Танец і спеў

Танец

Танец заўсёды быў ці не галоўнай радасцю вясковага (і не толькі вясковага) чалавека. Паказаць сваю зухаватасць, спадабацца хлапцу (дзяўчыне), добра правесці час і выканаць праграму па фітнэсу – усё гэта ўтрымлівае ў сабе добрая вясковая вечарына.

Вы думаеце, усё гэта ўжо ў мінулым? Папытайцеся ў старых – любы раскажа вам пра “Кракавяк”, “Падыспан” і “Лявоніху”.

У традыцыйным танцы ёсць свае правілы і асаблівасці, але спасцігнуць іх досыць лёгка, і таму народныя танцы ніколі не былі прэрагатывай “майстроў сцэны”.

Дый не абмяжоўваліся яны ніколі сценамі клуба ці нейкім подыумам. На вуліцы, у карчме, на кірмашы – паўсюль, дзе быў гармонік ці дуда, былі і танцы.

Tancy_2

Весяліцца нашыя дзяды ўмелі, можа, лепей за нас, бо ў адрозненне ад сучасных забаваў, накіраваных найперш на асабістае задавальненне, традыцыйныя танцы стваралі агульны святочны настрой усіх удзельнікаў. Танчылі “ў парах”, “у тройках”, з пераменай пар, карагодамі, былі нават танцы-гульні, якія мелі свой “сюжэт”. Не трэба забывацца, што раней танцы гралі не апошнюю ролю ў знаёмстве хлопцаў і дзяўчат, у пошуку сабе пары. Насычаныя прыпеўкамі і жартамі, простыя ў выкананні традыцыйныя танцы здольныя разняволіць самых сарамлівых і няўпэўненых хлапцоў і дзяўчат.

Сябры СЭТ ужо шмат год вывучаюць народную танцавальную традыцыю Беларусі, і спрабуюць вярнуць яе ў сучасны свет.

Перыядычна ладзяцца майстар-класы са знакамітымі этнахарэографамі, паказальныя выступы ў школах. Сябры СЭТ прымаюць актыўны ўдзел у працы клуба традыцыйнага танца “СІТА”.

Спеў

Беларуская песня – гэта  апавяданне і загадка адначасова, якая нясе ў сабе глыбокі сэнс і заўжды рэзануе са свядомасцю і дзейнасцю чалавека ў традыцыі.

Чаму сёння варта вучыць традыцыйныя песні? Бо гэта – прыгажосць, кшталт, дарэчнасць і, як вынік, пазнака тоеснасці. Сябры СЭТ пяюць не толькі на занятках, але і падчас святаў, застолляў, на вяселлях і на хрэсьбінах. Гэта робіцца часткай жыцця, прыносіць радасць і асалоду ад працэсу спявання.

Спеў – гэта зусім не экзотыка для абазнаных у музыцы людзей. Раней у вёсках спявалі УСЕ. Падчас святаў і абрадаў, ігрышчаў і бяседаў, падчас цяжкай працы – усё жыццё ад нараджэння да хаўтураў чалавека суправаджала песня.

Свая песня была бадай на любую сітуацыю, яна задавала рытм і настрой будзённай працы. Пелі адзін адному – чальцам сям’і, грамадзе, – пелі пчолам і худобе, пелі зіме, вясне, лету, восені, пелі зямлі, пелі сонцу, будуючы эмацыйную сувязь з наваколлем, узгадняючы з ім свае дзеянні, імкнучыся да разумення, яднання. Ты сьпяваеш разам са мною – значыць, ты свой. “Спеліся” – зусім не выпадковая характарыстыка: значыць, часта перажывалі адзін настрой, умеюць адчуваць і падладжвацца адзін пад аднога.

На офісе Таварыства займаюцца некалькі гуртоў: Горынь, Dainava, Рутвіца.

Пры СЭТ на працягу года дзейнічаюць гурток жаночых спеваў і клуб мужчынскага традыцыйнага спеву “Дунай”.

Калі ў вас ёсць пытанні ў гэтым накірунку, ці вы хацелі б да яго далучыцца, то пішыце на e-mail: set@ethno.by

Танец "Шахцёр", у касцюшкавіцкай версіі.

Танец "Субота". Любанскі варыянт.