КЛАСТАР НА ГРУШАЎЦЫ

Артыкул Алены Ляшкевіч

З 2011 году офіс СЭТ месьціцца ў раёне станцыі метро “Грушаўка”. На пачатку і станцыі яшчэ не было, а была проста “менская Грушаўка”.

І вось, у восень у раёне “Грушаўкі” ўтварыўся сапраўдны культурны кластар: адчынілася крама-галерэя “Кніжная шафа”, Музей ката, а ў офісе Студэнцкага этнаграфічнага таварыства пачалі экспанавацца выставы сяброў таварыства.

   Грушаўка вядомая аматарам драўлянай і цаглянай архітэктуры сталіцы (якая часткова захавалася да сёння і можа лічыцца яшчэ адной атракцыяй культурнага кластару).

2015_19_Grushauka_C

У медыяпрасторы прагучала свята раёна, першае ў шэрагу такіх у мінскіх раёнах. І вось раптам у спальным раёне, дзе няма дзяржаўных устаноў культуры, – аж тры пункты, куды можна схадзіць. Два прыватныя – “Кніжная шафа” і Музей ката – адчыніліся не так даўно, у верасні. А вось офіс Студэнцкага этнаграфічнага таварыства атабарыўся тут ужо некалькі гадоў таму, але дасюль прапаноўваў пераважна навучальныя мерапрыемствы: гурткі па рамёствах і спевах, лекцыі, часам – кінапрагляды.

 

ЦІ МОЖА ОФІС ПРАЦАВАЦЬ ЯК ГАЛЕРЭЯ?

СЭТ экспануе працы сваіх сяброў. Ужо паказаны фотапраект “Блізкае далёкае”, дзе жанчыны выяўлены ў традыцыйных строях і ў сучасным аддзені, выстаўляліся лепшыя здымкі з летняй экспедыцыі па Ганцавіцкім раёне, а з 25 лістапада распачалася выстава “Нашы людзі”, дзе сябры Таварыства выяўленыя “пры поўным парадзе”, у святочных этнаграфічных строях і ў традыцыйным антуражы (на фоне вясковых посцілак). Выставачны кірунак у дзейнасці СЭТ з’явіўся дзякуючы сябрам таварыства, якія маюць мастацкую адукацыю і даўно жадалі зрабіць уласную выставачную прастору. Будучы грамадскай арганізацыяй, не музеем і не галерэяй, СЭТ не можа на цэлы дзень адчыніць офіс для наведвальнікаў, пасадзіць наглядчыка. Таму не дае вялікай рэкламы ні аб адкрыцці выстаў, ні аб іх працы. Даведацца пра выставы можна толькі на сайце арганізацыі ці на старонках СЭТ у сацсетках.

Па будніх вечарах на офісе заўсёды гурткі, таму тэарэтычна пабачыць фота можа кожны ахвотны.

2015_19_Grushauka_D

Арганізатары выставачнай прасторы каментуюць: “Мэтай выстаў было прадэманстраваць, што ў таварыстве шмат таленавітых людзей. Кожны сябра арганізацыі можа скарыстацца з выставачнай прасторы. Плануецца паказваць не толькі фота – напрыклад зараз, пад Каляды, рыхтуецца шыкоўная выстава выцінанкі”.

Фактычна дзейнасць СЭТ ніяк не змяняе культурную сітуацыю на Грушаўцы: мясцовых жыхароў на імпрэзах бачыць не даводзілася, хаця некаторыя суседзі сочаць за абвесткамі таварыства ў сацыяльных сетках. Але гэта хутчэй выключэнне, чым правіла.

 

“КНІЖНАЯ ШАФА” ДЛЯ МАЛАДЫХ МАМ ДЫ ІТ-ШНІКАЎ

“Кніжная шафа” (назва менавіта беларускамоўная) пазіцыянуецца як аб’яднаная прастора: кнігарня і фотагалерэя. Тут некалькі палічак з беларускімі кніжкамі, шмат прыгожай дзіцячай літаратуры, “разумныя” рускамоўныя кніжкі. Фота ў галерэі мяняюцца штомесяц, цягне заходзіць зноў і зноў. Зараз праходзіць выстава Дзмітрыя Аза “Беларускі Амбратып” (фота зроблены на шкляных пласцінках).

Праект “Кніжная шафа” вырас з любові гаспадароў да сваёй справы: дырэктар Анастасія Дудкова доўга працавала ў буйных выдавецтвах і марыла пра ўласную кнігарню. Яе муж Іван захапляецца фатаграфіяй, здымае на стужку. Пара вырашыла аб’яднаць свае захапленні ў супольнай справе.

2015_19_Grushauka_E

 

Уваход у “Кніжную шафу” з двара і знаходзіцца яна трошкі далей ад метро. Але крама-галерэя не губляецца: на фасадзе шматпавярховіка, у якім яна месціцца, пра яе паведамляе вялікая шыльда.

