Мікольская свяча

Mikola_119 снежня – свята Мiколы зiмовага па праваслаўным календары. У некаторых вёсках Усходняй Беларусі адбываецца абрад пераносу свячы.

“Свяча” – гэта комплекс рытуальных прадметаў, што складаеца са свечкі, абраза і, у праваслаўных, ручніка, якім пакрыты абраз. Звычайна пераносіцца кожны год у новую хату. Перанос Мікольскай свячы можа адбывацца і ў дзень Міколы веснавога (22 мая па праваслаўным календары). Мікольская свяча з’яўляецца праявай культу Святога Мікалая. Даследчык Б. Успенскі адзначае, што геаграфічнае размеркаванне культу Вялеса на ўсходнеславянскай тэрыторыі суадносіцца з распаўсюджваннем культу Святога Міколы. На сённяшні дзень згадкі пра Мікольскія свечы зафіксаваны на тэрыторыі Магілёўскай і Гомельскай абласцей.

СЭТ падтрымлівае ўшанаванне Мікольскай свячы ў в. Новая Слабодка Клічаўскага раёна. У свячным комплексе тут – абраз-складзень: на асноўным – Мікола, на адкідным – Юр’я. Свячу пераносяць на Міколу зімовага, а на веснавога – збіраюцца ў хаце, дзе яна стаіць, і ладзяць застолле.

Калі ў вас ёсць пытанні ў гэтым накірунку, ці вы хацелі б да яго далучыцца, то пішыце на e-mail: set@ethno.by