Адзін з накірункаў дзейнасці СЭТ – вывучэнне і перайманне традыцыйных рамёстваў.
У сучасным свеце, дзе за чалавека ўсё робяць машыны і гаджэты, уменне ствараць сваімі рукамі прыгожыя і функцыянальныя рэчы набывае новы сэнс.
Вывучаючы старыя прадметы побыту, атрымліваючы інфармацыю ў экспедыцыях, паўтараючы за старымі майстрамі, сябры СЭТ спрабуюць авалодаць тэхнікай і праз майстар-класы перадаць гэтыя ўменні сучасным гарадскім жыхарам.
НАРОДНЫ СТРОЙ
Традыцыйны строй – гэта прыгожы і поўны сімвалізму комплекс, які заховае ў сабе гісторыю, ментальнасць і эстэтыку жыхароў гэтай зямлі. Народны строй розны ў розных рэгіёнах Беларусі. Таму пашыў традыцыйнага адзення сёння – гэта цікавы працэс з паглыбленнем у рэгіянальныя традыцыі. Чытаць болей...
ТКАЦТВА
Нават у сучасным гарадскім інтэр'еры знаходзіцца месца тканым ручнікам ды палавікам. Амаль у кожнай вёсцы Беларусі ёсць хата, а то і не адна, дзе на гарышчы ляжыць разабраны ткацкі станок, а памяць пра тэхніку ткацтва дайшла да нашых дзён і ёй можна навучыцца. Чытаць болей...
ШАПАВАЛЬСТВА
Шапавальства - гэта традыцыйнае рамяство па вырабе валёнак, шапак-магерак, лямцаваных дэталяў для конскай збруі. Традыцыя шапавальства у жывым бытаванні захавалася ў Дрыбінскім і Міёрскім раёнах і перадаецца там з пакалення ў пакаленне.
Асноўны матэрыял для гэтага рамяства - авечая воўна.
ГАНЧАРСТВА
Ганчарства - адно з самых старажытных рамёстваў ва ўсім свеце, якое застаецца актуальным да сённяшняга дня. Глякі, рынкі, збаны, куфлі, свістулькі-конікі, акарыны, гладышы - усё тое, што рабілася тысячу год таму і застаецца прыдатным у сучаснай гарадской кватэры. Бо вырабы з гліны - практычныя, эстэтычныя і экалагічныя. Чытаць болей...
ЛАЗАПЛЯЦЕННЕ
Сучасны свет, з ягонымі цалафанавымі пакетамі і пластыкавымі скрынямі нібыта пазбаўляе неабходнасці вырабу тары з дрэва, кары ці лазы, але наяўнасць дома добрага кошыка для грыбоў ці берасцяной скрыні - гэта вельмі экалагічна, асабліва калі рэч зроблена сваімі рукамі.
З 2012 г. СЭТ штогод праводзіць тыднёвы летнік у Пухавіцкім раёне, дзе можна навучыцца розным тэхнікам пляцення з лазы.
БОРТНІЦТВА
Бортніцтва - старадаўні лясны промысел, які выпрацваў своеасаблівыя падыходы, тэхнікі і традыцыі, ўласцівыя кожнаму рэгіёну сучаснай Беларусі, а таксама былым тэрыторыям Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага.