Фотарэпартаж з адкрыцця выставы “Этнавандроўкі”.
Я вельмі радая была пабачыць на адкрыцьці выставы “Этнавандроўкі” столькі знаёмых і незнаёмых людзей (наведвальнікаў было каля пяцідзесяці). Мне здаецца, гэта сведчыць пра запатрабаванасць культурнай прасторы СЭТ, неабходнасць далей ладзіць выставы ды імпрэзы. Гэта цікава і ўжо заангажаваным у дзейнасць арганізацыі людзям, і тым, хто агулам хацеў бы болей даведацца пра беларускую культуру, этнаграфію.
Вялікі дзякуй Міхасю, які дапамагаў мне на ўсіх этапах. Мая выстава – ужо чацвёртая ў офісе СЭТ: у кастрычніку было “Блізкае-далёкае”, у лістападзе – выстава па выніках летняй экспедыцыі ў Ганцавіцкі раён, у снежні – “Нашы людзі”, у студзені – выцінанка Наталлі Сухой.
Дзякуй гурту “Рутвіца”, спевакам Цімафею Авіліну, Паўлу Сілівончыку і іншым сябрам СЭТ, што далучыліся да спеваў і стварылі цудоўную атмасферу!
Выстава працуе да 28 лютага. Па будніх вечарох на офісе заўсёды нехта ёсць і яе можна наведаць. З 10.30 да 13.00 ў суботу праходзіць гурток па ткацтве Наталлі Ярмалінскай і офіс таксама адчынены.
Алена Ляшкевіч.




































