Пра нас

2_Expedition2015

Студэнцкае этнаграфічнае таварыства (СЭТ) – рэспубліканская моладзевая грамадская  арганізацыя, заснаваная ў 1995 г., калі прайшла першая этнаграфічная экспедыцыя сяброў арганізацыі. Тады былі даследаваны Жыткавіцкі і Лельчыцкі раёны Гомельскай вобласці. Потым у дзейнасці арганізацыі быў невялікі перапынак, актыўнасць аднавілася ў жніўні 1998 г. падчас экспедыцыі ў Лепельскі раён Віцебскай вобласці. СЭТ афіцыйна зарэгістравана ў 2002 г.

Сёння СЭТ – аб’яднанне этнографаў, майстроў і зацікаўленай моладзі, якіх турбуе знікненне беларускай традыцыйнай культуры. Сябры СЭТ вывучаюць яе, пераймаюць разнастайныя кампаненты, актуалізуюць традыцыйныя прынцыпы ды светапогляд у сучасным (збольшага гарадскім) асяроддзі.

Нам істотна не толькі зафіксаваць для нашчадкаў звесткі ад носьбітаў традыцыі, але і пераняць уменні (напрыклад, ганчарства, танцавальная ці песенная культура) і мудрасць ад вясковых людзей праз жывы кантакт. Менавіта такія стасункі дазваляюць адчуць, чаму гэтыя ўменні важныя, як яны ўпісваюцца ў карціну свету вясковага жыхара і як нам, найперш гарадскім людзям, жыць з гэтымі ведамі далей.

Мы адчуваем, што беларуская традыцыйная культура – гэта вялікі скарб, які меншае штодня. Менавіта таму нас цікавяць у першую чаргу непасрэдныя стасункі з носьбітамі, а таксама максімальна высокая якасць пераймання пэўных элементаў традыцыйнага ладу жыцця.

Ab_nas_2

Сярод накірункаў працы таварыства: этнаграфічныя экспедыцыі (больш за 20 у розныя раёны Беларусі), стварэнне і апрацоўка навуковага архіву і этнаграфічных калекцый, выпуск фальклорных матэрыялаў у выглядзе друкаваных выданняў і кампакт-дыскаў, арганізацыя дзейнасці фальклорных маладзёвых гуртоў, гурткоў па навучанні моладзі народным рамёствам і традыцыйным відам мастацтва, мастацкіх выстаў, акцый экалагічнага характару і навуковай працы студэнтаў, правядзенне народных святаў і абрадаў, лекцый і семінараў

З 2014 г. СЭТ афіцыйна акрэдытаваная пры ЮНЭСКА як кансультант па пытаннях нематэрыяльнай спадчыны.

Ab_nas_3

Спіс сяброў Рады СЭТ

Вытрымкі са Статута РМГА “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства”

Памятка Сябру СЭТ