КАЛЕКЦЫЯ СЭТ. ФАРТУХ
Фота з архіву СЭТ. Тэкст: Наста Глушко.
Фартух – неад’емная частка народнага жаночага строю на Беларусі. Фартухі шыліся у некалькі полак (у дзве, дзве з паловай, тры ці нават чатыры) з даматканага палатна (пазней з куплёнага паркалю), аздабляліся вышыўкай, карункамі, фальбонамі, тасьмой. Выраблялі фартухі і з дарагіх “фабрычных” тканінаў, узорыстых даматканых, таксама сустракаюцца фартухі ў клетку і з набіванай тканіны.
Для кожнага рэгіянальнага строю фартух будзе мець свае характэрныя асаблівасці. Вар’іруецца колькасць і характар вышыўкі, размяшчэнне вышыўкі на палотнішчы фартуха, наяўнасць карункаў і асаблівасці тканіны. Так, напрыклад, на Магілёўшчыне любілі фартухі з фальбонай, на Гарадзеншчыне насілі фартухі з каляровай тканіны і ў клетку, на Палессі фартухі былі затканыя палосамі ці ўзорамі па ўсёй паверхні палатна, на Гомельшчыне ёсць варыянты, калі сумяшчаецца шматнітовае ткацтва з затканым арнаментамі нізам, у Старых Дарогах вышывалі арнаментальныя палосы процягам, а замест карункаў нашывалі махры.
Фартухі падзяляліся на штодзённыя, каля печы хадзіць, і святочныя – багата аздобленыя. З’явіцца без фартуха на людзях, тым больш перад мужчынам (які не стары дзед і не дзіця ), лічылася непрыстойным. У фальклоры фартух часта асацыюецца з жаноцкасцю, жаночай цнатлівасцю. Вось некалькі прыкладаў з жартоўных песень: “Каля печы хадзіла, фартушок прапаліла…”, “… Ой доню мая, чаго фартух рвецца, ой мамка мая, крухмал не ўдаецца…”
У калекцыі Сэт захоўваецца некалькі прыкладаў даўнейшых фартухоў і каля дзясятку больш позніх. Даўнія фартухі ў асноўным тканыя, пераважна з Центральнай Беларусі, некалькі адзінак вышываныя крыжыкам, з Палесся. Познія пераважна вышытыя гладдзю, прывезеныя з розных куткоў Беларусі. Даўнія фартухі валодаюць рэгіянальнымі асаблівасцямі, па іх крою, аздабленню можна паспрабаваць вызначыць да якога строю, этнаграфічнага рэгіёну яна адносяцца, тады як познія амаль не адрозніваюцца паміж сабою. Тут пераважаюць паліхромныя кветкі, даніна модзе таго часу, таму рэгіянальныя асаблівасці амаль не бачныя.
Калекцыя таварыства перыядычна папаўняецца новымі знаходкамі і рэчамі, перададзенымі ў падарунак. З апошніх здабыткаў у калекцыі з’явіўся строй з Лунінецкага раёну, цалкам ад адной гаспадыні, а таксама некалькі спадніц і фартухоў са Століншчыны, па якіх можна прасачыць як змянялася мода на працягу пакаленняў – ад прабабулінага андарака з фальбонай да матчынай спадніцы з саціну з атласнымі стужкамі.