Летнія экспедыцыі СЭТ 2015 (фота)

Гэтым летам РМГА “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства” зладзіла тры этнаграфічныя экспедыцыі: у Ганцавіцкі , Пухавіцкі і Шумілінскі раёны. Галоўнай мэтай усіх выпраў было вывучэнне духоўнай і матэрыяльнай культуры, збор інфармацыі па фальклоры, а таксама пошук носьбітаў традыцыі з мэтай навучання. У выправах ўзяло ўдзел агулам каля 50 чалавек, сярод іх людзі розных узростаў і прафесій: этнографы, праграмісты, мастакі, студэнты, а таксама маладыя даследчыкі з Польшчы і Літвы.

Першая з трох запланаваных выпраў адбылася з 28 чэрвеня па 19 ліпеня і ахапіла ўсе населеныя пункты Ганцавіцкага, а таксама асобныя вёскі Салігорскага, Ляхавіцкага і Лунінецкага раёнаў. За тры тыдні працы ўдзельнікі выправы сабралі багаты аўдыа, відэа і фота матэрыял. Раён даследавання ўразіў добрай захаванасцю традыцыйнай культуры: тамтэйшыя старажылы яшчэ памятаюць абрадавыя і бяседныя песні, з ахвотай распавядаюць пра гісторыю і звычаі сваёй мясцовасці, а таксама з пашанай захоўваюць рэчы, якія тут перадаюцца з пакалення ў пакаленне: ручнікі і посцілкі, элементы традыцыйнага строю.

Другой па ліку стала экспедыцыя ў Пухавіцкі раён, якая ладзілася з 26 ліпеня па 18 жніўня. Яна ахапіла збольшага паўднёвую, неўрбанізаваную частку раёна. Тэмай выправы была “Універсальная этнаграфія”. Удзельнікаў экспедыцыі цікавілі рамёствы, спеўная традыцыя, народны строй, вусная гісторыя.

Завяршыла палявы сезон выправа у Шумілінскі раён Віцебскай вобласці. Яна адбылася з 15 па 30 жніўня. Галоўнымі тэмамі экспедыцыі былі “Сакральная тапаграфія” і “Рамёствы”. Адной з цікавостак выправы можна лічыць даследаванне традыцый беларускіх стараабрадцаў, якія перасяліліся на гэтыя тэрыторыі з цэнтральных рэгіёнаў Расіі ў 18 стагоддзі. Агулам, не гледзячы на даволі дрэнны стан захаванасці традыцыйнай культуры ў рэгіёне, экспедыцыя атрымалася даволі плённай. Мясцовыя майстрыхі цікава спалучаюць традыцыйныя і сучасныя тэхнікі вязання ды ткацтва, у асобных вёсках раёна можна пабачыць сядзібы традыцыйнай планіроўкі, а старажылы ахвотна расказваюць цікавосткі з катэгорыі “вусная гісторыя”.

Усе тры экспедыцыі былі арганізаваныя высілкамі Рэспубліканскага маладзёжнага грамадскага аб’яднання “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства” у супрацы з Ганцавіцкім, Пухавіцкім і Шумілінскім раённымі аддзеламі культуры. У бліжэйшых планах СЭТ – абмен сабранымі матэрыяламі з установамі культуры даследаваных раёнаў і наладжванне далейшага супрацоўніцтва.

Апрацоўка матэрыялаў экспедыцый ужо пачалася. На канец кастрычніка – пачатак лістапада запланавана прэзентацыя вынікаў экспедыцый, якая адбудзецца на офісе РМГА “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства” у Мінску.

Аўтар: Маша Лук’янава

Прапануем вам фотасправаздачу Кацярыны і Міхася Аракчэева з Шумілінскай экспедыцыі.