ПОЛАЦКІ МУЗЕЙ ТРАДЫЦЫЙНАГА РУЧНОГА ТКАЦТВА ПААЗЕР’Я. Фотарэпартаж

Прапануем вам фотарэпартаж з Полацкага музея традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я, дзе сябры Таварыства пабывалі напачатку гэтага года.

Экспазіцыя музея цудоўны прыклад прэзентацыі гэтага віда народнай творчасці. Музей дасканала раскрывае тэму вырошчвання і апрацоўкі льну, а таксама традыцыйнага беларускага ткацтва ўвогуле. Апісанне вельмі падрабязнае і ахоплівае ўсе стадыі гэтага працэсу, яскрава адлюстроўваючы кожны этап адмысловымі экспанатамі.

Усе, хто цікавіцца тэмай, абавязкова знойдуць тут для сябе нешта новае і цікавае. Дасведчаныя экскурсаводы вельмі дэтальна распавядаюць пра ўсе этапы працы са льном, менавіта ў кантэксце светапогляду нашых продкаў: узгадваюць пра прыкметы, звязаныя з часам пасеву лёну: “Светлы дзень як вакно – урадзіся добрае валакно”. Альбо пра вячоркі-попрадкі, калі цяжкая праца магла перарывацца кракавякам, і пра кудзелю ўспаміналі, калі ўжо трэба было ісці дадому. Паказваюць і аўтэнтычны лепельскі строй. Дарэчы, экскурсію нам праводзілі Наталля Буркова і Стась Сілка – сябры вядомага полацкага гурта “Варган”.

Сярод эксанатаў асабліва ўражвае калекцыя рушнікоў, сабраных у рэгіёне Паазер’я. Прадстаўлены розныя тыпы малюнкаў – ад раслінных матываў да архаічнай арнаментыкі, пра семантыку якой таксама можна атрымаць грунтоўны цікавы расповед.

Калі патрапіце ў Полацк, абавязкова наведайце гэты музей (зялены дамок ХІХ стагоддзя). Знаходзіцца ён у самым цэнтры горада, арыентыр – помнік Еўфрасінні Полацкай.

Тэкст і фота Кацярыны Аракчэевай