Дзяды. Традыцыя культу продкаў на Беларусі: ключавыя паняткі, лакальныя асаблівасці

206_150Фота: Міхась Раманюк. Радаўніца, в. Раздзялавічы Ганцавіцкага р-на, экспедыцыя 1989.

ДЗЕД — адзiн з ключавых тэрмiнаў традыцыйнай культуры беларусаў, абазначэнне iм шэрагу прадметаў i iснасцяў акцэнтуе важныя бакi iх семантыкi. Лексема Дзед, звычайна сустракаецца ў якасцi назвы зажынкавага снапа, зрэдку дажынкавага, спецыяльнай кладкі снапоў, абазначае апошнiя нязжатыя каласы — дзед (дзеду на бараду, дзедава барада”, “барада”)… Зажынкавы сноп рэпрэзентаваў сабой апекуна збожжа, гаспадара (“гаспадар” — варыянтная назва першага снапа), дзеда-продка, апекуна хатнiх спраў: “зажынкавы дзядок старажыць хаты, яго торкалi за абраз”.

Сэнсавае значэнне апірышча, падтрымкi, грунту, асновы закладзенае ў найменні дзедам апорнага слупа ў гаспадарчых будынках; прыстасовы, у якую ўстаўлялi лучыну для асвятлення хаты; Дз. называлi звязаныя снапы саломы, якiмi ўмацоўвалi край саламянай страхi. Характэрнае найменне “дзед” атрымаў пячны слуп — цэнтральны слуп жытла, з якiм самым цесным чынам звязвалiся ўяўленнi аб апекуне-продку. Спрыянне жывым, засцярога iх ад нячыстай сiлы дамiнуюць у матывацыi абазначэнняў праз лексему “дзед” (дзядоўнік) чартапалоху, суквеццяў лопуху, што актыўна выкарыстоўвалiся ў якасцi абярэгаў. Адметна, што беларускай мове было ўласцiвае ўтварэнне ад асновы “дзед” такiх паняццяў, як дзядзiнец — двор перад парогам, дзе, магчыма, даўней хавалi памерлых; дзядзіна, дзядзізна — Айчына (параўн. Бацькаўшчына), спадчына i нават нябеснае царства, рай, вечнае жыццё, што нiяк не супярэчыць мiфалагiчнаму субстрату гэтага тэрмiна [3, с. 145].

Дзеля наўпростага назову продкаў ужываюць найперш множны лiк — Дзяды, гэтаксама называецца i абрад памiнання нябожчыкаў, i сам гэты дзень, а таксама прымеркаваныя да рытуальнай вячэры стравы: “вот не наварыць дзедоў, аны і сняцца”.

У некаторых мясцінах Дзедам называліся хмары — ужо вылазяць дзяды, будзе дождж. Дз. — рэгулярнае значэнне галоўных персанажаў гульнёва-абрадавых дзеяў накшталт “Жанiцьбы Цярэшкi”, масленкавага пахавання Дз.і Бабы ды iнш., жабрака, нячысцiка. У беларусаў дзедка — захавальнік скарбаў; дзедзя гарыць — скарб свеціцца. Дзедам называюць і вясковага знахара, і таго, хто калоў на вёсцы парсюкоў. Галоўнай прыкметай усiх гэтых вобразаў выступае судачыненне са светам памерлых i звязаныя з гэтым мiфалагiчныя адценнi [3, с. 145-146].

 ДЗЯД´Ы, мн. 1. Памерлыя продкі. 2. Календарна замацаваныя памінальныя дні, прысвечаныя ушанаванню продкаў (“дзядоў”) агулам (у адрозненні ад каляндарных індывідуальных памінак, што адлічваюць ад дня смерці – траціны, дзевяціны, саракавіны, паўгады, год і т.п.). 3. Рытуальныя стравы, прымеркаваныя да свята.

Дзяды святкуюццу па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Лакальныя традыцыі ў святкаванні Дз. адрозніваюцца тым, у якія дні тыдня спраўляюць кожныя Дз., колькі разоў на год і калі менавіта спраўляюць Дз., як называюцца кожныя; якія з Дз. лічацца галоўнымі, ці уваходзіць Радаўніца ў лік Дз., ці ходзяць на могілкі на Дз.; як спраўляюць Дз. дома – ці гатуюць памінальную вячэру ці палуднуюць, з якой колькасці і якіх менавіта страў складаецца, ці гатуюць адмысловую памінальную страву (сыту, канун, коліва, куццю), ці пакідаюць вячэру нябожчыкам, што робяць з рэшткамі памінальнай вячэры; ці запрашаюць Дз. на вячэру, ці праважаюць Дз., ці назіраюць за іх прыходам і трапезай; якіх забаронаў прытрымліваюцца ў гэтыя дні.

Дз. часцей за ўсё адзначаюць (адпраўляюць, робяць, спраўляюць, строяць, ставяць):

  • У канцы памінальнага (дзядовага) тыдня мясаеду перад Вялікім пастом, г.зн. у пятніцу-суботу перад сырапуснай (масленай) нядзеляй.
  • Пасля Вялікадню перад Радаўніцай (Провадамі) часцей за ўсё ў панядзелак на Фаміным тыдні (альбо напярэдадні, у нядзелю ці суботу ў залежнасці ад дня, калі адзначаюць Радаўніцу ці Провады): Радасныя Дз., Радонецкія, Радонішскія, Радоўнічныя, Радоўніца, Велікодныя Дз. і інш.
  • У суботу, пятніцу-суботу альбо чацвер-пятніцу-суботу перад Сёмухай, Тройцай: Духавая субота, Сёмічныя Дз., Сёмушныя Дз., Срэдні Дз., Тройчаны Дз., Траецкія, Духаўскія, Стаўроўскія (на Палессі) і інш.
  • У пятніцу-суботу перад Дзмітрыевым днём (26.Х/8.ХІ): Багародзічныя, Дзімітравы, Дзмітрыевы, Змітроўскія, Змітравы, Казанскія.
  • У пятніцу-суботу перад святам Кузьмы і Дзям’яна (1/14.ХІ): Кузьміны, Кузьмы-Дзям’янавы, Кузьміныя.
  • У пятніцу-суботу перад Міхайлавым днём (8/21.ХІ): Міхайлаўскія, Міхайлавай недзілі Дз., Асяніны, Міхальскія Дз.;
  • Піліпоўчаныя, Піліпаўскія, Розьдзвяныя Дз., перад пачаткам посту (15/28.ХІ)

 Восеньскiя Дз. (Мiхайлаўскiя, Пiлiпаўскiя, Змiтраўскiя, Вялiкiя, Асянiны, Тоўстая вячэра, Хаўтуры) адзначаюцца ў лiстападзе, у розных рэгiёнах у розныя днi, часам у суседніх вёсках па-рознаму. У адрозненні ад Радаўніцы ці Духаўскіх Дз., калі памерлых звычайна памінаюць на могілках, на Дзяды памінкі спраўляюць у хаце. Вераць, што ў гэтыя дні душы памерлых вяртаюцца з выраю дахаты, да нашчадкаў на памінальную вячэру. Стаўроўскія Дз. (29 верасня) – лакальны абрад (Бягомльшчына), рэшткі памінання міфічных сабак Стаўры і Гаўры (гл. міф пра паходжанне беларусаў).

