Хлеб у беларускай традыцыйнай культуры

У меню шараговай беларускай сям’і хлеб, можа, і не галоўны прадукт, але досыць істотны. Амаль штодзённае матуліна “Купі малака і хлеба” даводзілася чуць, бадай што, кожнаму дзіцяці. У савецкіх кніжках юным піянерам раілі берагчы хлеб нароўні з эканоміяй электрычнасці, вады, газу – істотнымі рэсурсамі дзяржавы. Шмат хто, упершыню трапіўшы за мяжой у кавярню ці рэстаран, здзіўляўся: як жа хлеба не падалі? А калі падалі, то белага. А калі не белага, то мала. Ды што там замежныя рэстараны! Ад пажылых ужо людзей, якіх у свой час лёс закінуў “падымаць Цаліну” ў Казахстан, даводзілася чуць: не расце там жыта, і ўсё. Няма хлеба, адны батоны. Сумуеш па Радзіме, а ў гэтага суму смак чорнай скарынкі.

18

Адкуль у беларусаў такое трапяткое стаўленне да жытняга хлеба?

Традыцыйна жыта было асноўнай сельскагаспадарчай культурай на тэрыторыі Беларусі. Пшаніца расла кепска, сеялі яе мала, белую муку выкарыстоўвалі на велікодныя булкі ды вясельныя караваі. Чорны хлеб быў штодзённай сялянскай ежай, да масавага распаўсюджвання бульбы ў ХІХ стагоддзі – асноўнай. Гэта зараз шчы ядуць з хлебам. А даўней – наадварот, хлеб заядалі шчамі (якія ў Беларусі, дарэчы, звалі проста “капуста”) ды іншымі стравамі.

8

Шэраг прыказак і прымавак кажуць самі за сябе:

Хлеб – усяму галава;

Без хлеба няма абеда і худая бяседа;

Той добры край, дзе хлеба акрай;

Хлеб і вада – няма галада.

Слова “хлеб” часта выступала сінонімам панятку “ежа” як такога:

Пайшоў на свой хлеб;

Найсмачнейшы хлеб ад сваёй працы;

Хто ў неба глядзіць, той без хлеба сядзіць.

Хто цяпер назаве якія сарты хлеба, акрамя чорнага, белага, ды, можа, сітнага?

Даўней выкарыстоўвалася мноства назваў сартоў хлеба: шатраваны (з ачышчанага і правеянага збожжа); пытляваны, сітны ці чысцяк (з мукі, прапушчанай праз сіта); градовы (з нядбайна правеяннага жыта); пушны (з неправеяннага збожжа); паловы (напалову з жытняй мукі, а напалову з ячменнай, аўсянай, грэчневай, гарохавай, бабовай ці пшанічнай); бульбяны (напалову з жытняй мукі, а напалову з мятай ці цёртай бульбы); мякінны (з мякіны – рэштак, што застаюцца ад правейвання зерня – трохі “склеенага” мукой). Сялянам не заўсёды хапала жыта да новага ўраджаю. На пачатку вясны ў муку маглі дамешваць лебяду, канюшыну, лісце папараці, тоўчаныя жалуды, бярозавую кару… Казалі: “Не бяда, што ў хлебе лебяда — тады бяда, калі хлеба няма”.

Па тым, якім хлебам харчуецца сялянская сям’я, судзілі аб яе заможнасці. Хлеб ужывалі і вышэйшыя саслоўі, але ў параўнанні з сялянамі больш якасны і ў меншай колькасці.

На пачатку ХХ стагоддзя, а дзе-нідзе і да сярэдзіны, хлеб выпякалі ў кожнай вясковай хаце. Вакол працэсу яго гатавання існаваў шэраг правілаў і перасцярог.

Уменне пекчы хлеб лічылася прыкметай гатоўнасці дзяўчыны да сямейнага жыцця. Адмаўляючы сватам, бацькі нявесты казалі, што іх дачка “яшчэ маладая, ня можа ні вады прынесьці, ні хлеба замясіць”.

Выпечка хлеба, як і гатаванне ўвогуле, у патрыярхальным грамадстве лічылася жаночай справай. Мужчыны ўмелі гатаваць, але займаліся гэтым толькі калі гэта не магла зрабіць жанчына (хварэла, была ў ад’ездзе..). Патрыярхальныя сем’і былі вялікія, разам маглі жыць 3, а то і 4 пакаленні, некалькі братоў з жонкамі і дзецьмі. Хлеб пякла галоўная гаспадыня, спачатку свякроў, потым старэйшая нявестка.

