СЭТ ладзіць экспедыцыі кожнае лета, пачынаючы ад свайго заснавання ў 1998 г. За гэтыя гады было праведзена больш за 30 буйных экспедыцый і ахоплена каля 25 раёнаў Беларусі, а таксама некалькі памежных раёнаў Расіі і Латвіі. Колькасць кароткатэрміновых экспедыцыйных выездаў на працягу ўсяго года ўжо, напэўна, не паддаецца падліку. У такіх вандроўках сябры СЭТ апытваюць старых людзей пра тое, як жылося даўней, якія адзначаліся святы, як лекаваліся і харчаваліся, што насілі, як гадавалі дзяцей.
Старыя пяюць песні, дзеляцца сакрэтамі рамёстваў, якія сёння ўжо амаль забытыя, а часам, нягледзячы на свае гады, нават паказаюць танцы сваёй маладосці.
Скажыце, калі ласка, навошта вы ўжо 20 год ездзіце ў экспедыцыі?
Дзякуючы сабраным у экспедыцыях звесткам пра мясцовую культуру вяртаюцца да жыцця мясцовыя святы і абрады. Фальклорныя запісы становяцца крыніцай натхнення для музычных гуртоў. Знаёмствы з мясцовымі майстрамі дазваляюць навучацца рамёствам. Падчас экспедыцый папаўняецца таксама этнаграфічная калекцыя СЭТ, матэрыялаў якой ужо сёння дастаткова для стварэння музею.
Экспедыцыі даюць каштоўны досвед самім удзельнікам. Гэта погляд у мінулае ― стасункі са старымі суайчыннікамі, сведкамі зусім іншай эпохі і ўкладу, што карысна, зрэшты, для абодвух бакоў. Адначасова гэта погляд у будучыню ― досвед грунтоўнай супольнай працы ў нязвыклых умовах.
Штогод улетку можна далучыцца да вялікай экспедыцыі СЭТ (пасля праходжання невялікага навучання і сумоўя). Таксама ў СЭТ можна атрымаць кансультацыю аб самастойным апытанні сваякоў ці іншых старэйшых жыхароў сваёй мясцовасці.
Калі ў вас ёсць пытанні ў гэтым накірунку, то пішыце на e-mail: set@ethno.by