Апроч таго у асобных месцах адзначаюць Дз. перад Міколам веснавым і зімовым (Мікольскія Дз.), на паклонным тыдні, у страсную пятніцу, страсную суботу, у суботу перад калядамі ці новым годам, адзінкава ўзгадваюцца Дз. на Грамніцы і ў Спасаўку; на Чарнігаўшчыне акрамя трох восенскіх Дз. могуць адзначаць дадатковыя Дз., калі пасьля Міхайлава дня перад пачаткам посту выпадае дадатковая субота, яны мюць назву Пянч´учка (альбо Пянч´ук). Па словах некаторых, гэта памінкі па халастых. Нарэшце, бываюць выпадкі, калі на вёсцы адзначаюць свае асобныя Дз., напрыклад, у в. Залатуха Калінкавіцкага р-на – Сівакоўскія Дз. (назва дадзена па прозвішчу, распаўсюджанаму сярод жыхароў вёскі, спраўляюцца ўсімі, хто носіць гэтае прозвішча, – нешта накшталт радавых памінак): Осенью Сівакоўскіе дзеды: каго Сіваковы хвамілія, те празнуюць”. Там жа вядомыя Стрэчанскія Дз. – 13 лютага. [4, с. 78-79] Цікавая лакальная традыцыя восеньскіх памінанняў склалася ў Пастаўскім р-не, дзе Асяніны атрымлівалі найменне згодна з назвамі вёсак – “былі Гутараўскія, Еўскія, Рабецкія і Пушкароўскія Асяніны. Гэта як памрэ чалавек у гэтым годзе па ім у кастрычніку спраўляюць Асяніны”. Раней у гэты дзень дзёрнам выкладалі па перыметру магілу, выкладалі з дзёрна крыж. На магіле палілі свечку і ладзілі невялікае частаванне. Прамаўляліся адпаведныя малітвы. Калі да магілы падыходзіў які падарожны, яго абавязкова частавалі. Стол сваякі накрывалі ўжо дома, дзе паміналі памерлага. [1, с. 342-343]

З пералічаных вышэй шасці дат, на якія часцей за ўсё прыпадаюць Дз., у кожнай асобнай лакальнай традыцыі (у адной ці некалькіх суседніх вёсках) Дз. могуць адзначацца тры-чатыры разы на год. «Мы правім дзеды чотыры раз ў год: у мясоед, перэд постом – помінальны тыждзень, на Велікдзень, перэд Петровіцою, перэд Піліпоўкою» (в. Кароцічы Столінскага р-на Брэсцкай вобл.). Дзеды – трое на год, ўсе ў пятніцу-суботу: перед Троіцэю самые важные, осенніе – перед самымі запускамі, ў мясоед – тожэ перед запускамі”. [4, с. 79]

Калі Дз. замацаваны за каляндарнымі святамі, то спраўляліся ў асноўным пярэдадзень свята і толькі ў асобных выпадках у сераду (па-за велікодным тыднем). На Віцебшчыне прынята ўшаноўваць памяць продкаў ледзь не ў кожнае важкае свята. “Дзяды – Каляды, Тройца, Змітры, як празнік, так і Дзяды, мама даўней як саберуцца на свята, казала: “Адпраўце ўперад дзяды”, свечку паліла, паміналі” (Еўдакія Ладзік, 1903 г.н., в.Зямцы, Лепельскі р-н) [1, с. 330].

Самымі вядомымі на Палессі лічацца Дз. перад масленіцай, Сёмухай і восеньскія, часцей за ўсё Міхайлаўскія. Заслугоўвае ўвагі назва восеньскіх Дз. першымі (першыя Дз.), што адсылае да старога календару з пачаткам году ў верасні [4, с. 80].

Радаўніца, аўторак на Фаміным тыдні, звычайна вылучаецца асобна і не ўваходзіць у лік Дз., процістаўляючыся Дз. па трох прызнаках: на Р. Гатуюць скаромную ежу, а на Дз. (у пятніцу) – посную, на Р. Ходзяць на могілкі, а Дз. спраўляюць у хаце, Р. звычайна адзначаецца ў аўторак (часам у панядзелак ці нядзелю), а Дз. – пятніцу-суботу. Але часам Р. прылічваюць да Дз., магчыма маючы на ўвазе канун Р.: “Радуніца ўво ўторак, а панедзелак дзеды ў нас”. “Перед Радуніцэй бывают радунічные дзіды”. У рэдкіх выпадках дакладна ўказваюць на Р. як на адны з Дз., што падцвярджаецца і характарам абраду, і тэрміналогіяй: “Радуніца – тая посьля Пасхі, на следушчэй нідзелі во вторнік –это чэцьвёртые дзіды.” (Дуброўніца Хойніцкага р-ну Гомельскай вобл.) [4, с. 81]

Звычайна ўсе Дз. разумеюцца як агульныя гадавыя памінкі, прысвечаныя ўсім памерлым продкам. Але ў асобных выпадках тыя ці іньшыя Дз. могуць разумецца як спецыяльна прысвечаныя пэўным катэгорыям памерлых: толькі жанчынам, толькі мужчынам (апазіцыя дзяды-бабы); дзецям, халастым (чацвер у трохдзённых памінках), заложным нябожчыкам – вісельнікам, тапельцам: “Пэрэд Тройіцэю ў суботу вешальнікіў і топлэнікіў поміналі, на могылкы не ходылы; пьюць горілку, йідзяць і йім залышаюць”[4, с.80]. У памежных з Расіяй вёсках Веткаўскага р-на Дз. адпраўлялі раз на год, прычым гэты дзень называўся “Радзіцелі”.

 

Б´AБЫ, бaба, як парны да “дзеда” тэрмiн у лакальных варыянтах: 1) абазначае назву памiнальнага дня (наступнага за Дзядамi) i самiх продкаў: На снеданне, кажуць, што это ўжэ не дзяды прiдуць, а бабы; 2) называе парных персанажаў рытуальна-гульнёвых дзеяў (напрыклад, дзеда i Б. у “Жанiцьбе Цярэшкi”); 3) абазначае антрапаморфную выяву дажынкавага снапа. Ёсць меркаваннi, што Б. — гэта ў дыяхранii не мацi бацькоў, а менавiта пажылая, спрактыкаваная кабета, якая валодае неабходнай сакральнай iнфармацыяй (параўн. сучаснае: “бабка — знахарка, шаптуха, бабка-павiтуха).

