Віктар Прыбышчук: скрыповыя найгрышы

Дарагі слухач!

Прапануем тваёй увазе традыцыйныя смыковыя найгрышы, запісаныя ў 1984 годзе ад вясковага скрыпача з Іванаўскага раёна. Арыгінальнасьць, разнастайнасць і ўзровень выканання танцавальных мелодый не пакідае ніякага сумневу ў надзвычайнай прыроднай адоранасці музыканта і выразнай культурнай самабытнасці гэтага заходне-палескага рэгіёну. Таму, спадзяемся, выданне будзе карысным і прыемным для ўсіх, хто любіць традыцыйную музыку, вывучае або імкнецца аднаўляць яе. Матэрыялы ласкава прадастаўленыя збіральнікам — Мікалаем Аляксеевічам Козенкам.

Віктар Калістратавіч Прыбышчук (1902–1993), па-вясковаму “Вітё”, “дід Вітё”, нарадзіўся ў вёсцы Ляхавічы каля Янава (Іванава), колішняга Кобрынскага павету. Мужчыны ў ягонай сям’і ўмелі і граць на смыках, і майстраваць іх. У сямейнай капэле малы “Вітё” падбіваў на “барабане” (бубне), пасля перасеў за басэтлю, на скрыпцы пачаў граць у 10 год. У дваццацігадовым узросце стаў рабіць інструменты самастойна, зладзіў уласную басэтлю, на якой пасля басавалі без перапынку амаль 70 гадоў.

У 1935 годзе Віктар Прыбышчук перасяляецца ў суседнюю, жончыну, вёску Гарава́та. У часе ІІ Сусветнай вайны ўдзельнічае ў мясцовым партызанскім руху. Пасля вайны збірае вакол сябе гурт з ляхавіцкіх музыкаў, “капэлу”. Смыковая капэла з Гараваты-Ляхавічаў спачатку зарабляла на мясцовых вяселлях, калі ж у 1970-х вясельная мода схілілася ў бок гармонікаў і баянаў – працягвала граць на святах у сваякоў і ў клубах – для ўласнага задавальнення.

Музыкі з Іванаўскага раёна неаднаразова прыцягвалі ўвагу даследчыкаў і папулярызатараў традыцыйнага мастацтва. З імі разам граў легендарны менскі майстар Уладзімір Пузыня, іх запісвала этнамузыколаг Іна Назіна, а ў архівах беларускага тэлебачання павінны яшчэ захоўвацца даўнія відэасюжэты пра капэлу.

Прапанаваны ніжэй альбом найгрышаў Віктара Прыбышчука паўстаў, дзякуючы намаганням вядомага беларускага этнахарэографа Мікалая Аляксеевіча Козенкі. У 1983 годзе ён знаёміцца з музыкамі, а ў 1984, пад час экспедыцыі ў Іванаўскі раён, прапануе ім аднавіць для запісу свой традыцыйны рэпертуар. Даследчыку пашанцавала з апаратурай: якасны магнітафон знайшоўся ў мясцовым аддзеле культуры. У выніку – скрыпак Прыбышчук, найстарэйшы з апошняга складу капэлы і яе фактычны кіраўнік, пакідае для нашчадкаў свой багаты меладычны запас, які каранямі сягае самага пачатку мінулага стагоддзя, вядзе радавод ад колішняга грання разам з бацькам-музыкам. Некалькі трэкаў з гэтага запісу і нотныя расшыфроўкі паасобных найгрышаў раней друкаваліся збіральнікам у выданні Традыцыйная мастацкая культура беларусаў. У 6 т. Т. 4. Брэсцкае Палессе. У 2 кн. Кн. 1. – Мінск, 2008.

Нават беглы агляд рэпертуара Віктара Калістратавіча Прыбышчука можа ўразіць аматараў традыцыйнага выканальніцтва. Надзвычай падрабязнае і акуратнае, як для вясковага музыкі-самавука, іменаванне полечна-вальсавых найгрышаў – полькі Агаўская (“Огово”), Дастоеўская (“Достоево”), Ляхавіцкая (“Ляховічы”) і Сушанская (“Сухэе”), вальс Бараўскі (“Боровая”), вальс Бродніцкі (“Бродніца”). Гэткімі назвамі, што нададзеныя самім выканаўцам з Гараваты, уганараваныя суседнія вёскі. Многія найгрышы прадстаўленыя не паасобку, а цэлымі “нізкамі”, што сведчыць пра не абы якую музыканцкую памяць 80-гадовага музыкі. Побач з полькамі мясцовага “разліву” — “Слуцкія” , што былі прывезеныя дзядзькам і стрыечнымі братамі з Усходняй Беларусі.

Паўсюдна вядомыя танцавальныя мелодыі (“Падэспань”, “Краков’як”, “Какетка”) чаргуюцца ў альбоме з творамі лакальнай выканальніцкай традыцыі (“Чобаты”, мясцовая “Кадрыля”, “Казачок/Грачанікі/Просты” ). Яшчэ адна група найгрышаў, цікавых як для даследчыкаў, так і для аматараў – “модныя” мелодыі аднаго пакалення, перанятыя і захаваныя ў памяці нашага выканаўцы, але сёння практычна ўжо страчаныя ў жывой традыцыі – “Грайс-полька”, “Полька-латышка”, “Галоп”. Вясковая пагаворка прыпісвае аўтарства часткі найгрышаў самому В.К. Прыбышчуку. Так, сваякі скрыпача сцвярджаюць, што “Палескі вальс” ён злажыў сам, як і тую скрыпку, што дагэтуль беражліва захоўваецца ў сям’і.

Дык, як там той казаў, шаноўны слухач? Грай, скрыпка, грай!

Аляксей Крукоўскі

Электроннае выданне падрыхтавана РМГА „Студэнцкае этнаграфічнае таварыства“.

У падрыхтоўцы выкарыстаныя інфармацыя і фотаздымкі з сямейнага архіва ўнучкі скрыпача — Алены Мікалаеўны Ліннік (г. Іванава). Сучасныя здымкі — Сяргей Макарэвіч, апрацоўка здымкаў — Аляксандра Сайкоўская.
Рэстаўрацыя гуку і дызайн вокладкі — Яўген Барышнікаў.
Каардынатар праекта — Аляксей Крукоўскі.