ДА ДНЯ НАРАДЖЭННЯ СЦЕПАНІДЫ АЛЯКСЕЕЎНЫ СЦЕПАНЮК
Ад шчырага сэрца віншуем слынную палескую ткачыху, цудоўную спявачку і чароўную жанчыну з 80-годдзем. За нястомныя намаганні па ўслаўленню сваёй малой радзімы, за пераканаўчы прыклад творчага даўгалецця Сцепаніда Аляксееўна была ўзнагароджана ордэнам “За вернасць Бацькаўшчыне” за нумарам 4. Першыя тры ўзнагароды атрымалі славуты разбяр з Пружаншчыны Мікалай Тарасюк, самадзейны мастак з-пад Бельска-Падляскага Анатоль Краўчук, беларускі паэт ды публіцыст з Беласточчыны Віктар Швед.
Ініцыятыва заснавання ордэна належыць колу беларускай інтэлігенцыі, якая вырашыла падтрымаць таленавітых самадзейных творцаў. Гэта загадчык аддзела традыцыйнай культуры Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Ларыса Быцько, дырэктар Музея малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах (Польшча) Дарафей Фіёнік і вядомы мастак-ювелір Мікалай Кузьміч, дзякуючы залатым рукам якога ордэн пабачыў свет. Ордэн “За вернасць Бацькаўшчыне” будзе штогод знаходзіць кавалераў — тых асоб, якія, нягледзячы на дзяржаўныя межы, працуюць у сферы культуры на карысць сваёй Радзімы.
Фота зроблена падчас наведвання Сцепаніды Аляксееўны групай этнографаў у 2014 г. (на фота Рэгіна Гамзовіч і Анджэй Бянкоўскі).
Фота Святланы Клепікавай