Традыцыйная культура яднае людзей усіх узростаў, і вельмі добра, калі чалавек далучаецца да яе з малых гадоў. Сямейны клуб СЭТ створаны для маладых бацькоў, якія цікавяцца беларускімі сямейнымі традыцыямі і жадаюць выкарыстаць народны педагагічны досвед у выхаванні сваіх дзяцей.
Пачутыя ад бабуль-дзядуль ці запісаныя ў экспэдыцыях калыханкі, забаўлянкі, лічылкі, дзіцячыя песенкі, казкі, гульні – гэта каштоўны скарб, выкшталтаваная стагоддзямі, поўная мацярынскай пяшчоты форма звароту да дзіцяці з тым, каб пазабавіць яго, суцешыць ці проста заняць час.
Дзіцячы фальклор вельмі спрыяе фізічнаму і духоўнаму развіццю: гульні-забаўлянкі з ручкамі-ножкамі немаўлят дзейнічаюць як гімнастыка, гушкалкі і прыгаворы дапамагаюць дзеткам хутчэй вывучыць гукі і навучыцца гаварыць.
Праз гульні, песні, карагоды малыя атрымліваюць не толькі шмат задавальнення і весялосці, але і першыя ўяўленні пра наваколле, працу, сацыяльныя стасункі. На сустрэчах клуба наведвальнікі вучацца рабіць традыцыйныя цацкі і забаўкі для дзетак, размаўляюць пра звычаі і традыцыі, звязаныя са з’яўленнем дзіцяці на свет і паступовым уваходам яго ў соцыюм. Вядзецца праца над тым, каб этнавыхаванне як мага болей ужывалася ў дзіцячых садках і школах.
Калі ў вас ёсць пытанні ў гэтым накірунку, ці вы хацелі б да яго далучыцца, то пішыце на e-mail: set@ethno.by