2

Пяклі хлеб раз на тыдзень, працэс расцягваўся амаль на суткі: пасля абеду рашчынялі цеста, яно квасілася 10–12 гадзін, назаўтра раніцай цеста вымешвалі, пакідалі, каб падыйшло, толькі пад абед фармавалі боханы. Толькі на пачатку ХХ стагоддзя увайшлі ва ўжытак дрожджы, і тое пераважна для белага хлеба. Даўней 10–12 гадзін патрабавалася, каб рошчына ўкісла, цеста “спрацавала” само ці з дапамогай квасу, цёртай бульбы. Пакуль цеста падыходзіла, у хаце забаранялася сварыцца, а дзецям – крычаць і бегаць. У гэтых забарон ёсць рацыянальны аспект (ад вібрацый цеста можа асесці), але ёсць і міфалагічны – праява пашаны да хлеба.

16

Бляшаныя формы з’явіліся ў сялянскай хаце на пачатку ХХ стагоддзя.

12

Да таго круглыя ці авальныя боханы фармавалі мокрымі рукамі на хлебнай лапаце, на якую сцялілі лісце клёну, дубу, капусты, хрэну, аеру. “Садзілі” цеста на под печы, рэзка выцягваючы да сябе лапату. У гэты момант гаспадыня зганяла з печы ўсіх, хто там сядзеў.

З адной дзяжы, у залежнасці ад яе памеру, выходзіла 5–8 боханаў, якія сям’я ела цэлы тыдзень.

9

“Ад хлеба да хлеба” дзяжа стаяла ў самым пачэсным месцы ў хаце – на покуці. На яе сценках заставалася трохі цеста для закваскі на наступную выпечку. Дзяжу цалкам вымывалі толькі раз на год, на Вялікдзень.

Некалькі сакрэтаў даўнейшых гаспадынь, якія могуць прыдацца і на сучаснай кухні падчас выпечкі любога вырабу з цеста:

14

Каб даведацца, калі хлеб гатовы, можна скатаць з цеста галачку і кінуць у шклянку з вадой: як выплыве, значыць, можна даставаць

Пратыкнуць бохан нажом ці палачкай: калі цеста не прыстае, значыць, можна даставаць.

Каб верхняя скарынка была мякчэйшая, булку можна змачыць вадой або накрыць ручніком да астывання

1

Сёння ў беларускіх вёсках некаторыя бабулі 1920–1930-х гадоў нараджэння могуць распавесці, як даўней пяклі хлеб, але самі гэтага ўжо не робяць. Галоўная складанасць – у краме не прадаецца жытняя мука. Так з ежы штодзённага ўжытку самаробны хлеб ператвараецца ў экзотыку, тэхналогіі яго выпечкі нават нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

Акрамя матэрыяльнай значнасці хлеба ў жыцці беларукага селяніна моцны быў і духоўны складнік. Хлеб выкарыстоўваўся ў шматлікіх сямейных і каляндарных абрадах, выступаў сімвалам Долі – багацця, спрыяння, дабрабыту. У фальклорных творах сустракаецца выраз “доля хлебавая”.

Пра хлеб казалі, што гэта “дар Божы”, да якога патрабавалася адпаведнае стаўленне. Вялікім грахом лічылася раскідаць крошкі хлеба, гэта пагражала неўраджаем. Найлепш, лічылася, хлебныя крошкі спаліць у печы. Навукоўцы, што збіралі звесткі аб традыцыйнай культуры ў ХІХ ст., на гэты конт пісалі наступнае (прыводзім на мове арыгіналу публікацыі):

Один человек во время еды нечаянно уронил крошку хлеба. Испугался он, стал её искать. В это время его гумно загорелось. Бегут соседи, кричат ему: гумно горит! Он спокойно продолжает искать оброненную крошку. Нашёл, извинился перед хлебом и, перекрестившись, с благоговением съел его. Тогда бросился гумно тушить. Но в то время, когда он умилостивливал хлеб, гумно его мгновенно потухло.

Верылі, што можна спыніць пажар, абнёсшы бохан хлеба вакол хаты, што гарыць, ці перакінуўшы хлеб праз яе.

Нарэзаны хлеб было прынята з’ядаць увесь, а рэшта бохана захоўвалася на стале, пакрытая белым абрусом (стол у сялянскай хаце быў своеасаблівым хатнім алтаром, стаяў пад абразамі). Калі хлебныя недаедкі усё ж заставаліся, іх збіралі ў міску ці сіта, ніколі не выкідалі: аддавалі дзецям пры нечарговым харчаванні, выкарыстоўвалі для вырабу квасу, ахвяравалі жабракам. Верылі, што кавалак хлеба, пададзены ў якасці міласціны, можа выратаваць на Божым судзе:

Умірае той багатыр (у беларускіх гаворках так звалі заможнага чалавека). Так чорт прынёс такі стос папераў розных з грахамі, палажыў на вагу, а анёл не мае чаго класці, так пасмутнеў і стаіць сабе ў куточку. Нарэшце прыпомніў і кажа: тады і тады ён кінуў за жабраком булку хлеба. Зара гэта ўзяў анёл тую булку, палажыў на вагу, так яна ўсе паперы чорта пераважыла, і той чалавек застаўся святым.

