Фотавыстава “Блізкае далёкае”.
Часам думаецца, што людзі навокал, з іх, здавалася б, непаўторным абліччам – вачыма, вуснамі, далонямі – атрымалі свае рысы ад дзядоў-продкаў. Асабліва гэта заўважна, калі бачыш унукаў побач з дзядулямі-бабулямі. Тыя ж усмешкі, рысы твару, толькі ў новай індывідуальнай камбінацыі. Калі памятаць пра гэта, то прыходзіць разуменне, што вось цяпер у гэты момант на цябе паглядаюць чыесьці «праправочы». Тое ж з інтанацыяй голасу, манерай гаварыць, рухамі. Усё гэта жыве ў людзях. Скрозь тысячы гадоў. Тады і дзяды становяцца бліжэй, іх спадчына больш блізкай і зразумелай, а свая зямля па-сапраўднаму роднай.
Гэты фотапраект і нарадзіўся вось з такіх назіранняў-разважанняў. Мы хацелі паказаць, як змяняецца маладая сучасная жанчына, калі яе апрануць у традыцыйнае адзенне, што ў ёй змяняецца. Трэба адзначыць, што амаль на ўсіх гераінях фотаздымкаў апранутыя строі, зробленыя ўласнымі рукамі для сябе. Яны абралі тканіны, колеры, арнаменты, крой для сваіх традыцыйных строяў, карыстаючыся ўласным густам, бачаннем сябе, разуменнем тэмы.
Адкрыццё выставы адбудзецца 29 верасня (аўторак), у 19.00,
у памяшканні сядзібы СЭТ (Мінск, вул. К.Лібкнехта, д.112)
Чакаем!