Кнігавыдавец Зміцер Вішнёў адзначыў: “Файна, што з’яўляецца ўсё больш пунктаў, дзе можна набыць беларускія кніжкі. Прыватным ці дзяржаўным кнігарням у цэнтры Мінску “…Шафа” не канкурэнт, бо знаходзіцца ў спальным раёне. А з часам грушаўцы прывучацца наведваць імпрэзы”.

Па чацвяргах у “Кніжнай шафе” кінапаказы, па пятніцах — беларускі размоўны клуб, па выхадных — зяняткі для дзяцей і іх бацькоў разам з групай “За чытанне” (даводзіцца нават дзяліцца на дзве групы праз вялікую колькасць наведвальнікаў). “Кніжная шафа” карыстаецца попытам у грушаўцаў. На заняткі па выходных прыходзяць маладыя маці, кажуць, што для іх гэта вялікая аддушына. Завітваюць жыхары суседніх дамоў, проста гуляючы з сабачкамі. Побач некалькі офісных будынкаў, таму частыя госці айцішнікі, купляюць добра аздобленыя кніжкі. Найбольш заходзяць у абед.

Што да моўных заняткаў, то і тут “Кніжная шафа” адмежавалася ад буйных канкурэнтаў. Як кажа супрацоўніца крамы Марыя Бадзей, на курсах “Мова нанова” ці “Мова tut” наведвальнікі збольшага пасіўныя: слухаюць лекцыі, музыку. Праўда, часам выконваюць практыкаванні. Сустрэчы ў “Кніжнай шафе” праходзяць па прынцыпе размоўных клубаў, якія ладзяцца і для вывучэння замежных моў: людзі увесь час кантактуюць між сабой. І да таго ж — ужо памянёная камерная атмасфера — запрашаюць звычайна да 15 чалавек.

 

У ЕЎРОПЕ – КОТАКАВЯРНІ, У МІНСКУ – КОТАМУЗЕЙ

Музей ката — прыватны праект. Гэта, хутчэй, галерэя, але з асаблівасцямі: творы мастацтва тут прысвечаны выключна кацінай тэматыцы. Уваход платны, а атмасферу ствараюць некалькі жывых коцікаў. Іх можна лашчыць, фатаграфаваць, нават забраць дадому, пры ўмове ўзнікнення ўзаемнай сімпатыі. Экспазіцыя абнаўляецца ды імкнецца да пэўнай тэматычнасці: “Каты ў горадзе”, “Halloween у Музеі ката”, “Каты на карцінах класікаў”…

Даведацца пра музей вельмі проста: рэклама ў вагонах метро і на станцыях, уласны сайт, сацыяльныя сеткі… Уваход блізка ад метро, добра бачны. Мабыць, наведвальнікі бываюць і з бліжэйшых дамоў, і на метро не лянуюцца прыехаць.

2015_19_Grushauka_F

“Каціная” тэма папулярная калі не ва ўсім свеце, то ў Еўропе дакладна. Часцей усё ж сустракаюцца “котакавярні”, дзе можна гуляць з катамі, але карміць забаронена, як і ў нашым “котамузеі”.

Напрыклад, вялікая частка кантынгенту “котакавярні” ў Вільне — гэта маладыя “прасунутыя” людзі, што жывуць на здымных кватэрах і не могуць сабе дазволіць завесці жывёлку. У мінскі Музей ката файна завітаць з дзецьмі. Творы мастацтва яркія, больш чым зразумелыя, некаторыя, можна сказаць, нават на мяжы кітчу. Але ж гэта не мастацкі, а котамузей! І сюды ідуць паўміляцца: “Вах, коцікі!”, а не любавацца каларытам і дасканаласцю кампазіцыі.

Сярод наведвальнікаў сустракаюцца закаханыя. Рамантычнае спатканне ў Музеі ката — міла, адразу добрыя асацыяцыі і агульныя прыемныя ўспаміны. Чаму не прыйсці яшчэ і яшчэ? Тым больш коцікі становяцца як родныя. Персанал з ахвотай распавядае пра характар кожнага: “Вось гэты кот кантактны, а гэты можа і падрапаць…”

 

*** Тры ўстановы пакуль не ўсведамляюць сябе кластарам, хаця і ведаюць аб існаванні адна адной. Напрыклад, падчас Месяца фатаграфіі, у якім удзельнічала і “Кніжная шафа”, кожная выставачная прастора прапаноўвала мапу з пазначэннем астатніх выстаў. Магчыма, калісьці такая друкаваная прадукцыя з’явіцца і ў кластары на Грушаўцы. Супрацоўніцтва магло б стаць наступным піяр-крокам.

Упершыню надрукавана ў газеце “Культура” № 50 за 12.12.2015 г.

Размяшчаецца са згоды аўтара.

 Фота: Алена Ляшкевіч, Ганна Якуш, Святлана Клепікава, Уладзімір Анджэліч, http://vk.com/knignaya_shafa, www.catmuseum.by