Багач 2017. Запрашаем!
Студэнцкае этнаграфічнае таварыства і Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы зноў ладзяць у Вязынцы Багач.
Сёлета свята адбудзецца 24 верасня , пачатак а 12 гадзіне.
У народным календары Багач прымеркаваны да заканчэння збору ўраджая (“к гэтаму часу ў кожнага ўсяго багата”) і да першага запальвання хатняга агменю – васковай свечкі ў лубцы з жытам, якую ставяць на покуць і захоўваюць там на працягу ўсяго года, што прыносіць у дом багацце і шчасце. Абрад скіраваны на захаваннедабрабыту, ураджайнасці, плоднасці жывёлы, сямейнага ладу.
Асноўнай дзеяй свята з’яўляецца ссыпанне агульнага Багача, таму мы зноў просім усіх нашых гасцей захапіць з сабой па жменьцы зерня.
У гэтым годзе на свяце праспяваюць урачыстыя дажынкавыя песні гурты Мярэжа, Горынь, Дайнава, Астроўна, Варган і дзіцячыя гурты Каралікі і Калыханка, а танцавальную вечарынку зладзяць музыкі і танцоры клуба традыцыйнага танца Сіта. Акрамя таго, на свяце будзе працаваць дзіцячая пляцоўка з рознымі радасцямі. Як заўжды, будзе дзейнічаць традыцыйная кухня і кірмаш.
Як даехаць: электрычка з Менску едзе ў 11.11, прыбывае ў Вязынку ў 12.02. Назад з Вязынкі можна ехаць электрычкамі на 16.52, 17.06.
Для ўваходу на тэрыторыю музея, дзе адбудзецца свята, трэба будзе набыць музейны квіток. Кошт квіткоў – дарослыя – 2 бел. руб., студэнты, дзеці – 1 бел. руб.