Купалле прымеркавана да дня летняга сонцастаяння, калі найбольшага росквіту дасягаюць жыватворныя сілы прыроды, у першую чаргу расліннасці, збажыны. Назва свята паходзіць ад старажытнага індаеўрапейскага кораня kup- (кіпець, палымяна прагнуць), суадносіцца з паняткамі “купацца”, “збірацца ў купу” (разам). У Беларусі адзначаецца 21-22 чэрвеня, а таксама 6-7 ліпеня (у залежнасці ад рэгіёну).
Неабходныя элементы Купалля – вялікае вогнішча, якое складалі і палілі ўсёй вёскай, купанне ў рацэ ці возеры, маніпуляцыі з кветкамі (плялі вяночкі, свяцілі, сушылі для лекавання на працягу года). У момант росквіту плодных сіл зямлі набывалі моц і зёлкі, якія збіралі ў гэты час усе, ад малога да старога. На працягу года купальскія зёлкі выкарыстоўвалі ад розных няшчасцяў і хвароб. У некаторых рэгіёнах Беларусі сустракаюцца звесткі, што замест вогнішча выкарыстоўвалі надраную горку крапівы, што сваімі ўласцівасцямі (джаліць, пячэ) сімвалічна замяняла вагонь. Святкаваць маглі не толькі ля вады, але і на ўзвышшы, на скрыжаванні дарог – месцах, што ў народнай свядомасці валодалі таямнічай сілай.
Раней для купальскага вогнішча ўсёй вёскай зносілі старыя рэчы. Паселішчы маглі спаборнічаць між сабой – у каго будзе большы вагонь і даўжэй гарэць. Рэшткі гэтага ўяўлення захаваліся і сёння, калі для купальскага вогнішча рыхтуюць старыя гумовыя шыны, якія добра і доўга гараць. Купальскае вогнішча распальвалі жывым агнём, які здабывалі шляхам трэння адна аб адну галінак. Сярод вогнішча мог знаходзіцца шост з колам на версе, лялька. Ляльку рабілі з саломы, у жаночай іпастасі, маглі насіць па вёсцы, тапіць, замест таго, каб спальваць. Калі вогнішча прагарае, шост з колам падае. Лічыцца, у чый бок “пакажа” кола, у таго да наступнага Купалля здарыцца ў жыцці нешта істотнае. Потым пачынаюцца скокі праз вогнішча. Калі пара скача разам, то глядзяць, ці не разнялі яны рук: калі не, то, мабыць, будуць разам.
Істотным момантам у святкаванні Купалля з’яўляецца сустрэча сонца. Нават у свядомасці сучаснай вясковай моладзі застаецца неабходнасць “гуляць да раніцы”. Узыходзячы пасля купальскай ночы, Сонца быццам бы “грае”. Кажуць, што “гранне”, “купанне” Сонца бачаць толькі шчаслівыя людзі. Апавядаюць, што яно некалькі разоў паказваецца з-за лініі гарызонту і хаваецца назад, распадаецца на некалькі вогненных колаў і злучаецца, вакол яго ствараецца вясёлкавае ззянне, яно пераліваецца рознымі колерамі… На Полаччыне ўзыход сонца сустракалі адмысловым абрадам “барана”, калі ўдзельніцы адначасова спявалі розныя песні каляндарнага і сямейнага цыклаў, “каб у наступным годзе ўсё было”.
Купалле святкуецца на ўсёй тэрыторыі Беларусі, як і Масленка, пераважна ў другасных формах. СЭТ ладзіць Купалле на аснове традыцый паўночнай Беларусі, якія спрабуе адаптаваць да сучасных умоў.