Верагодна, праекцыя да абазначэння продкаў абумовiла задзейнiчанне тэрмiна Б. у дэманалагiчнай наменклатуры (Баба Яга сама разумеецца як першапродак): жалезная баба; бурая баба, Б. слепа i соплiва, што сядзiць пад мостам ды iнш. Прынесены з лесу кавалачак хлеба ў Івацэвіцкім р-не аддавалі дзецям са словамі: Баба лясная дала вам хлеба. Магчыма, пэўныя мiфалагiчныя паралелi мае выбар тэрмiна Б., “бабка” для наймення кутняга зуба, калодзежу, дрыгвы i часткi прыпеку, куды выграбаецца попел. Як “Бабская пасха” (Кобрынскі р-н) ці “Бабскі Велігдень” (Брэсцкі р-н) пазначаецца чацвер на велікодным тыдні, у часе якога абліваліся вадой. Б. — персанаж рытуальнага пераапранання ў час каляндарных святаў, пудзіла (гл. масленкавае Пахаванне дзеда і бабы). Вобраз Б., як і Дз. часта фiгуруюць ў паданнях пра ўзгоркi (гл. Гара Бабiна), курганы, масты, балоты, культавыя камянi. Тэрмiнам Б. часта называюць каменныя стоды i каменныя крыжы. [3, с. 33]

ПАМІНАЛЬНАЯ ВЯЧЭРА

Пахавальна-памінальная абраднасць у цэлым – бадай адна з самых кансерватыўных. Прычым тычыцца гэта і асобных элементаў правядзення абраду. Адступленн ж ад правілаў, у павер’ях, выклікала незадаволенасць нябожчыкаў, якую не праміналі адчуць іх сваякі. Правілы паводзін у час дзядоўскай вячэры строга рэгламентаваны. Так парушэнне правіла, згодна з якім свечкаю абносіў стол самы стары з сямейнікаў, стала прычынай начнога парушэння спакою, стукання ў дзверы, што мусіла быць адпаведным чынам выпраўлена, былі вымушаны паўтарыць абыход, але ўжо згодна правілам.

Паўсюдна ў той ці іншай форме існуе павер’е, што памерлыя (дзяды, духі, душкі, святые душы, душы, мерлые, мерцвякі, нябожчыкі, радзіцелі, бацькі, святыя і т.п.) прыходзяць на Дз. дахаты і ядуць прыгатаваную для іх ежу. У Заходняй Беларусі не спраўлялі Дз. у новай хаце, пакуль у ёй хто-небудзь не памрэ. У гэты дзень сваякі з’яджаліся звычайна ў бацькоўскую ці дзядоўскую хату.

Дз. ствараліся неабходныя ўмовы для бесперашкоднага камфортнага наведвання хаты: пакідалі адчыненымі дзверы, форткі, коміны (у печы не палілі), не выключалі святла. Звычайна на Дз. пакідалі адчыненымі вароты могілак.

У раёнах распаўсюджання лазні абавязкова прапальвалі яе да свята Дз., рыхтавалі ўсё неабходнае для Дз. (наносілі вады, рыхтавалі чыстую бялізну, ручнікі, новы венік і т.п.): “Сначала памыцца, а тады стол. Наліеш вады чысьценькай у таз, і венік паложыш чысьценькі, ня той, што самі мыліся, а сьвежанькі. Хай прыходзюць мыцца” (в. Стайкі, Барысаўскі р-н). Дзядоў запрашалі памыцца спецыяльнымі прыгаворамі. Парушэнне гэтага звычаю, у вераваннях, выклікала незадаволенасць продкаў, якую тыя выказвалі затым, прыходзячы ў снах.

Стаўленне да Дз. як да небяспечных, злых святаў тлумачыцца строгасцю забаронаў і правілаў. Дз. нельга крыўдзіць ні гучным словам, ні лішняй справай: на Дз. забараняліся сэксуальныя зносіны; забараняліся палявыя работы, сярод каталіцкага насельніцтва Панямоння Дз. лічыліся апошняй датай заканчэння земляробчых работ. З гаспадарчай працы асобая забарона была на прадзенне, снаванне кросен, бо заснуеш дарогу ім, Дз., Дз. заблытаюцца ў кроснах, на пабелку печы, бо дэдам замажуць очы і інш. “Дзеды набралісь беды. Баба сновала на дзеды. І ў той бабы мужыка ўбіло в той жэ дэнь”. “У дзяды з мужыком спаць нельзя – грех бальшой на душу брацью. І нічаго рабіць ні надо: ні ткаць, ні грубу тапіць, нічаго нельзя.” (в. Навінкі Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл.)

У хаце для Дз. вешалі чысты рушнік каля дзвярэй і ў хаце альбо некалькі ручнікоў (кожнаму з запрошаных нябожчыкаў), адчынялі комін, бо мёртвыя будуць ісці.

Перад тым як сесцi вячэраць, гаспадар тройчы абыходзiў са свечкай стол, адчынялi вокны i дзверы i клікалi продкаў: “Святыя Дзяды, хадзіця куццю есці”, у асобных рэгіёнах клікалі Дз. па iмёнах. Звычай запрашаць Дз. на вячэру адзначаны ў шэрагу вёсак розных рэгіёнаў Беларусі. Зафіксаваны спецыяльныя формулы запрашэння. “Беруць на тарелочку дзьве румкі з водкаю, хлеба, мяса крошэчку, вуходзіш ва двор (старшыі) і гукаюць: тата ці мама, хадзі на вечэру; сестрічка Марія, хадзіце к нам на вечэру”. “На дзіды мы клічэм родных. Сталы пріготовім, я богу помалюся за дзьврі выйду і говорю: “Дзіды-пріяцелі, хадзіце к нам на вечеру!” І так трі разы говоріць нада. На крыльцо выходзят у пятніцу, када сонцэ зайдэ. (в.Дубровіца Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.). «Вы знайітэ, як ходылося, ждалы тых Дэдэй, ну бабушка говорыла так: «Помолюся за всі вмэрлы душачкі, за старэнькі, за малэнькі, за знаюшчы і не знаюшчы, прыходзьтэ ўсі на вэчэру»… шчэ молытва така была, што «Помолюса за ўсі ўмэрлы душкі, за старэнькі, за маленькі, за знаюшчы і за незнаюшчы, там перачытваіш, – за Ганны душачку, за Пэтрову, за Іванкова, за Нэстэру, зы Йовдэну, до покою сьвітлого, до покою вічного, да Царства Нэбэсного, до столу Хрувімского, до Господа мілосьцівэго. За Господом богом стоялы, в руках сьвічы дэржалы. Сьвятый, божэ, Отчэ наш… і начынаіш (чытаць) «Отчэ наш»… (в. Моталь, Іванаўскі р-н). На Піншчыне гаспадар абыходзіў вакол хаты з запаленай свечкай; пасля яго вяртання ўся сям’я моўчкі чакала, калі падсілкуюцца душы, і толькі тады ўсе сядалі вячэраць. За сталом захоўвалі ўрачыстасць і цішыню. Размаўляць пачыналі толькі пасля першага кілішка. Усяго дазвалялася выпіць тры кілішкі.

