Цягам 2008-2011 гадоў сябрамі СЭТ была падрыхтавана і праведзена перасоўная выстава "Беларускае вяселле: традыцыі і сучаснасць".
Выставай "Беларускае вяселле: традыцыі і сучаснасць" распачаты арт-праект "Беларускі стыль". Штуршком да яго ўзнікнення стала знаёмства з дызайнам экспанавання этнаграфічных калекцый у Паўночным музеі (Стакгольм, Швецыя). Уразілі адносіны шведаў да сваёй культурнай спадчыны і сфармаванае ў сучасным інтэр’еры і дызайне паняцце “шведскі стыль”, які вызначаецца стрыманасцю, мінімалізмам, выкарыстаннем выключна натуральных матэрыялаў, багаццем ручных вырабаў і наогул прысутнасцю традыцыйных рамёстваў у штодзённым жыцці.
Канцэпцыя выставы распрацавана групай мастакоў у складзе Ірыны Мазюк, Святланы Клепікавай, Вольгі Дзядовік, Насты Глушко і Наталлі Сухой. Галоўнай мэтай для стваральнікаў выставы стаў пошук і прэзентацыя беларускага стылю як формы жыццёвага асяроддзя, якая грунтуецца на нацыянальных традыцыях. Выстава вандравала па рэгіянальных музеях, што выклікала цікавасць да вывучэння мясцовых вясельных традыцый як у музейных супрацоўнікаў, так і наведвальнікаў. Да таго ж, кожны з музеяў меў магчымасць уключыць у змест экспазіцыі мясцовыя рэчы, сугучныя вясельнай тэматыцы.
Вяселле – важны і хвалюючы момант у жыцці кожнага чалавека. Ідэя выставы – паказаць прадметы ў жыцці, у адрозненне ад звыклых нам музейных экспазіцый. Большасць экспанатаў зроблена маладымі майстрамі спецыяльна для выставы (стылізаваныя вясельныя строі, абутак, паясы, упрыгожванні і інш.) і разлічана на эмацыйнае ўздзеянне, стварэнне вобразу, жаданне гледача “прымерыць” сітуацыю на сябе. Акрамя таго, у экспазіцыі былі прадстаўлены аўтэнтычныя рэчы і калекцыя вясельных фотаздамкаў розных часоў.
За час работы выстава была прэзентавана ў наступных гарадах: Мінск, Маладзечна, Заслаўе, Мядзель, Паставы, Полацак, Глыбокае, Міёры, Браслаў, Сянно, Віцебск, Талачын, Магілёў.
Артыкулы ў СМІ пра падзею:
Газета "Культура": "Пакойчык для вяселля" ў беларускім стылі
Старонка полацкага музея: Адкрыццё выставы «Вяселле: традыцыі і сучаснасць». Полацк
TUT.BY: У Магілёве адкрылася выстава пра традыцыйнае беларускае вяселле (відэа)
TIO.BY: Магілёўцы вывучаюць традыцыі і сучаснасць беларускага вяселля на выставе ў краязнаўчым музеі