Песні вёскі Хатынічы: прэм’ера складанкі (аўдыё)
Героі гэтай складанкі – бясконцая крыніцы цяпла і гумару. Вясёлыя, добрыя і жыццярадасныя жанчыны і спявачкі з вёскі Хатынічы. Гэта не гурт, а нейкі стракаты букет дзяўчат-рагатушак. Праўда большасці з гэтых “дзяўчат” каля 80 год.
Хатынічы – вялікая вёска ў Ганцавіцкім раёне. Калісьці вакол была непралазная багна, а мясцовыя жыхары маглі патрапіць на “вялікую зямлю” усяго некалькі месяцаў на год. Сёння ўсё змянілася і мала што нагадвае знакамітыя здымкі Ісака Сербава і Міхася Раманюка. Але і цяпер старэйшыя хатыненкі крэпка трымаюцца свайго – у звычаях, адзенні, мове і канечне ў спеве.
Аснова складанкі – спевы тутэйшага гурта “Хатовічы”, зробленыя падчас экспедыцыі “Студэнцкага этнаграфічнага таварыства” па Ганцавіцкім раёне ў ліпені 2015 года. Пасля было яшчэ некалькі выпраў у Хатынічы, апошняя ў кастрычніку 2023 года.
Апроч спеваў гурта сюды ўвайшлі песні ў выкананні асобных спявачак: дуэт Кацярыны Іванаўны і Ганны Васільеўны Ярашэвіч, сольныя спевы Вольгі Фёдараўны Кот, Ганны Васільеўны Шамрылы, Кацярыны Іванаўны і Ганны Васільеўны Ярашэвіч. Нам было важна пазнаёміць слухача не толькі з яскравым і магутнымі спевам “Хатовіч”, але і паказаць хараство галасоў паасобку.
За 45 год існавання склад гурта паступова змяняўся. На змену старэйшым спявачкам прыйшлі маладзейшыя. Але цяпер упэўнена можна казаць, што “Хатовічы” сёння – гэта апошняе пакаленне жанчын, для якіх мясцовы спеў – натуральны гукавы фон, у якім яны раслі і фармаваліся. Спяваць для іх як дыхаць.
Гэтая складанка – падзяка фантастычным жанчынам і спявачкам. Упэўненая, што іх галасы падараць шмат радасці і натхнення нават неабазнанаму слухачу.
Складанку падрыхтавала Марыя Варахоб.
За дапамогу вялікі дзякуй Алесю Варахобу, Уладзіміру Кандраценю і Яўгену Барышнікаву. Асобная падзяка шматгадовай кіраўніцы гурта “Хатовічы”, цудоўнай Таццяне Іванаўне Буйкевіч.
Прыемнага праслухоўвання!