Пачатак памінальнай вячэры выразна маркіраваўся: “З печы бяруць жарок, і ў гэты жарок ложаць кусочак свечкі, моляцца “Отчэ наш”. А потом, обносячы стравы на столе жарком са свечкой, такую молітву чытаюць: “Помяні, Госпадзі, дзяды, прадзеды, бабы, прабабы, чытоныя і не чытоныя, пісаныя і не пісаные. Помяні іх, Господзі! Помяні іх, Господзі, Помяні іх, Господзі”. Гэто вуголейко ставяць под стол і перву ядзяць кону па тры ложачкі” (Ніна Казун, 1946 г.н., в. Дрэбск, Лунінецкі р-н) [1, C. 332].

Па мірганню свечкі намагаліся вызначыць, колькі душ наведалася ў хату. На стол ставiлi так званыя дзедаўскую чарку i дзедаўскую лыжку і мiску, куды старшы ў хаце альбо кожны з прысутных адлiваў напоi i адкладаў ежу па лыжцы з кожнай стравы, перад тым, як пачаць есьці. У час вячэры не зачынялі комін, не замыкалі дзверы, не карысталіся нажом, не трымалі доўга ў руках лыжку, гаварылi толькi пра продкаў, успамiналi iх учынкi, парады. На Дзiсеншчыне выпiсвалi з сямейнай хронiкi памерлых i ўпiсвалi нованароджаных. Часам пасля вячэры Дз. весялiлi музыкай, спевамі і скокамі. У Тышкевіча ўзгадваецца, што у час урачыстай вячэры ў гонар Дз. спяваў гусляр, услаўляючы “адвагу ў бітвах і ціхія хатнія чалавечыя годнасці айцоў люду, сваёй вялікай сям’і, уласных родзічаў”. [5, C. 378]

У некаторых мясцiнах на вячэру запрашалi гасцей (звычайна сваякоў, але ў гэты дзень прыймалі суседзяў, аднавяскоўцаў, незнаёмых людзей і жабракоў, кожны госць у гэты дзень уважаўся ўвасабленнем Дз.). Традыцыйна лічылася, што найлепшая дапамога памерлым – міласціна бедным, жабракам. У гэты дзень ладзілі абеды для нямоглых, хворых, старцаў. У Слуцкім раёне на Дз. вёску абыходзіў пастух, падыходзіў ўвечары да вакна і гукаў: “Пастуху блінца”, яму выносіліі блін, і да бліна. У некаторых вёсках у гэты дзень адбываўся разлік з пастухамі.

Памінанне на дзень Усіх святых

Сярод каталікоў памінальныя абрады прымеркаваныя да Задушнавага дня (успамін усіх памерлых вернікаў) – 2 лістапада. Усе святыя. Абавзковым кампанентам рытуалу памінання ў кталіцкіх сем’ях выступае наведванне могілкаў, паленне там свечак. У Ляхавіцкім р-не перад выправай на могілкі на стол дома булку хлеба кладуць і тлумачаць тым, што “усе святыя іцімуць із храма і зойдуць кажды па сваіх дамах”.”Усе святыя. Назаўтра задушны дзень, гэта за ўсіх молюцца, ставяцьсвечкі на магілкаі. Ежу не астаўляюць на магілках. Вечарам радню збіраюць і вячэраюць. Даўней каля кладбішча агонь клалі на Усе Святыя, за тое, што молюцца ўжэ цемна і позна” (в. Германавічы, Шаркаўшчынскі р-н). “Усе Святыя першага лістапада. Мама пякла такія булачкі кругленькія. Пякла іх столькі, сколькі памёршых душ, а тады гэтыя булачкі раздавала бедным, што сядзелі возле касцёла. Рэзалі барана прад Усе Святыя і па куску мяса да гэтай булачкі і давалі ўбогім людзям. А хто грошы даваў ім, гэта як ішлі ў касцёл. Шмат бедных такіх было” (Адэля Пацэлька, 1927 г.н., в. Кошчыцы, Шчучынскі р-н). Абавязковым элементам памінальнага абраду было прымірэнне ўсіх чальцоў сям’і: “Прад вячэрай на Усе Святыя пражагнаемся, сям’я ўся пацалуецца: маці бацьку пацалуе, мы пацалуемся між сабою і бацькамі – і садзімся за стол” (в. Кошчыцы, Шчучынскі р-н) [1, с. 340].

На Палессі выконваючы звычай кармлення душ, гаспадыня, калі пачынала пячы аладкі, першы блін яшчэ гарачым рвала на кавалкі і раскладала на ўсе вокны дзядам ужо, дзяды прыдуць. Продкаў трэба было добра пачаставаць, iначай яны нашлюць неўраджай i розныя няшчасцi. Вядома багата апавяданняў пра тое, як памерлыя помсцілі сваім родным, дакаралі ім, калі тыя не спраўлялі Дз. ці не пакідалі вячэры (будзяць, стукаюць у вокны, страху, сняцца, б’юць, тузаюць у бакі, просяць есці, робяць шкоду). Памінальную ежу часам на ноч ставяць за вакно: “Катора не паставіт абед на окна, то мерцвякі ходзют і гаворют на дзяды”. Часам міску і лыжку для нябожчыка ставяць на печ ці да печы. Свечка, з якой абыходзілі стол альбо хату і запрашалі Дз. на вячэру, затым ставілася на стол у лубку ці міску са збожжам і гарэла да канца вячэры. Пасля заканчэння вячэры свечку тушылi хлебнай скарынкай або блiном. Iснавала прыкмета: калi дым пойдзе ўверх — добра, а калi нахiлена, асаблiва ў бок дзвярэй, то ў сям’i нехта памрэ.

