Кепка васьміклінка. Майстар-клас
Прапануем вашай увазе артыкул і відэа майстар-клас па пашыву кепкі васьміклінкі. Аўтар тэкста Ірына Паўловіч, відэа падрыхтаваў Аляксей Піскун.
Знаёмства з майстрам, для якога рамяство з’яўляецца неад’емнай часткай укладу жыцця, – неверагодна каштоўнае само па сабе. Выязны майстар-клас дае магчымасць не толькі навучыцца вырабу пэўнай рэчы, але і паназіраць за працай ў натуральным асяродку. Калі завітваеш да майстра, усведамляеш, што прылады, матэрыялы, сам чалавек і яго працоўная прастора непарыўна звязаныя. 97-гадовы Іван Ігнатавіч Комар з панямонскае вёскі Нянькава – кравец, які некалі апранаў усё наваколле, шыў і нагавіцы, і пінжакі, і картузы.
Кравецкае майстэрства паўстае вельмі своеасаблівым у параўнанні з іншымі хатнімі рамёствамі, бо, з аднаго боку, пашыў адзення заўжды і ўсюды быў скрайне запатрабаванай справай, а з іншага, далёка не кожны меў магчымасць прафесійна авалодаць ўсімі тонкасцямі працы. Вось жа, нягледзячы на ранейшую паўсюднасць, захаванасць кравецкай традыцыі ў Беларусі сёння – кропкавая, а не ўсеабдымная. Майстар-клас Івана Ігнатавіча каштоўны і сваёй надзвычайнай дакладнасцю, дасканалым, амаль пакрокавым, скіроўваннем вучня да працы. Я з захапленнем назірала за унутранай зладжанасцю кожнага руху майстра, прасякалася гэтакай простай логікай стварэння не самага простага вырабу… І неверагодна натхнялася, бо ў гутарцы з гэтым вельмі немаладым, але надзвычай рухавым, і целам, і розумам, чалавекам шчыльна перапляталіся дасціпныя парады, узгадкі пра колішнія часы, дэманстрацыі пакліканых самім жыццём вынаходак, кравецкія хітрыкі. Узнікала не толькі жаданне зразумець тэхналогію, пераняць навык, але і паспрабаваць зрабіць сваю, вучнёўскую працу гэткай жа нязмушанай, натуральнай.
У сучасным асяродку традыцыйнае кравецкае майстэрства застаецца вартай і прыгожай справай. Па-першае, з-за дакладна вылічаных, правераных часам, прыёмаў, якімі адрозніваюцца самаробныя рэчы ад падобных да іх крамных. Па-другое, традыцыйнае шыццё дае бясконцую прастору для творчай думкі сучаснага майстра. Калі я – больш, чым праз год пасля сустрэчы з Іванам Ігнатавічам – узялася за шыццё сваёй версіі шапкі-васьміклінкі, злавіла сябе на недзе прыемнай, але адначасова шчымлівай думцы, што зараз на новай тканіне раскладаю тыя самыя выкрайкі, па якіх працавалі майстры мо сто гадоў таму. А на падкладцы выраба, з парады Івана Ігнатавіча, дала фігурную строчку, каб атрымаўся мой асабісты значок.
Вялізарны дзякуй Івану Комару за згоду падзяліцца майстэрствам і найкаштоўнейшым досведам, Аляксею Крукоўскаму – за арганізацыю выправы.