя. Бо моваю мелодыі ў лірычных песнях можна перадаць невыказанае да канца словамі хваляванне сэрца…

Прапануем вашай увазе некалькі песень у выкананні Марыі Гаўрылаўны.