Песні з экспедыцыі Пружаны-Кобрын 2016

Прапануем вашай увазе падборку песень сабраных у экспедыцыі СЭТ у Пружанскі і Кобрынскі раёны летам 2016 г. Экспедыцыя цягнулася агулам больш за 2 тыдні пад час якіх было ўзята 132 інтэрв’ю з мясцовымі жыхарамі.

Сярод тэмаў, што гучалі ў аповядах інфарматараў: святы і абрады, традыцыйная музыка і танцавальная культура, рамёствы і строй, лакальная тапаніміка, сакральныя веды і народная медыцына, светапогляд, вусная гісторыя.

Адна з цэнтральных тэмаў экспедыцыі — традыцыйны спеў.

У Пружанскім раёне большасць зафіксаванага спеўнага матэрыялу – пазаабрадавыя спевы (лірычныя, застольныя, сіроцкія,  баладныя песні). Выключэнне складае спеўная спадчына в. Аранчыцы, дзе ў рэпертуары мясцовага гурта прадстаўлена амаль поўны комплекс каляндарных спеваў (вясна, Вялікдзень, Юр’я, Купалле і Пятро, жніво).

У Кобрынскім раёне абрадавы спеў захаваўся лепей. Былі запісаныя прыклады вясельных песень (в. Дзівін, Лелікава, Павіцце). Каляндарна-абраздавая паэзія прадстаўленая найчасцей веснавымі і летнімі песнямі (в. Літвінкі, в. Дзівін, Павіцце). Таксама атрымалася запісаць яркія прыклады мужчынскіх песень (в. Лелікава, в. Літвінкі, в. Павіцце, в. Балоты).

Сярод спевакоў людзі 1920–40-х гадоў нараджэння. Самы старэйшы выканаўца — 1928 г.н. Большасць спевакоў перанялі рэпертуар і манеру спеву ад  бацькоў альбо старэйшых аднавяскоўцаў.

Для гэтай складанкі адабраныя песні, якія з’яўляюцца яркім прыкладам актуальнай спеўнай культуры Пружанскага і Кобрынскага раёна. Слухач мае магчымасць  пазнаёміцца з разнастайнасцю існуючых жанраў і спеўных манер, а таксама са ступенню захаванасці спеўнай традыцыі рэгіёну на момант экспедыцыі.

У зборы прыведзеных матэрыялаў бралі ўдзел: М. Лук’янава, А. Варахоб, А. Крукоўскі, А. Духноўская, І. Васільева, Г. Сафрановіч, І. Паўловіч, Н. Бінкевіч, А. Копаць, Н. Гвоздзева, М. Пятрова, А. Нікіцін, В. Зорычава, М. Бушыла.

Падырыхтавала Марыя Лук’янава

***

Сябры! РМГА СЭТ рыхтуе да электроннай публікацыі падборкі і з іншых сваіх экспедыцый. Мы шукаем спонсараў, зацікаўленых у выданні такіх матэрыялаў, у тым ліку на кампакт-дысках. Калі ласка, пішыце на set@ethno.by.

Таксама вы можаце падтрымаць нашу працу дабравольным ахвяраваннем на наш рахунак з карткі анлайн ці іншымі спосабамі (АРІП, SMS, банк).