Цвёрда трымаецца перакананне, што межы паміж тым і гэтым светам могуць умоўна адчыняцца толькі ў вызначаныя дні, і таму душы продкаў належыць не толькі запрашаць, але і выправоджваць. Пасля вячэры маглі выправоджваць Дз. словамі: Святыя Дзяды, вы сюды прыляцелi, пiлi, елi, ляцiце ж цяпер да сябе! Пры гэтым гаспадар паліваў вадой усю падлогу ад стала да дзвярэй ці тры разы пырскаў вадой вакол стала і праводзіў Дз. за дзверы хлебам-соллю, гаворачы: Святые дзіды-родзіцелі. Ідзіте на свае место, спачівайце і нам пріяйце”. У Лельчыцкім р-не гаспадар браў гаршчок з рэшткамі куцці і, ідучы задам да дзвярэй, прамаўляў: “Дзяды, дзяды! Паелі куцці, — ідзіце дадому!, пасля чаго ён адчыняў дзверы, кідаў гаршчок на двор і хутка зачыняў дзверы. [4, с. 85]

У многiх мясцiнах на стале пакiдалi рэшткi страў, бо лiчылася, што душы продкаў будуць частавацца яшчэ да ранiцы. Лыжкі для Дз. макалі ў сыту, пераварочвалі, ставілі ці клалі вакол міскі, каб Дз. карміліся. Сустракаецца і правіла пакідаць на стале ўсе лыжкі з хаты. А вострыя прадметы з дзядоўскага стала выключаліся – ні відэльца, ні нажа. Часам стол з рэшткамі вячэры на ноч накрывалі чыстым абрусом, для Дз.. Традыцыйна забараняецца падымаць тое, што ўпала на падлогу.

Існуюць розныя звычаі ў адносінах да рэштак памінальнага стала (вячэры і абеду): іх могуць з’едаць самі альбо толькі прычашчацца“каб зубы не балелі”, “каб грому не баяцца”, “каб пякучкі не было, аддаваць скаціне (толькі не свінні), спальваць у печы, адносіць на ваду, на магілу, кідаць на дах птушкам, насіць “у сад пад зялёнае дзерэўцэ, пад ябланьку, пад грушку, штобы верабейкі з’елі (птушкі ў народнай традыцыі – сімвал продкаў)” (в. Залатуха Калінкавіцкага р-ну Гомельскай вобл.). Часам лічыцца, што на ваду рэшткі ежы носяцца для тапельнікаў, “у каго радзіна топіцца”. Цікавы звычай выліваць рэшткі памінальнай ежы на дровы: “На дзеды як помінают, із помінального блюда ў блюдзечко немного злівалі. А с того блюдзечка на другій дзень вылівают на дрова, шоб згорало, а дым до бога шоў” (в. Замошша Лельчыцкага Гомельскай вбол.) [4, с. 84]. Крошкі са стала сушылі і захоўвалі іх ў лекавых мэтах – ад “старых” – пярэпалаху смерці: “… Старыя ж бываюць, хвароба такая, ходзяць і пужаюць мерцьвякі. Як тая Ганна расказвала, Саша Вараб’ёў памёр, яна пашла ў хату, пасядзела тамака. Прышла дамоў, кажа: “Госпадзі мае, так ўжо ў хаце стукаюць, так грукаюць, што далей – то болей”. Я кажу: “Ведаеш што, вазьмі ды палячыся”. Мяне вучылі, і я цябе навучу: “Вазьмі хлеба, стань, каб бачыць кладбішча, і палячыся, скажы: “Старыя, малыя, свае, чужыя, хлеб-соль вазьміця, а спакой мне прышліця”. І цішыня стала ў хаце. Хлеб трэба палажыць на дрэва. Хлеб лепш эты засушаны з Дзядоў. Калі старыя – то хлеба этага ня будзя, а калі ня старыя – хлеб будзя ляжаць. Яна кажа, дзе што і дзелася. Старыя бываюць, як памёр, яна пашла пасядзела і што-та ей заўрадзіла”(Таццяна Корык, 1929 г.н., в. Галаўныя Ляды, Бярэзінскі р-н).

Паводле павер’яў, калi не спаць ноч пасля Дзедавай вячэры, то можна ўбачыць Дз. Існуюць разнастайныя спосабы ўбачыць, пачуць Дз. альбо атрымаць знак аб іх прыходзе (у сне ці на яве). Той, хто рызыкнуў гэта зрабіць, павінен увесь дзень пасціцца і маўчаць, а ўвечары ў час вячэры залезці на печ; пры гэтым на шыю трэба пачапіць прадзеную суравую нітку ці пояс, вытканы з імху, або глядзець праз хамут, накінуўшы на яго палатно. С таей поўсьці, што пад красніма, на тую нітку вуткаць. Да на дзеды, як дзядуюць, да пачапі на шыю да сядзь на шыйцы [печы] да дзеды будуць іці да будзеш бачыць. Толькі ні с кем ні гавары”. “Адні казалі: ложкі [на Дз.] нарочно ў кучы палажылі, а оно параскладало па сталу” (в. Грабоўка Гомельскага р-на). Часам лічыцца, што памерлыя яўляюцца толькі тым, хто не прыгатаваў ім памінальнай вячэры на Дз., што іх могуць бачыць толькі дзеці ці тыя, каму суджана памерці ў хуткім часе, нарэшце, той, хто пасціцца: “Як будзеш посьнікаць, то побачіш мертвых, як ідуць на дзеды на вачэру”. Таксама распавядалі, як бачылі ноччу цэлае шэсце нябожчыкаў, што накіроўваліся на Дз. з могілак да свайго сяла з запаленымі свечкамі (свечкі абавязкова запальваюць і за памінальным сталом) [4, c. 85].

