Раўгеня: амаль забытая страва (відэа)

Майстар-клас зладзілі Ганна Пятроўна Рогач і Марыя Іванаўна Сарока з вёсак Ролічы і Золькі, што ў Вілейскім раёне. 

Раўгеня – беларуская традыцыйная страва, некалі пашыраная па ўсім паўночным захадзе краіны. Назва яе балцкая, ажно ў больш паўднёвых рэгіёнах колішняе Віленшчыны называюць яе і “саладухай”. Нягледзячы на колішнюю папулярнасць і адносную простасць рэцэпта, знайсці сёння носьбітаў, здольных да драбніцаў аднавіць працэс прыгатаваньня раўгені, ды й проста ахвяраваць часам на гэта, ня так і проста.

Дзве добрыя сяброўкі, Ганна Рогач і Марыя Сарока, першы раз сустрэліся даследчыкам з СЭТ яшчэ ў 2014 годзе. Тады, падчас экспедыцыі па Вілейскім раёне, бабулі з вёсак Ролічы і Золькі запомніліся як выдатныя апавядальніцы і спявачкі. Другі раз мы адкрылі іх нанова, дзякуючы няўрымслівай збіральніцы вілейскага фальклору Зінаідзе Губаравай-Крупскай. Акурат яна, пераказваючы асаблівасці вілейскай вясковай кухні, згадала пра “раўгеню” з самае поўначы раёна, на мяжы з Мядзельскім. І пра тых, хто можа адкрыць нам смак гэтай амаль забытай стравы.

І самі вілейскія бабулі, і іхнія маладзейшыя сваякі ахвотна распавядалі пра раўгеню. І з цікаўнасцю паставіліся да нашае прапановы дакументальна зафіксаваць кулінарны працэс. Мы здымалі яго ў некалькі прыёмаў, у 2016 і 2017 годзе.


Экспедыцыя СЭТ “Вілейка-2014”, фота С. Макарэвіча

Сёння, у 2021 годзе, аднае з тых цудоўных інфарматарак, Марыі Іванаўны Сарокі, ужо няма з намі. Але засталася памяць, памяць пра чалавека, памяць пра традыцыю, памяць пра раўгеню.

Аляксей Крукоўскі

У дадатку – жніўная песня ў выкананні Марыі Іванаўны і Ганны Пятроўны.

Таксама глядзіце і чытайце па тэме: Песні Вілейшчыны. З архіва Зінаіды Губаравай-Крупскай “Дай Бажа, каб хлеб удаўся”: мучныя стравы Пасожжа.