БАГАЧ 2016 – 1 кастрычніка
Шаноўныя сябры! Багач пераносіцца на тыдзень пазней, на 1 кастрычніка 2016 г. Усё астатняе застаецца бяз зменаў.
Студэнцкае этнаграфічнае таварыства і Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы зноў ладзяць у Вязынцы Багач.
Сёлета свята адбудзецца 1 кастрычніка, пачатак а 13 гадзіне.
У народным календары Багач прымеркаваны да заканчэння збору ўраджая (“к гэтаму часу ў кожнага ўсяго багата”) і першаму запальванню хатняга агменю – васковай свечкі ў лубцы з жытам, якую ставяць на покуць і захоўваюць там на працягу ўсяго года, што прыносіць у дом багацце і шчасце. Абрад скіраваны на захаванне дабрабыту, ураджайнасці, плоднасці жывёлы, сямейнага ладу.
Асноўнай дзеяй свята з’яўляецца ссыпанне агульнага Багача, таму мы зноў просім усіх нашых гасцей захапіць з сабой па жменьцы зерня.
У гэтым годзе на свяце праспяваюць урачыстыя дажынкавыя песні гурты Рутвіца, Мярэжа, Горынь, Дайнава, а танцавальную вечарынку зладзяць музыкі і танцоры клуба традыцыйнага танца Сіта. Акрамя таго, на свяце будзе працаваць дзіцячая пляцоўка з рознымі радасцямі. Як заўжды, будзе дзейнічаць традыцыйная кухня і кірмаш.