Пачцівасць да хлеба патрабавала есці яго нават чэрствым і цвілым, быццам бы тады чалавек не будзе баяцца грому, не патоне, не зведае галечы і дажыве да старасці. Для выпрацоўкі такога стаўлення да хлеба дзяцей выхоўвалі з маленства:

В играх, при осязательном недоразумении, вызвавшем драку, они откладывают хлеб в сторону, и, расправившись с противником, почтительно берут его в руки для еды.

Калі цяжарная жанчына адчувала набліжэнне родаў, яе муж ці свякроў адразалі кавалак хлеба, пасыпалі яго соллю і неслі ў дар бабцы-павітусе. Прыйшоўшы, ціхенька казалі: “Хадзі, бабулічка, к нам, нешта нашай маладусе не дужа добра дзеецца”. Бабка брала з сабой пірог або кавалачак хлеба і накіроўвалася да парадзіхі.

Нованароджанаму хлопчыку маглі пераразаць на хлебе пупавіну. Хлеб, зерне і грошы клалі ў ваду для першага купання дзіцяці, каб яму ў жыцці былі Доля і багацце. Паралельна з царкоўным на Магілёўшчыне яшчэ да 1940-х гадоў парактыкаваўся старадаўні абрад далучэння дзіцяці да сям’і, хатняга ачагу:

Напярэдадні хрышчэння вечарам бабка купала малое. Для гэтага пасярэдзіне хаты ставілі стол і па яго вуглах клалі па кавалачку хлеба з соллю. Пакупаўшы дзіця і спавіўшы яго, бабка разам з кумам тры разы абыходзіла стол, кожны раз хрысцячыся.

Хлеб выкарыстоўваўся на ўсіх этапах вясельнай абраднасці (сватанне, запоіны, заручыны, гулянкі ў хатах маладой і маладога, паслявясельныя дні). Асобная размова пра вясельны каравай, што выпякаўся з пшанічнай мукі, але шматлікімі былі прыклады ўжывання і жытняга хлеба.

На Віцебшчыне перад тым, як засылаць сватоў, клалі на ноч на двары кавалак хлеба. Калі ён заставаўся цэлы – гэта прадвяшчала ўдалае сватанне, калі пагрызены мышамі – лепш адкласці паход да дзяўчыны.

Маладую бацька бласлаўляў спярша абразом, а потым хлебам і соллю, прыгаворваючы: “Бласлаўляю цябе хлебам, соллю, шчасцем, доляй і добрым здароўем”.

Маладыя, збіраючыся да вянца, станавіліся на вазы, а бацька маладой абыходзіў іх з булкай хлеба. Такі ж абыход з хлебам, толькі ўсёй сядзібы, маладая пара здзяйсняла на падворку жаніха.

У бясконцым жыццёвым кругазвароце смерць успрымалася нашымі продкамі такім жа пераходам ад адной формы існавання да іншай, як нараджэнне і вяселле.

Калі ў хаце нехта памёр, паўсюдна ў Беларусі на вакно ставілі ваду, а на Віцебшчыне яшчэ клалі хлеб і соль. Верылі, што душа перад тым, як адляцець у вырай, мусіць памыцца і пад’есці. Як толькі падымалі труну, каб выносіць, на яе месца клалі хлеб і соль: нябожчык з хаты, а хлеб-соль у хату.

Абрады провадаў у войска таксама адносяцца да сямейных. Галоўнай мэтай провадаў было вяртанне хлопца дадому жывым-здаровым. Для гэтага на Міншчыне навабранец пасля развітальнай вячэры здымаў з сябе кашулю, у якую маці загортвала бохан хлеба. Кашулю з хлебам захоўвалі ў хаце, пакуль сын не вяртаўся з войска. Кашуля сімвалічна замяшчала самога хлопца, захоўвала яго Долю, што ўвасаблялася ў хлебе.

Хлеб, спечаны з мукі, змолатай на вадзяным млыне на Купалле, не даваў чалавеку патануць на працягу года. На дзень святога Юр’я хлебам абносілі статак, каб каровы пладзіліся і не гінулі ад ваўкоў. У гэты ж дзень гаспадар з хлебам абыходзіў свае палеткі. Бохан потым дзяліў між сямейнікамі.

Як бачым, павер’яў пра хлеб існавала вельмі шмат. Некаторыя з іх да сённяшняга дня засталіся ў памяці людзей, усвядомленыя ці “схаваныя” ў падсвядомым.

Алена Ляшкевіч

перадрукоўка з сайта oede.by са згоды аўтаркі

Фотаздымкі з інвентара НКС http://livingheritage.by/nks/1828/