Бортніцтва – старадаўні лясны промысел, які выпрацаваў своеасаблівыя падыходы, тэхнікі і традыцыі, уласцівыя кожнаму рэгіёну сучаснай Беларусі, а таксама былым тэрыторыям Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага.
Бортніцтва ўзнікла як адгалінаванне збіральніцтва ў часы натуральнай гаспадаркі на тэрыторыях, дзе жылі пчолы. Найбольшае развіццё атрымала на лясных абшарах Еўропы (збольшага Цэнтральнай і Усходняй). “Залаты век” тутэйшага бортніцтва прыйшоўся на 14–16 стагоддзе, калі сфармаваўся вялікі попыт на воск і мёд сярод розных краін Еўропы. У гэтыя часы воск і мёд складалі асноўную частку вывазу тавараў з тэрыторыі ВКЛ. Так, 500 гадоў таму праз чатыры мытныя каморы было вывезена 42,4 тыс. тон мёду ў сотах (для параўнання – у 2013 годзе з тэрыторыі Беларусі было вывезена толькі 9 тон мёду). Значнасць бортніцтва для гаспадаркі княства пацвярджаецца тым фактам, што немалая частка апошняга статута ВКЛ была прысвечана бортніцтву (рэгламентаваліся пытанні ўласнасці, выкарыстання, пакаранняў за парушэнні і іншае). Пасля таго як попыт сярод краін Еўропы на якасную драўніну і лес значна павялічыўся праз хуткае скарачэнне лясістасці ў гэтых краінах, лес у ВКЛ набывае статус асноўнага тавару вывазу. Пасля вынішчэння часткі лясоў, павелічэння ворыва, увядзення грашовага пакарання за наведванне карабельных лясоў значна знізілася важнасць бортніцтва. З пачатку 18 стагоддзя бортніцтва паступова прыходзіць у заняпад. Значнае скарачэнне гаспадарчай каштоўнасці прывяло да таго, што былі скасаваныя падаткі, каб стымуляваць далейшае развіццё. Аднак вынаходніцтва рамовага вулля, а таксама значнае скарачэнне выкарыстання мёду і воску прывялі да пераходу ў пчалярства як галіну прамысловасці.
У такіх умовах далёкія і цяжкадаступныя мясцовасці: Белавежская, Гарадзенская, Налібоцкая, Аўгустоўская пушчы, а таксама Палессе былі рэгіёнамі, якія амаль ніяк не адчулі зменаў. І насельніцтва, як тое было тысячу гадоў таму, працягвала займацца традыцыйным промыслам у межах распрацаванага раней звычаю, традыцыі і тэхнікі.
Традыцыі бортніцтва ўлучаюць у сябе шырокі пласт традыцыйных тэхнік, абрадаў, звычаяў, мадэлі традыцыйнага светаўспрымання. Ад таго бортныя традыцыі, а таксама сакрэты, перадаваліся ад бацькі да сына – такім чынам бортніцтва перадавалася па мячы ў спадчыну. Такая перадача вельмі моцна нагадвае практыкі сярод знахараў і ведзьмакоў, што таксама адлюстравалася ва ўспрыманні бортніка (як і млынара, каваля) ў якасці чараўніка, які мог як вылечыць, так і скалечыць.
Галоўным аб’ектам пашаны ў бортніцтве выступала пчала. Казалі пра яе толькі з павагай, як пра боскае стварэнне, самае чыстае. А ў некаторых мясцовасцях пчаліную матку называлі божай маткай. Каля пчол круціліся ўсе дзеянні бортніка ад самай вясны да самай восені.
Акрамя таго, важнае месца таксама займала борць (пазней калода), якая ўвабрала ў сябе функцыі жытла для пчол. Каштоўнасць такіх “хатаў” пацвярджалася тым фактам, што борці (бортныя дрэвы), а таксама калоды пераходзілі ў спадчыну сынам, былі ў якасці пасагу для дачок, а таксама з’яўляліся своеасаблівым сродкам плацяжу.
Складаная тэхніка пад’ёму на дрэва, а таксама выдзёўбвання борці сфарміравала ўспрыняцце бортнікаў, як “малпаў” або вавёрак, што маглі хутка ўзбірацца на дрэвы рознай вышыні.
Акрамя таго, што бортніцтва ўлучае ў сябе практычную (матэрыяльную) частку традыцыі, таксама вялікае значанне мела нематэрыяльная частка.
