“Мая міфалогія” Выстава выцінанкі Наталлі Сухой
З выцінанкай я ўжо больш за 20 гадоў крочу па жыці. Гэта мой асноўны спосаб стасавацца з Сусветам. Мае настаўнікі Вікторыя Чырвонцава і Юрый Герасіменка з Маладзечна навучылі мяне размаўляць на мове выцінанкі, мысліць графічнымі вобразамі. Навучылі разумець, што сіметрыя і стылізацыя – гэта не абмежаванні для творцы, а хутчэй элементарная граматыка мастацкай мовы выцінанкі, веданне якой дазваляе эксперыментаваць бясконца. Падчас навучання ў Акадэміі мастацтваў узнікла захапленне этнаграфіяй, сяброўскія каляды/гуканні/купаллі, экспедыцыі, сустрэчы з музейнымі калекцыямі і носьбітамі традыцыі. Яшчэ адна настаўніца, Ірына Мазюк навучыла мове фальклору, навчыла спяваць. Усе гэтыя тэксты, мелодыі, вобразы народных песень глыбока ўвайшлі ў маю сутнасць, ці можа, наадварот, выплылі з яе глыбінь. Вось так мае творы сталі такімі: нажніцы і папера для увасаблення фальклорных вобразаў. Для мяне яны жывыя і сучасныя, і адвечныя адначасова, можа не зусім адпаведныя народнаму светапогляду, але на сто адсоткаў мае. Свет кожнага чалавека менавіта такі, якім ён яго бачыць. Таму мае выцінанкі – вобразы маёй асабістай міфалогіі. Вашай увазе “Мая міфалогія” – выцінанкі розных гадоў.
СПЕЦЫЯЛЬНЫ ГОСЦЬ ГУРТ “ГОРЫНЬ”.
Адкрыццё выставы адбудзецца 22 снежня (аўторак) у 19.00 ў памяшканні Студэнцкага этнаграфічнага таварыства (Мінск, вул. К.Лібкнехта 112). Да сустрэчы!