У некаторых раёнах Беларусi на Дз. (альбо за тыдзень) наведвалi могiльнiкi — рабiлi прыклады (пр´ыкладзiны, пр´ыкладні, нaрубы, дамавіны, дубовыя калоды, дошкi, нарубы, церамкi, каменныя плiты), абкладалi магiлы дзiрваном, камянямi, ставiлi крыжы. У дзень прыкладзінаў на магiлу кладуць блiны, арэхi, ставяць гарэлку. Паводле павер’яў, прыкладзіны робяцца для таго, каб нябожчыкi, ходзячы па свеце, маглi прысесцi i адпачыць. На Радаўнiцу ля прыкладаў ставiлi высокiя драўляныя крыжы. У Лунінецкім р-не прыкладам называлася надмагільная калода, якая ўключалася і ў медыцынскую магію: колоды ложылі. Прыклад. Ёго возілі перэд Дзедамі. Да подымуць того прыклада да тры разы кругом ёго того слоічка (з вадой) перэймуць. От іспуга. У в. Багданаўка Лунінецкага р-на прыклады служылі нібыта для таго, каб нябожчык не хадзіў. [3, с. 376]. У Пухавіцкім р-не Прыкладзіны спраўлялі праз год пасля смерці — клалі на магілу дошку, часам з выемкай, каб яна ахоплівала магілу, як сядло. “Прыкладні” ў Докшыцкім р-не называецца перадусім абрад парадкавання магілы. Дзёрнам абкладалі або ўсю магілу, або толькі па перыметры. На магiлах пакiдалi ежу, альбо абедалі разам з Дз. – засцілалі магілу абрусом, накрывалі стол. На могілкі бралі тую свечку, якая засталася ў хаце пасля пахавання. Часта ў гонар кожнага памерлага запальвалi асобнае вогнiшча. З дому з печы прыносiлi гарачае вуголле, якое насыпалi на магiлы, так бы мовіць, “грэлі косткі”, гаршкi разбiвалi ўшчэнт [3, с. 150]. Вогнішча пакідалі гарэць на ўсю ноч. У в. Баяры (блізу Бягомля) П. адбываліся ў сераду ці чацвер: Але бальшыя агні кладуць. Грэюць, каб цёпла ў ногі было. Ідуць у срэду мужыкі, нескалька чалавек, агні запалюць, увечары. І гарэлку нясуць. Алі не нясуць мяса, грыбы, посная нясуць. Эта ў сераду. А ў чэцвер нясуць гарэлку, мяса. У сераду пірагі пякуць, у мак мачаюць у сераду. А ў чэцвер — у малако і ў смятану. Дзеруць дзёрн. Каб у кажух яго надзець. Раскатаваюць дзёрн на ўсю магілу. У нагах ставюць меньшую плітачку, а ў галавах большую. У суседніх вёсках прыкладалі ў пятніцу, а ў суботу хадзілі на могілкі з гарэлкай і закускай, паміналі памерлага. На могілкі бралі тую свечку, якая засталася ў хаце яшчэ пасля пахавання. Вогнішча пакідалі гарэць на ўсю ноч. [3, с. 376]. У Глыбоцкім р-не абкладанне дзёрнам магілы не замацоўваецца за канкрэтным днём, але тая субота завецца Прыкладной.

На Мотальшчыне захавалася лакальная традыцыя прыкладзінаў пад час святкавання Міхайлаўскіх Дзядоў: «Это ў нас прыд Міхайлом усігда субота. У эту суботу спраўляюць Міхайлаўскіе Дзіды. Это когда-то шчэ й прэдкі нашы справлялы і бабушкі, прабабушкі, шчэ пра-пра-прабабушкі, на этыя Дзіды ўсігда сьвет´ылы камень, кто ўмрэ до гэтых Дзідэй, то прыкладалы каменя, сьвецят у цэрквы і прыкладалы каменя». Калі па нябожчыку не прайшло сарака дзён, то прыкладу ня робяць, камень асвячаюць ў царкве і часова кладуць каля магілы блізкага сваяка, і толькі на саракавіны перакладаюць да крыжа таго нябожчыка, якому камень прызначаны.  Мясцовыя вераць, што душа на Дзяды прылятае пасядзець і адпачыць на тым камяні: «На Дзеды вона прылетае на тэй камушок садзіцца. Ці на Дэды, ці так, як службу правят, то яна прылетае, душа, і садзіцца на той камушэк. Еслі да йдзеш, да заходзіш, то душа на тым камушке седыць, устрычае ўродзе»…

Усталяванне прыклада, помніка на могілках у нерэгламентаваны час забаранялася, бо магло тое наклікаць нядобрыя наступствы на ўвесь вясковы соцыум: “Дзяды былі восеньню. Да года памятнік не ставілі. Саседзі бачаць, што дажджу няма – ідуць і развернуць гэты памятнік. Нельзя. Акцябрскія Дзяды. І вясной да Радаўніцы памятнікі ставяць. А ад Раданіцы і да восені, да Акцябрскай, памятнік ставіць няльзя, а то дажджу ня будзе” (в. Ператокі, Стаўбцоўскі р-н) [1, с. 342].

Пасля Прыкладзінаў пачынаўся новы этап шанавання продкаў, што выражалася і прадметна: “…настольнік клалі наізнанку, а патом адбылі вечар. Памаліліся, перавернуць на стале настольнік на добрыну, пяюць і танцуюць” (в. Туркі Докшыцкага р-на). Нябожчык пераходзіў у разрад Дз. [1, с. 343].

ПАМІНАЛЬНАЯ ВЯЧЭРА: СТРАВЫ

Важнасць харчовага коду як аднаго са спосабаў выяўлення сакральнасці свята рэч відавочная. Складанне ахвяры – адна з формаў зносінаў паміж людзьмі і Дз., якая выяўляецца праз дзяленне ежай паміж аднымі і другімі (выліванне напояў, раскіданне крошак, запрашэнне пакаштаваць ежу, пры такім ахвяраванні прызначаная Дз. частка параўнаўча нязначная – іх прырода не партабуе вялікай колькасці зямных харчоў, пры ахвяраванні Дз. часта задавольваюцца дымам і пахам ахвяры. Таму зразумела, што ўдзел супольнасці людзей ў святочным складанні ахвяраў выяўляецца акурат у калектыўным спажыванні прызначанай ім часткі ежы, якое, пры ператварэнні абрадаў у звычаі, адпавядае апісанаму этнографамі застоллю [2, с. 30]. Прызначанасць вячэры ў тым ліку продкам, харчаванне якіх, ва ўяўленнях, адбывалася праз п´ару (“дух”), абумовіла патрабаванне гарачых страваў. Частаванне душаў яе бесцялесных істот бачылася і праз праліванне ежы на стол альбо на магілу.

Набор страў на “дзедаву” вячэру на тэрыторыі Беларусі ў лакальных традыцыях адрозны, але часцей складаецца з наступных элементаў: абавязковыя – крупяная каша, кіслая страва, салодкая страва, факультатыўна хлеб (з варыянтамі пірагі, аладкі, бліны...), яешня, свежына, напоі.

