
Традыцыйнае свята – гэта не толькі магчымасць добра пабавіць час, гэта ў поўнай меры пункт адліку, пераходная гадавая кропка, са сваімі адметнасцямі, атрыбутыкай, характэрнымі прыкметамі, песнямі.
Для сяброў СЭТ арганізацыя ды актыўны ўдзел у святах, максімальна набліжаных да традыцыйных – не толькі ўласная патрэба, але свядомы крок да іншых людзей і ў будучыню. Па-першае, мы намагаемся не зусім «ладзіць» Каляды ці Купалле, колькі пражываць іх, каб захаваць разам з атрыбутыкай і сутнасць свята. Па-другое, нам істотна стварыць асяродак, у якім сучасны чалавек не будзе пачувацца ашчэпкам у вялікім горадзе, без прывязкі да часу, а зможа напоўніцу адчуць сваю ролю ў сакральным дзеянні.
Спевы, танцы, гульні, традыцыйнае аддзенне ёсць часткай вялікага цэлага. Гэта добра разумее той, хто хоць раз быў удзельнікам святочных ці абрадавых дзеяў. Святамі адзначаны ў народным календары найбольш істотныя моманты ў гадавым коле, пераходы з аднога жыццёвага стану ў другі. Яны даюць нам больш глыбокае разуменне народнага светапогляду, дапамагаюць заўважыць і адчуць змены ў прыродзе, настрой той ці іншай пары. Святы – гэта радасць жыцця, што перажываецца супольна, вялікі эмацыйны ўсплёск, што натхняе.

КАЛЯДЫ
Каляды - гэта старадаўняя зімовая традыцыя, прымеркаваная спачатку да зімовага сонцавароту, а пасля і да Раства Хрыстовага. Святкаванні ў Беларусі распачынаюцца з 21-22 снежня. Калядаванне - гэта галоўны зімовы карнавал беларусаў: людзі перапранаюцца ў звяроў, міфалагічных персанажаў і ходзяць па хатах, нясуць радасць на ўвесь будучы год.

ЖАНІЦЬБА ЦЯРЭШКІ
Жаніцьба Цярэшкі - калядная абрадавая гульня нежанатай моладзі, што дасягнула шлюбнага ўзросту. Гульню дагэтуль памятаюць старыя людзі на поўначы Беларусі. Сутнасць жаніцьбы Цярэшкі заключаецца ў магчымасці для моладзі праявіць прыхільнасць адно да аднаго, знайсці сабе пару.

МАСЛЕНКА
Масленка — свята, якое спалучае элементы провадаў зімы і сустрэчы вясны. Масленку святкуюць амаль на ўсёй тэрыторыі Беларусі, але гэта пераважна другасныя формы, створаныя ў савецкі час па стандартных сцэнарыях. Месцаў, дзе можна пабачыць масленічныя святкаванні на аснове мясцовых традыцый (звычайна арганізаваных з падтрымкай работнікаў культуры), не так і шмат. Чытаць далей...

ГУКАННЕ ВЯСНЫ
Гуканне вясны - абрадавая дзея, што ў рэгіёнах Беларусі прымяркоўвалася да розных свят веснавога цыклу, а на Палессі гукаць вясну пачынаюць ужо з Масленкі. Да гэтага свята маладыя дзяўчаты развучваюць загукальныя песні, спяваюць іх на высокіх пагорках, просяць вясну прыйсці хутчэй. Гуканне вясны СЭТ святкуе ў Музеі Янкі Купалы ў Вязынцы (Маладзечанскі раён).

ПАХАВАННЕ СТРАЛЫ
Абрады ваджэння і пахавання стралы характэрныя для тэрыторыі рассялення племені радзімічаў (Пасожжа, сучасная Гомельская вобласць), а таксама сустракаюцца ў Брэсцкай вобласці (напрыклад, велікодны карагод “Стрылка” в. Бездзеж Драгічынскага раёна). “Вадзіць стралу” пачынаюць на Вялікдзень, а дзе-нідзе і на Благавешчанне. “Хаваюць” на Ушэсце (праз 40 дзён па Вялікадні). Чытаць далей...

ВАЛАЧОБНІЦТВА
Валачобніцтва - святочны абыход двароў, што здзяйсняецца на Вялікдзень. Вядучая роля ў гэтым абрадзе належыць мужчынам: яны запяваюць, граюць на музычных інструментах. Як і на Каляды, удзельнікі абыходу спяваюць адмысловыя песні (часта іх завуць “васолы”) гаспадару хаты, гаспадыні, іх дзецям, што пакуль не маюць уласных сем’яў. За гэта іх адорваюць пачастункамі. Згадкі пра валачобніцтва сустракаюцца амаль па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Чытаць далей...

КУПАЛЛЕ
Купалле прымеркавана да дня летняга сонцастаяння, калі найбольшага росквіту дасягаюць жыватворныя сілы прыроды.
У Беларусі адзначаецца 21-22 чэрвеня, а таксама 6-7 ліпеня. З Купаллем і купальскай ноччу звязаныя шматлікія абрады: запальванне вялізнага вогнішча, пусканне з гары кола, карагоды, спевы, варажба і збіранне зёлак. Чытаць далей...

ЖАНІЦЬБА КОМІНА
Абрад, што даўней здзяйсняўся двойчы на год (увосень і ўвесну), маркіруючы пачатак і канец перыяду запальвання агню ў хаце, хатніх прац.
Восеньская Жаніцьба коміна прымяркоўвалася ў розных мясцінах да розных дат: 11 верасня (дзень Івана Галавасека), 14 верасня (дзень Сімяона Стоўпніка), ці каля 22 верасня (дзень восеньскага раўнадзенства). Чытаць далей...

БАГАЧ
Багач - свята прымеркаванае да заканчэння збору ўраджая. Сімвалам свята лічыцца васковая свечка ў лубцы з жытам, што прыносіць у дом багацце і шчасце. Абрад скіраваны на захаванне дабрабыту, ураджайнасці, плоднасці жывёлы, сямейнага ладу. Захавалася толькі адно апісанне свята, зробленае на тэрыторыі Ігуменскага павета Адамам Багдановічам, бацькам знакамітага паэта, у канцы ХІХ ст. Чытаць далей...

ДЗЯДЫ
Дзяды -дні памінання памерлых продкаў. У розных рэгіёнах могуць прыходзіцца на розныя поры году, ці нават адзначацца некалькі разоў на год. Найбольш распаўсюджаная і вядомая традыцыя восенскіх Дзядоў, якія адзначаюць у пачатку лістапада, калі Дзядоў запрашаюць на вячэру ў хату. Чытаць далей...

МІКОЛЬСКАЯ СВЯЧА
19 снежня - свята Мiколы зiмовага. У гэты дзень у некаторых вёсках Усходняй Беларусі адбываецца абрад пераносу свячы. “Свяча” – гэта комплекс рытуальных прадметаў, што складаеца са свечкі, абраза і, у праваслаўных, ручніка, якім пакрыты абраз. Звычайна пераносіцца кожны год у новую хату. Перанос Мікольскай свячы можа адбывацца і ў дзень веснавога Міколы (22 мая). Мікольская свяча з’яўляецца праявай культу Святога Мікалая. Чытаць далей...