Ганчарства – адно з самых старажытных рамёстваў ва ўсім свеце, якое застаецца актуальным да сённяшняга дня. Глякі, рынкі, збаны, куфлі, свістулькі-конікі, акарыны, гладышы – усё тое, што рабілася тысячу год таму і застаецца прыдатным у сучаснай гарадской кватэры.
У вобразе ганчара ў міфах многіх народаў паўстае бог ці культурны герой, які творыць першых людзей (ці іх асобныя часткі) з гліны. Па некаторых беларускіх паданнях, з гліны былі таксама вылепленыя некаторыя жывёлы.
Традыцыйнае ганчарства прадстаўлена ў Беларусі некалькімі школамі ў Івянцы, Ракаве, в. Гарадная Столінскага раёна. У апошнія гады ганчарны промысел набывае ўсё большую папулярнасць сярод маладых майстроў, што імкнуцца адрадзіць старыя тэхналогіі. СЭТ падтрымлівае кантакт са старымі і маладзейшымі майстрамі, запрашае іх далучацца да кірмашоў падчас святаў, што ладзіць.
Занятак гэты патрабуе пэўных навыкаў і ўменняў, але навучыца рабіць самыя простыя рэчы можа кожны ахвочы.
Інфармацыю пра бліжэйшыя майстр-класы па гачарстве можна атрымаць, напісаўшы на e-mail: set@ethno.by