Майстар-клас па набіванцы (фота)
Удзельнікі занятку мелі магчымасць аздобіць святочны фартух старадаўнім спосабам з дапамогай традыцыйных фарбаў і драўляных штампаў.
Занятак ладзіла Наста Глушко.
Майстар-клас адбыўся ў пятніцу 12 жніўня на офісе Таварыства.
Набіванка ў беларускай народнай культуры
Аздабленне тканін набіваннем практыкуецца са старажытных часоў. У музеях захоўваюцца фрагменты тканін са старажытнага Егіпту і Грэцыі, еўрапейскія ўзоры набіваных тканін X-XII ст., напрыклад, з Германіі. На тэрыторыю Еўропы гэтае мастацтва прыйшло з Усходу: з Індыі ці Кітаю.
Даследчыкі лічаць, што на нашыя землі набіванка трапіла з Еўропы ў Сярэдневеччы. Найбольшага росквіту рамяство дасягнула ў XVII, XVIII і пачатку XIX ст. Больш старажытным лічыцца набіванне алейнымі фарбамі з дапамогай спецыяльных дошак – клішэ.
Вельмі папулярным на нашых землях было набіванне “на французскі манер” з дапамогай резервуючага саставу – “вапы” і далейшым фарбаваннем усёй тканіны ў кубавым фарбавальніку індыга. Такі від набіванкі атрымаў назву кубавай, а тканіну называлі “крашанінаю”. Такія тканіны былі вельмі папулярнымі ў XIX – пачатку XX ст., а пазней амаль бясследна зніклі з ужытку з-за развіцця тэкстыльнай прамысловасці.
‘З набіваных тканін шылі самыя розныя прадметы гардэробу – спадніцы, штаны, кашулі, фартухі, хусткі, падшывалі верхняе адзенне.

фота з архіва Насты Глушко
Па стылістыцы беларуская набіванка адрозніваецца ад украінскай і рускай. Беларускія майстры часцей звярталіся да кветкавых матываў, любілі ужываць кліше са шматлікімі дробнымі кропачкамі – “піко” вакол асноўных элементаў, з-за чаго малюнак станавіўся больш далікатны, вытанчаны, пераносілі элементы арнамента і геаметрычныя формы з паясоў.
Своеасаблівы ўздым алейная набіванка перажывае ў 50-60-х гг. XX ст. Майстры ізноў бяруцца за выраб рушнікоў, абрусоў і падузорнікаў. Працуюць алейнай фарбай уласнага вырабу. Выкарыстоўваюцца пераважна раслінныя матывы. Тканіны гэтага перыяду і зараз можна пабачыць у вяскоўцаў па ўсёй Беларусі.

Дзяўчына ў набіваным фартуху, фота з архіва Бенедыкта Тышкевіча, 1883 г.
Прыкладаў беларускіх набіваных тканінаў, на жаль, амаль не захавалася. Невялікая калекцыя набоечных дошак і прыкладаў тканін захоўваецца ў Віцебскім краязнаўчым музеі, а такама ў Расейскім Этнаграфічным Музеі ў Санкт-Петербургу. Часам можна сустрэць фрагменты старых набіваных тканін ў падкладках шытых рэчаў у народным касцюме – гарсэтаў, чапцоў.
У сучасным мастацтве набіванка мае поўнае права заняць сваё месца. Набіваныя тканіны – цудоўны, багаты матэрыял для рамеснікаў і дызайнераў, яны лёгка ўпісваюцца ў сучасныя інтэр’еры і дадаюць своеасаблівага этнічнага каларыту адзенню.
Наста Глушко
Поўны тэкст артыкула “Набіванка ў беларускай народнай культуры”.