ЭТНАВАНДРОЎКІ

2016_28_Alena_C

4 лютага (чацвер) а 19.00 адбудзецца адкрыццё фотавыставы Алены Ляшкевіч “Этнавандроўкі” на офісе СЭТ.

На выставе – фота з паездак 2013 – 2015 гг. У большасці выпадкаў гэта выезды, звязаныя з правядзеннем каляндарных абрадаў ва Усходняй і Цэнтральнай Беларусі, а таксама на Палессі. Гэтыя абрады – жывая спадчына нашай краіны, якая захавалася праз тысячагоддзі, нягледзячы на хрысціянізацыю і саветызацыю, барацьбу з паганствам і рэлігіяй: Мікола з Варварай, Каляды, Масленка, Юр’я, Страла.

На адкрыцці выступяць барды Яўген Барышнікаў (пераможца Бардаўскай восені-2010), Цімох Авілін (аўтар кнігі “Этнаастраномія”), Павал Сілівончык, гурты “Кудмень” і “Рутвіца”.

Алена Ляшкевіч каментуе: “Гадавое кола ў фотаздымках пакуль няпоўнае, як і геаграфія. Затое колькі яшчэ мясцін, куды паехаць! Я ўдзячная Студэнцкаму этнаграфічнаму таварыству, прыватна Ірыне Мазюк і Аляксею Глушко за прыклад працы “ў полі”, Беларускай асацыяцыі журналістаў і прыватна Сяргею Балаю – за навучанне “лавіць момант” на фотакурсах. Няхай здымкі пакуль недасканалыя тэхнічна і не складаюцца ў фотагісторыі, але гэтая выстава для мяне вельмі істотная. Яна з’яўляецца крокам наперад да самастойнай працы, што я лічу, з аднаго боку, мэтай, і, з іншага, – пачаткам паглыбленнага этналагічнага даследавання”.

Фотавыстава будзе працаваць да 28 лютага. Яе можна паглядзець з 19.00 да 21.00 па будніх днях і з 10.30 да 13.30 ў суботу. Лепш папярэдне патэлефанаваць, 8029 748 61 41, Алена.