У бортніцтве існавала свая асаблівая сістэма пісьма, якая складалася з рысак, трохкутнікаў, дуг, кружкоў і некаторых іншых элементаў. Такая сістэма пісьма выкарыстоўвалася для пазначэння ўласнасці бортнага дрэва, прылад і асабістых рэчаў бортніка. Уся сістэма пісьма ўвасаблялася ў бортных знамёнах, што мелі свой уласны назоў, і з’яўляліся подпісам бортніка (вельмі шмат такіх подпісаў ёсць на старажытных судовых кнігах, дзе разглядаліся бортныя справы), сямейным гербам, які перадаваўся спадчынна (калі было некалькі сыноў, то бортнае знамя магло дапаўняцца і трошкі змяняцца ў адпаведнасці са звычаямі). Самае вядомае бортнае знамя ў Беларусі высечана на 500-гадовым дубе Мінтусе, што ў Гомельскай вобласці.
Прынада – адмысловы (сакрэтны) рэцэпт ловаў і саджання пчолаў у борці. Прынада была настолькі сакрэтнай, што яе рэцэпт перадаваўся толькі спадчынна перад самай смерцю бортніка. Гэта быў набор зёлак, іншых рэчываў і дзеянняў (абрадаў, замоў), што падвышалі верагоднасць асядання пчолаў у борці бортніка. Улучаў звычайна мялісу, крушыну, багун, сыту і іншыя элементы. Рэцэпт у кожнага бортніка быў свой, які ён вынаходзіў на працягу доўгага назірання за паводзінамі пчолаў.
Другім нематэрыяльным элементам традыцыі з’яўляліся замовы, якія таксама пераходзілі спадчынна. Гэта вымоўныя формулы дзеля прадухілення знішчальнага ўздзеяння прыродных з’яваў, людзей, жывёлін на пчолаў або раі. Таксама замовы выкарыстоўваліся пры лоўлі пчолаў і іх саджанні ў борць альбо калоду. Замовы зяўляюцца неад’емнай часткай абраду з рознымі травамі, рэчамі.
Неад’емнай часткай звычаяў таксама была бонда — старажытны звычай дзяліцца з бліжэйшымі суседзямі ўсім, што было набыта збіральніцтвам, што асабліва моцна выяўляецца ў лясной гаспадарцы. Так, калі бортнік збірае мёд (выразае яго з борці) і калі ў гэты час трапляецца нехта (вандроўнік, аднавясковец), то абавязкова бортнік частуе кавалачкам сотаў з мёдам. Паводле народнага павер’я, нават вораг, які прыняў пачастунак мёдам, станавіўся лагодным і забываў пра варажнечу. Звычай даваць бонду строга захоўваўся, бо існавала павер’е, што калі хто не дасць бонды, то ўжо ніколі сам не будзе мець гэтага прадукту.
Існаваў таксама звычай сябрыны, калі бортнік дарыў аднавяскоўцу рой пчолаў, а той аддавай яму палову мёду, атрыманага з гэтага рою, што, паводле звычаю, замацоўвала трывалае сяброўства паміж імі.
На працягу доўгага часу, яшчэ да прыняцця першага статута ВКЛ, бортніцтва выпрацавала адмысловы заканадаўчы механізм абароны сваіх правоў, які функцыянаваў паводле прынцыпаў звычаёвага права, якое было абавязковым у грамадзкім асяроддзі. Звычаёвае права існавала разам з заканадаўчымі актамі і без іх і праіснавала да пачатку 18 стагоддзя. Перайсці нябачную мяжу звычаю мала хто адважваўся. Крадзеж мёду здаўна лічыўся амаль такім жа цяжкім злачынствам, як і забойства. Мянушка “пчаладзёр” на ўсё жыццё ганьбіла злодзея, ставіла яго па-за межамі грамады. У шматлікіх літаратурных крыніцах 16—17 стст. прыводзяцца апісанні расправы: пчаладзёру ўскрывалі страўнік і ганялі яго вакол дрэва датуль, пакуль ён, апавіўшы вантробамі ствол, не падаў нежывым. Таксама большасць бортных справаў разглядалася копнымі судамі, якія ў архіўных дакумэнтах называліся проста “капа” або “гайны суд”. Копныя суды праіснавалі ў Беларусі да 18 стагоддзя. У якасці суддзяў на капе выступалі копнікі (копныя мужы, капляне), якія абіраліся з ліку жыхароў сумежных вёсак. Гэта былі найбольш аўтарытэтныя сяляне, што валодалі добрай рэпутацыяй, а таксама старцы, кіраўнікі грамады, што ўваходзіла ў копную акругу.