Краснаполле. Песні з экспедыцый.

Экспедыцыя ладзілася ў два этапы. У жніўні 2018 года адбылася тыднёвая “выведка”. Праз год – паўнавартасная 2-х тыднёвая выправа. Мы даследавалі ўвесь раён, таксама завіталі ў памежныя вёскі Касцюковіцкага раёна. Шукалі мясцовых старажылаў, пыталі пра “даўнейшае жыццё”. Запісвалі спевы, расповеды, фатаграфавалі дакументы і рэчы.

Чарнобыль

Краснапольскі раён – гэта самы ўсход краіны. Тут няма чыгункі, побач мяжа з Браншчынай. На першы погляд усё звычайна: жывуць людзі, ездзяць машыны, з цяжкасцямі, але ловіць інтэрнэт. Мясцовыя ходзяць у лес, саджаюць гароды, частуюць гасцей яблыкамі і грыбамі.

У раёне найбольшая колькасць адселеных вёсак – 58. Чарнобыль прыйшоў сюды 35 год таму і застаўся. Час моцна запаволіўся. Мяжа “абжытага” і “адпушчанага на волю” бачная надзвычай добра. Палі маюць назвы вёсак, якія калісьці стаялі на іх месцы. Аграменныя хаты валяцца, не маючы надзеі быць прададзенымі “пад дачу”.

Чарнобыль падзяліў жыццё тутэйшых людзей на “да” і “пасля”. Традыцыйнае апынулася жывучым. Магчыма праз беднасць, аддаленасць ад вялікіх гарадоў, асаблівы сум па часах “да аварыі”.

Экспедыцыя

Экспедыцыйны запіс цікавы момантам. Найчасцей даследчык – чалавек чужы –  узнікае ў жыцці інфарманта раптоўна. І мае ўсяго некалькі гадзін на размову. У гутарцы пытаемся “даўнішнія песні”. Але большасць суразмоўцаў не спяваюць штодня, многія не спявалі шмат год. У такой сітуацыі, на запыт, чалавек спачатку ўзгадвае кантэкст, і ўжо пасля – уласна песню. У думках вяртаецца да абставін і людзей, ад якіх  чуў і вучыўся. Як правіла, песню суправаджае каментар, поўны фактаў  і эмоцый.

Для даследчыка гэты момант вельмі адметны. Людзі, якіх мы ніколі не бачылі, незнаёмыя рэчы, месцы, краявіды ажываюць. Мы слухаем і глядзім, далучаемся да чагосьці важнага.

У гэты момант традыцыя ажывае.

Спевы запісалі: Ірына Паўловіч, Аляксей Глушко, Кацярына Аракчэева, Вольга Зорычава, Максім Тамковіч, Любоў Дударэвіч, Антон Сівых, Вольга Семчанка, Марыя Варахоб, Аксана Кургузава, Алефціна Копаць, Таццяна Шылак, Кацярына Янкевіч, Ганна Заплатнікава, Анастасія Мандрык, Марыя Глушко, Ганна Шаруба, Віталь Шэвялевіч, Алена Шэвялевіч, Кірыл Котаў, Дзіяна Філіпчык, Наталля Альхова, Наста Гвоздзева, Ганна Шакель.

Кіраўнікі экспедыцый: Ірына Паўловіч (2019), Аляксей Глушко (2018)

Выданне падрыхтавана РМГА “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства”. У працы бралі ўдзел: Марыя Варахоб, Алесь Варахоб, Аляксей Крукоўскі.

Па матэрыялах экспедыцыі “Краснаполле-2019” створаны фотапраект “Вы чытаеце – хаты валяцца”  і дакументальны фільм “1 блін”. Успаміны герояў пра Чарнобыльскую аварыю ў праекце “Галасы адселеных вёсак”.  Таксама слухайце іншыя выданні з экспедыцый СЭТ.