

Жаніцьба коміна – абрад, што даўней здзяйсняўся двойчы на год (увосень і ўвесну), маркіруючы пачатак і канец перыяду запальвання агню ў хаце, хатніх прац. Восеньская Жаніцьба коміна прымяркоўвалася ў розных мясцінах да розных дат: 11 верасня (дзень Івана Галавасека), 14 верасня (дзень Сімяона Стоўпніка), ці каля 22 верасня (дзень восеньскага раўнадзенства). Вясновая Жаніцьба коміна праходзіла на Фаміным тыдні (другі па Вялікадні). Са спеваў і дзеянняў, характэрных для абраду, вынікае, што гаспадар хаты ў гэты ж дзень засяваў азімае жыта, адбывалася ініцыяцыя дзяўчат, што “запрадалі” (пачыналі наведваць попрадкі і вячоркі – працоўныя сборы моладзі).
Судзячы па песні з в. Дзяржынск Лельчыцкага раёна,
Ой, прышлі ж ночэнькі доўгенькі,
Пасвяці нам, коміну беленькі.
Мы ж цябе кветкамі ўбіралі,
І барвеночком нараджалі.
Праца-дзеўка наша гарненька,
Палюбіць коміна радзенька.
Мы ж цебе будомо жэніці,
Жэніці, квас, мёд, піво піць.
Ты свеці ж, комінку, ясненька,
Пабуджай чэлядку раненько.
Шыці, прасці, ткаці маладым,
А порадок даваць нам, старым.
комін “жэніцца” з зімовай хатняй працай.
У в. Пагост Жыткавіцкага раёна разам з комінам упрыгожваюць хмелем печ, таму можна і яе разглядаць як “нявесту” коміна.
Даследчык Алесь Лозка звяртае ўвагу на прымеркаванасць Жаніцьбы коміна да старажытнага восеньскага навагоддзя, праводзіць паралель з Жаніцьбай Цярэшкі, што здзяйсняецца на Каляды (таксама Новы год, толькі зімовы).
Абрад Жаніцьба коміна зафіксаваны на Цэнтральным і Усходнім Палессі (Пінскі, Лельчыцкі, Столінскі, Жыткавіцкі раёны). Восеньскую Жаніцьбу ладзіць 11 верасня гурт “Міжрэчча” в. пагост Жыткавіцкага раёна. Спрабуючы актуалізаваць традыцыю ў сваёй супольнасці, Жаніцьбу коміна ладзяць у верасні сябры гомельскай краязнаўчай суполкі “Талака”.
Аўтар - Алена Ляшкевiч
Фота - Любоу Еудакiменка