Адкрыццё выставы “Вяселле”

10 сакавіка на офісе СЭТ прайшло адкрыццё выставы “Вяселле”.

Вяселле да гэтага часу застаецца адным з найважнейшых момантаў чалавечага жыцця. У традыцыйнай культуры вяселле – гэта цэласны абрадавы комплекс, скіраваны на забеспячэнне шчаслівага будучага маладых. У вясельных песнях уяўленні аб шчасці сфармуляваныя проста і разам з тым вельмі трапна: маладым жадаюць мець у першую чаргу долю “хлебавую” і “дзяцінную”. Гэтым пажаданнем прасякнутае ўсё традыцыйнае вяселле, яно ж актуальнае і цяпер. Напэўна і таму сучасныя гарадскія вясельныя ўрачыстасці часта ўключаюць у сябе найбольш значныя элементы традыцыйнага вяселля.

Выстава “Вяселле”, якую бліжэйшы час можна пабачыць на СЭТ, гэта ўжо другі наш выставачны праект, прысвечаны гэтай тэматыцы. Экспазіцыю, у асноўным, склалі аўтэнтычныя рэчы з калекцыі РГА “СЭТ”, якія маюць асаблівае значэнне ў вясельнай абрадавасці, а таксама старыя і сучасныя вясельныя фотаздымкі.

Мы спадзяемся, што праект не толькі падштурхне гледачоў да далейшага вывучэння беларускай народнай культуры, але і абудзіць інтарэс да сямейных вясельных традыцый, а таксама натхніць на тое, каб зладзіць сваё вяселле ў беларускім стылі.

Дарагія сябры!

Выставу “Вяселле”, якая экспануецца зараз на офісе Студэнцкага этнаграфічнага таварыства па адрасе вул. К.Лібкнехта, 112, можна наведаць у наступныя дні:

– па аўторках з 18.30 да 21.00,

– па чацвяргах з 18.30 да 21.00,

– па пятніцах з 18.00 да 21.00,

– па суботах з 10.00 да 16.00,

альбо дамовіцца па тэл. 208 20 90.

Уваход вольны!

ФОТА: Святлана Клепікава і Алена Ляшкевіч