Танец

Tancy_2

Танец заўсёды быў ці не галоўнай радасцю вясковага (і не толькі вясковага) чалавека. Паказаць сваю зухаватасць, спадабацца хлапцу (дзяўчыне), добра правесці час і выканаць праграму па фітнэсу – усё гэта ўтрымлівае ў сабе добрая вясковая вечарына.

Вы думаеце, усё гэта ўжо ў мінулым? Папытайцеся ў старых – любы раскажа вам пра “Кракавяк”, “Падыспан” і “Лявоніху”.

У традыцыйным танцы ёсць свае правілы і асаблівасці, але спасцігнуць іх досыць лёгка, і таму народныя танцы ніколі не былі прэрагатывай “майстроў сцэны”.

Дый не абмяжоўваліся яны ніколі сценамі клуба ці нейкім подыумам. На вуліцы, у карчме, на кірмашы – паўсюль, дзе быў гармонік ці дуда, былі і танцы.

Tancy_2

Весяліцца нашыя дзяды ўмелі, можа, лепей за нас, бо ў адрозненне ад сучасных забаваў, накіраваных найперш на асабістае задавальненне, традыцыйныя танцы стваралі агульны святочны настрой усіх удзельнікаў. Танчылі “ў парах”, “у тройках”, з пераменай пар, карагодамі, былі нават танцы-гульні, якія мелі свой “сюжэт”. Не трэба забывацца, што раней танцы гралі не апошнюю ролю ў знаёмстве хлопцаў і дзяўчат, у пошуку сабе пары. Насычаныя прыпеўкамі і жартамі, простыя ў выкананні традыцыйныя танцы здольныя разняволіць самых сарамлівых і няўпэўненых хлапцоў і дзяўчат.

Сябры СЭТ ужо шмат год вывучаюць народную танцавальную традыцыю Беларусі, і спрабуюць вярнуць яе ў сучасны свет.

Перыядычна ладзяцца майстар-класы са знакамітымі этнахарэографамі, паказальныя выступы ў школах. Сябры СЭТ прымаюць актыўны ўдзел у працы клуба традыцыйнага танца “СІТА”.

Танец "Шахцёр", у касцюшкавіцкай версіі.

Танец "Субота". Любанскі варыянт.