Песні з экспедыцый: “Ганцавічы-2015”

Шаноўныя слухачы!

Складанка “Ганцавічы-2015” — гэта 30 трэкаў, аб’яднаных месцам і часам запісу. Прапанаваныя вам песні і найгрышы сабраныя ў Ганцавіцкім раёне (а таксама ў памежных вёсках суседніх раёнаў) падчас экспедыцыі “Студэнцкага этнаграфічнага таварыства” у ліпені 2015 года.

Логіка будовы складанкі простая — хочацца пазнаёміць слухача з максімальнай колькасцю песенных жанраў і спеўных манер, пачутых намі ў экспедыцыі. Напрыклад, старажытныя купальскія песні, якія нашы рэспандэнткі ўжо амаль не спявалі самі, але памятаюць ад сваіх мам ды бабуль. Не менш старажытны, але адносна жывы і сёння вясельны спеў, які абавязкова гучаў у палескіх вёсках яшчэ ў 1970-х. Асабліва любімая народнымі спевакамі лірыка: балады, “трагічныя” рамансы, вясёлыя прыпеўкі (куды ж без іх!). Завяршаюць гэтую спеўную складанку некалькі танцавальных найгрышаў. Без інструментальнай музыкі гукавы кантэкст вёскі будзе няпоўным. На жаль, пакаленне таленавітых вясковых музыкаў амаль адышло, пакінуўшы нам рэдкіх гарманістаў-адзіночак.

Апроч уласна песень, мы імкнуліся пазнаёміць вас з найбольш яркімі выканаўцамі. Сярод герояў гэтай падборкі мужчыны і жанчыны 1920-1950-х гадоў нараджэння. Некаторых з іх ужо няма на гэтым свеце… Амаль усе вучыліся спяваць ад бацькоў альбо старэйшых аднавяскоўцаў. Яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму спеў суправаджаў усе найважнейшыя падзеі ў жыццы вясковага чалавека. Сёння большасць песень жыве выключна ў памяці. Усё радзей спеў можна пачуць у жывым асяродку: на балоце, падчас збору ягад, на вяселлі ці ў звычайнай бяседзе.

Складанка “Ганцавічы-2015” дэманструе стан спеўнай традыцыі рэгіёну, яе жанравыя, меладычныя і моўныя адметнасці. Але за кожнай песняй стаіць чалавек, са сваім унікальным лёсам, голасам, непаўторнай эмоцыяй, перажытай падчас спявання.

Усе запісы рабіліся ў палявых умовах. Гэта значыць, што месцам гутаркі была звычайная хата, вясковы клуб альбо вуліца, дзе ўвечары на лаўцы збіраюцца пагутарыць суседзі.

Перад вамі жывы спеў, без рэпетыцый і падрыхтоўкі. У такім выглядзе ён жыве сёння, такім яго можа заспець кожны з вас, завітаўшы ў госці да герояў гэтай складанкі.

 

У збіранні матэрыялаў бралі ўдзел: Алена Ляшкевіч, Алесь Варахоб, Алесь Крыжэвіч, Алесь Лапацін, Аля Копаць, Аляксандра Дуброўская, Аляксандра Духноўская, Аляксандра Паплыка, Аляксей Глушко, Аляксей Крукоўскі, Аўгіння Сухаверхава, Ганна Мацкевіч, Ганна Сафрановіч, Дзяніс Краўчонак, Зміцер Кашлач, Караліна Падруцка, Марыя Аднадворцава, Марыя Лук’янава, Наста Гвоздзева. Святлана Клепікава, Сяргей Лісіца, Сяргей Макарэвіч, Раман Ліхашапка, Эльвіра Жогла.

 

“Студэнцкае этнаграфічнае таварыства” шчыра дзякуе нашым шаноўным рэспандэнтам, а таксама ўсім, хто справай ды словам дапамагаў у арганізацыі экспедыцыі “Ганцавічы-2015”!

Марыя Лук’янава
Увага! Тэксты песень і інфармацыя пра выканаўцаў і збіральнікаў — у апісанні кожнага трэка на SoundCloud. Каб перайсці да апісання пры праслухоўванні трэка трэба клікнуць назву, партрэт ці лога SoundCloud.

Электроннае выданне падрыхтавана РМГА „Студэнцкае этнаграфічнае таварыства“.

Фотаздымкі з архіву СЭТ. Падрыхтоўка аўдыётрэкаў — Марыя Лук’янава, тэксты песень — Марыя Лук’янава, Аляксей Крукоўскі, вокладка — Міхась Аракчэеў.