Пахаванне стралы

Pahavanne_Straly_1Абрады ваджэння і пахавання стралы характэрныя для тэрыторыі рассялення племені радзімічаў (Пасожжа, сучасная Гомельская вобласць), а таксама сустракаюцца ў Брэсцкай вобласці (напрыклад, велікодны карагод “Стрылка” в. Бездзеж Драгічынскага раёна ). “Вадзіць стралу” пачынаюць на Вялікдзень, а дзе-нідзе і на Благавешчанне. “Хаваюць” на Ушэсце (праз 40 дзён па Вялікадні). “Ваджэнне стралы” складаецца з карагодаў пад адмысловыя “стрэльныя” песні. У якасці стралы хаваюць у жыце (зрэдку – на могілках) металічныя прадметы (капейку, шпільку.), самаробную ляльку (з травы, кавалачкаў тканіны), хлеб, грабенчык і інш. Сімволіка абраду пахавання стралы адсылае да касмаганічнага міфу індаеўрапейцаў, дзе Бог-Грымотнік сваімі стрэламі апладняе зямлю. На пытанне “Нашто хаваць стралу?” бабулі адказваюць: “Каб ураджай быў”, “Каб дождж ішоў”.

Сябры СЭТ звычайна далучаюцца да абрадаў ваджэння і пахавання стралы ў месцах іх жывога бытавання. Жывыя абрады ў вёсках Стаўбун, Неглюбка, Казацкія Балсуны, Пералёўка Веткаўскага раёна, Валосавічы Чачэрскага раёна. На этнічных беларускіх землях, што цяпер знаходзяцца ў складзе Расіі – у Верашчаках, Віхолцы, Кацічах і Старых Бабонічах (па чарзе, кожны год у адной з вёсак) Навазыбкаўскага раёна Бранскай вобласці.

Калі ў вас ёсць пытанні ў гэтым накірунку, ці вы хацелі б да яго далучыцца, то пішыце на e-mail: set@ethno.by