У розных мясцінах на стол ставiлi розную колькасць страў — дзе цотную, дзе няцотную (3, 6, 7, 11, 12), але, нягледзячы на гэта, у некаторых вёсках дазвалялася з’есцi толькi тры стравы i выпiць тры чаркi [3, с. 150]. Параўнайце: На дзеды правяць аб мертвух, вараць тры стравы” (Дубровіца Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.). “Ў пятніцу вечэрю посну варяць, а в суботу ужэ скоромное, с салом і молоком. Семь страв нада варыць: і боршч, і каша, і суп, блыны-оліснікі, кампот з яблук ці кісель і яешніцу обязательно”. (Там жа). “Дзеды му ж правiлi. Кашу, боршч вараць, на стол стаўлеюць: дзеды ж нашы памерлi”. “Паехаў рыбалiць, к дзедом рыбу трэба”. “В Голубіцэ 12 блюд: 1) боршч, 2) рыба, 3) кісель з журавін, 4) кісель з оўса, 5) бульба з грыбкамі, 6) каша пшоняная, 7) оладкі, 8) хрушчы, 9) буўкі, 10) ягоды, 11) грушы, 12) яблокі». “На дзеды! двенадцать горшкоў варылі”. “Вечэру робяць з двенаццаті страў”. [4, с. 82]

У большасці выпадкаў лічыцца абавязковым гатаванне адмысловай памінальнай стравы – кануна, коліва, куцці альбо/і сыты. “На дзід´ы сыт´у р´обят, то ў кіпячону в´оду крішат хліб, сахар ці мёд. Кажут, што сытой уста мертвые мажут на Радуніцу. Стар´ые так гов´орят: уст´а прімачыць, як прісыхают”.Его [сыту] і на могілкі нісут і льлют туда, гдзе хрест” (Дубровіца Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.). “На дзеды свечку запаліваюць, робляць куццю, засолодзіваюць воду, становяць на стол. І комін отчынен, бо мёртвые душы будут іці” (в.Лісяцічы Пінскага р-ну Брэсцкай вобл.).

Кану́н, – 1. напой з мукі з соладам без хмеля, 2. сыта з пакрошаным у яе хлебам (Палессе); 3. мучныя каржы з сытой (Палессе).

Коліва, з гр. κόλλυβα, літаральна перакладаецца як “вараная пшаніца”. Страва звязаная з антычным звычаем памінальных ахвяраванняў зерня і фруктаў.

Куцця́, запазычана з грэцкай.: κουκκί(ον), мн. κουκκιά “баб´ы”, вытворнае ад κόκκοςзерне”: каша з цэльнай пшаніцы; часам з бабоў/гароху альбо проса ці грэчкі, можа ўжывацца з мядовай сытой.

Сыта́ – гатаваная вада з разведзеным мёдам.

Сярод страваў таксама былi варанае i смажанае мяса, кіўбасы, кішкі, крывянка, ю́шнік – крывяная поліўка з мясам (Дзісеншчына), дранікі ці клёцкi “з душамі”, верашчака з каўбасой, халадзец, вараная свіная галава і інш.. Да нашага часу захавалася традыцыя забоін, заколвання (“ахвярапрыношання”) парсюкоў на восеньскія Дз. і на Коляды. “Свежына” шмат дзе з’яўляецца абавязковым складнікам дзядоўскай вячэры. У Дзяржынскім р-не і цяпер б’юць свінню на Дз. (ці як прывыклі казаць за савецкім часам, – на наябрскія). “… свінню забівалі на дзяды. Трэба, каб тры галавы: свінная, авечая і петухова”.

Віцебшчына і поўнач Міншчыны заўважна вылучаюцца абавязковым спажываннем на Дз. гарачай капусты, над якой нават “маліліся”. “І сала варылі, і каўбасу, і кумпяк. Капуста кіслая гарачая – эта першая страва на Дзяды. Дзед першы пачынаў есьці, а тады мы. А пасьледнюю елі кашу друцаную, кашу – друцу варылі густую” (в. Бараўцы, Вілейскі р-н). І ў іншых рэгіёнах “на Дзяды рэзалі авечку ці барана, поліўку варылі з баранінай, капусту варылі, пяклі аладкі” (в. Падбарэчча, Ляхавіцкі р-н) [1, с. 334]. “Ці кабана ці барана нада зарэзаць абязацельна. Капусту нада абязацельна. Яе паставюць, каб пара пашла, скажуць пацеры, свечку запалюць, загаворуць, каб пара ішла, каб капуста стаяла, эта дзядам. Пірагі пяклі, і булачку сьпячэць, такі як прасначок, курчык, і ляжыць, прыдзець убогая назаўтра, з тым курчыкам памінаюць. Хлеб цёплы, ён жа нажом ня рэжацца, ложкай тады другім канцом натыкаецца, гарачы хлеб должан быць на стале” (Вольга Урбан, 1917 г.н., в. Пушча, Лагойскі р-н). На Верхнедзвіншчыне (в. Антонава, Верхнядзвінскі р-н, Віцебская вобл.) на Дз. выпякаюць адмысловы рытуальны хлеб корчыку форме крывога рагаліка. З падзелу і каштавання якога пачынаецца памінальная вячэра, дзеліць корчык старэйшы ў сям’і. Хлеб, пірагі на Дз. нажом ня рэжуць, можна толькі ламаць. “…Моі бабушкі кагда-то раньшы шчэ піклі хлэб, усігда пяклі, коб гарачы розламлыці, … душачкі етым духом пітаюцца ці як это… куцьцю стаўлялы і сьвечку запальвалі, і той гарачы хлеб розламывалы на столе. А потом вжэ нэсьлі компот, там ужэ капусту тую, да ўжо кашу нэсьлі, во шчэ на’т хто коль рыбу” (в. Дзедавічы Мотальскі с/с, Іванаўскі р-н).

К´урчык, курча́к, курач´ок, к´орчык – рытуальны хлеб (праснак, сітны авальнай формы, жытні ў форме крывога рагаліка), з дзялення (ламання) і каштавання якога пачынаецца дзядоўская вячэра. Ад “корч”; падобна корж, род. скл. -а́ «від праснака, выпечанага на сале», зах., паўдн., укр., блр. корж, дыял. смал. карже́нь “сухар” (Дабравольскі). Лічыцца роднасным корга́   “корч”, “крывое дрэва”, словен. kr̀ž «качан, булка»; см. Бернекер 1, 667; Брукнэр, KZ 48, 210; Патэбня, РФВ 3, 95. Апошні параўноўвае далей з стар.-інд. kr̥çás «худы, слабы, хваравіты», авест. kǝrǝsa- — тое ж, што меньш пэўна; гл. аб блізкіх формах Бернекер 1, 670.; з фін.-вуг. моваў: з комі köryś «круглы хлеб ці булачкі, печыва» (Паасонен у Калимы, RLS 180; FUF 18, 26; см. Калима, RS 6, 93), з фін. kyrsä «прэсны хлеб» (см. Міккола, FUF Anz. 2, 72 і сл.; ср. Каліма 130 і сл.). Малаверагодна паходжанне ад татарск. “курч´ак”: 1. сущ. 1) гіст.; этнагр. хатні ідал, ёлуп, бажо́к; 2. лялька (цацка).

