«Жаніцьба коміна» на Палессі
Напярэдадні восеньскага раўнадзенства наведалі цудоўны абрад «Жаніцьба коміна» ў вёсках Радзілавічы (зараз Дзяржынск) Лельчыцкага раёна і Пагост Жыткавіцкага раёна. Мы былі глыбока кранутыя мясцовай — месцамі наіўнай, такой цёплай і шчырай — гасціннасцю вясковых людзей. Пабачыць «Жаніцьбу коміна» на ўласныя вочы і, тым больш, не проста ў выглядзе турыстычнай атракцыі, а менавіта сустрэцца з абрадам, прыняць у ім удзел — у наш час варта многага. Нават некаторыя моманты сцэнічнасці (што непазбежна ва ўмовах правядзення абраду ў клубе) выглядалі такімі мілымі і нават душэўнымі.
Чым больш бываеш у розных мясцінах Беларусі, нв розных святах, тым больш пачынаеш любіць і цаніць вясковых людзей. Тое, як яны радуюцца, калі бачаць, што да іх адмыслова едуць людзі, асабліва маладыя ў народных строях, каб наведаць і далучыцца да іх свята, выразіць павагу, — гэта вельмі кранае. Здаецца, што ў такія моманты яны самі пачынаюць адчуваць важнасць свайго свята і захавання традыцый. Моладзь бачыць, як людзі з усёй краіны едуць у іх вёску да іх бабуль, і, напэўна, ў іх сэрцах зараджаецца і расце гонар за сваю малую радзіму. А пажылыя бачаць, што іх справа недарэмная.
Асабіста для нас быў вельмі каштоўны досвед быць часткай сапраўднай вясковай бяседы. Нам і раней даводзілася бываць ля вясковых святочных сталоў, але заўсёды не ставала часу, трэба было хутка ехаць. А гэтым разам мы заставаліся начаваць у Пагосце, таму было дастаткова часу, каб традыцыйнае свята завяршылася так, як мае быць, — танцамі, прыпеўкамі, даўгім застоллем і песнямі. Для нас, як шчырых аматараў этнаграфіі, было вялікім гонарам стаць часткай гэтай падзеі і паспяваць разам з гэтымі жанчынамі, раздзяліць момант яднання жанчын з усёй вёскі, момант абраду.

Асабліва хочацца адзначыць, што такія паездкі даюць значна больш, чым проста знаёмства з абрадам. Тут можна і паспяваць з мясцовымі бабулямі, паслухаць іх гісторыі, даведацца ад мясцовага краязнаўцы пра старажытныя каменныя крыжы, якія захаваліся ў наваколлі і якія наўрад ці знойдзеш без чалавека, што добра ведае свае мясціны, чые продкі жылі тут не адно пакаленне. А яшчэ — патрапіць на экскурсію ад бортніка і пакаштаваць барцявы мёд. Гэта было сапраўды незабыўна: не проста пабачыць нешта цікавае, а адчуць жывую повязь часу, традыцый і людзей, якія іх берагуць.
Выказваем шчырую падзяку ўсім, хто нас прымаў і дапамагаў арганізаваць вандроўку:
Бяспалай Таццяне Адамаўне
Гамзовіч Рэгіне Станіславаўне
Лукашэвічу Валерыю Мікалаевічу
Сіваку Васілю Уладзіміравічу
Сівак Наталлі Мікалаеўне і ўдзельнікам фальклорнаму калектыву «Пралеска» з в. Дзяржынск
Торчык Ірыне Ціханаўне і ўдзельнікам фальклорнаму калектыву «Міжрэчча» з в. Пагост
Глушко Мар’я, Шаўчэнка Ксенія
Фота ўдзельнікаў вандроўкі
Больш пра падзею ў раённай газеце «Светлае жыццё» https://www.lelchitsy.by/2026/09/dzerzhinskij-selsovet-zhivaya-letopis-polesya/