Калі Дз. спраўляюць два дні (звыч. пятніцу і суботу), то ў пятніцу робяць посную памінальную вячэру (вяч´эру, б´абы), а ў суботу – скаромны абед (раней звычайнага, да поўдня) альбо сняданак, сняданне. “В пьятніцу вэчэром на тые бабы то шо-нэбудзь вараць такэ посное. А ўжэ на дзіды вараць шось-нэбудзь такэ хорошэ, шо ўжэ хазяін мае”. “Буракі ўжэ з грыбамі, як борш, як у пятніцу – борш з грыбамі і кашу пярловую пустую. І фасолю варылі. Квас, фасолю і кашу. І ў вечары астаўляюць усё на стале. Даўней свекроў казала, што нада з чыгунком пастанавіць, каб яны не абіжаліся, што ўжо памылі пасуду. Боршч і фасолю ў місачках. А гарэлкі крэпка не пілі. А вот свечачку засвечувалі. І кажам: трэба ж дзядам пакінуць, хай прыдуць вячэраць. А ў суботу варылі капусту, і ўжэ мачанку такую, і каўбасу і мяса кідалі, скаромную варылі. І кашу варылі ці грэчневую ці рысавую з маслам” (Вольга Мацкевіч, 1933 г.н., в. Семежава, Капыльскі р-н).

У Салігорскім раёне, дзе Дз. адпраўляліся тры дні, і ў чацвер былі Дзецкія Дз., пяклі бліны са смятанай: “Першы дзень у чэцьвер увечары то называліся дзецкія. Дак бліны пяклі от со сьметаной, а ў пятніцу квас варым. Кашу варым. Посные. Только посные. А ў суботу ўтром усе, што ў цебе ёсь, усе варым. Тры вечоры, это ўсегда. – А як эта дзецкія? – Так, дома, не ходзілі нікуда, але называлі это дзецкія, бліны напекуць, сьметанкі, молочка на стол і больш нічога. Поедзець і ўсегда трэбо, штоб стояло, ночовало” (Паўліна Ільюшчыц, 1925 г.н., в. Рог, Салігорскі р-н) [3, с. 331]

Прывядзем прыклады некалькіх комплексаў, характэрных для пэўных рэгіёнаў:

Посная вячэра:

канон – квас (магчыма, чорны квас = грыбны суп) – фасоль – рыба – куцця – кісель – Жлобінскі, Рагачоўскі р-ны: “Трэба варыць усё поснае, каб квас быў, квасоль, бліны, з рыбы чаго, куцьцю вару, шчэ якія дабаўкі, поснае ўсё. І вячэраем, і адкладаем етым дзядам. І канон дзелалі. Вадзічкі пасалодзяць і пакрышаць нямножка хлеба. І прэждзе чэм што есьці, нада канона ўзяць, тры разы, а патом квас, за квасам – квасоль, за квасоляй – рыбка якая. Па очарадзі. А заканчвалі куцьцёй і кісяльком. І ўсё аткладвалі” (в. Сцяпы, Жлобінскі р-н) [1, с. 332].

канун – каша – боршч – кісель: “На посныя кашу абязацельна варылі, пярловую зь мёдам, з ілюмам, патом боршчык, я вару шчаўлёвы, з грыбамі, нямножка поснага масла. Патос вару кісель і посныя бліны, толька на вадзе нада разьвесьці і напекці, патом іх с павідлам ці с варэньнем можна есьці, с посным маслачкам задзелаць і сахарку. Кампот яшчэ варым с сушкі дамашняі, жалацельна, штоб там былі грушы садовыя. Начыналі, сьвечку ставілі, маліліся, канун, канун рабіўся з мёдам, гарачае вадзічкі, просфірачка, есьлі есьць с цэрквы” (в. Новы Пуць, Брагінскі р-н) [Там жа, с. 333].

хлеб – куцьця – капуста ці боршч з грыбамі альбо шчаўе з рыбаю – каша ‘прусяная’ – кампот. “… куцьцю стаўлялы і сьвечку запальвалі, і той гарачы хлеб розламывалы на столе. А потом вжэ нэсьлі компот, там ужэ капусту тую, да ўжо кашу нэсьлі, во шчэ на’т хто коль рыбу”. (в. Моталь, Іванаўскі р-н)

Скаромная:

канун – квас з буракоў – мяса варанае – бліны – халоднае –… каша – Бярэзінскі, Салігорскі р-ны: “На стол ставяць усё такое, як на жалобныя сталы, гатуюць квас з буракоў, па чарцы гарэлкі ставілі, патос мяса якое зварым, і бліны пяклі, халодная варылі. Але толькі па стравах: тое зьядуць – другое паставяць. Начыналі есьці із квасу, каша была пасьленьняя, кашу ставяць, ужо больш ніякіх страў ня будзя. Канун дзелалі, зразу канун, а патом ужэ квас” (в. Ляды, Бярэзінскі р-н)

куцця – поліўка – камы – мяса (Расонскі р-н),

клёцкі з душамі – куцця – поліўка (Лепельскі, Ушацкі р-ны).

У памінальныя стравы таксама маглі ўваходзіць: боршч, гарох з макавым малаком, крупнiк з грыбамi або рыбай, боб (гарох) з мядовай сытой (Піншчына), поліўкі – грыбная, рыбная, мясная; верашчака, яечня на малацэ, ло́кшына (у выглядзе малочнага супа), салодкае і кіслае малако, галушкі з тварагом (Барысаўскі раён);

салодкія стравы: салама́тка – сушаныя яблыкі, ігрушы, ягады, вараныя на мёдзе (Дзісеншчына)

пітво: кісель аўся́ны, журавінавы, квас хлебны, квас бураковы, піва, гарэлка, наліўкі.

 

Падрыхтавала Святлана Клепікава

——————-

  1. Валодзіна, Т. «Ядраное жыта гаспадара кліча…”: каляндарны год у абрадах і звычаях / Т. В. Валодзіна, Т. І. Кухаронак – Мінск : Беларуская навука, 2015. – 356 с.: іл. – (Традыцыйны лад жыцця).
  2. Грэймас А.Ю. Пра багоў і людзей. У пошуках этнічнай памяці. / Пер. З літоўскай С. Шупы. – Мінск : Энцыклапедыкс, 2003. – 404 с.
  3. Міфалогія беларусаў: Энцыкл. слоўн. / склад. І. Клімковіч, В. Аўтушка; навук. рэд. Т. Валодзіна, С. Санько. — Мн.: Беларусь, 2011. — 607 с.: іл.
  4. Толстая С. М. Полесский народный календарь / С. М. Толстая. – Москва.: Индрик, 2005. – 600 с. (Традиционная духовная культура славян. Современные исследования).
  5. Tyszkiewicz E. Opisanie powiatu Borysowskiego.—Wilno, 1847, с. 377—381.