Экспедыцыі СЭТ-2016. Падвядзенне вынікаў
Новы экспедыцыйны сезон паспяхова распачаўся. З 27 чэрвеня па 9 ліпеня выправа СЭТ працавала ў Пружанскім раёне, а з 18 па 14 ліпеня — ў Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці.
Пружанская частка экспедыцыі адбывалася ў межах праекту «Падляскі шлях белага бусла» пры падтрымцы грамадскай арганізацыі АПБ і аграсядзібы «Залессе».
Удзельнікамі экспедыцыі сталі 28 чалавек, якія прыехалі з розных куткоў краіны: Мінска, Магілёва, Віцебска, Рэчыцы, Гомеля, Пружан. Сярод удзельнікаў былі як прафесійныя этнографы, так і даследчыкі-аматары. У адной камандзе працавалі, напрыклад, праграміст, настаўніца, перакладчык, студэнтка фальклорнага аддзялення маскоўскай «Гнесінкі» і супрацоўніца Акадэміі навук Беларусі.
Тэма экспедыцыі гучала як «ўніверсальная этнаграфія». Гэта значыць, што тэма гутаркі з канкрэтным інфарматарам найчасцей залежыла ад зацікаўленасці самога даследчыка: спевы, пэўнае рамяство, светапогляд, народная медыцына, кухня ці зёлкі і гд. Пры гэтым ўвага звярталася найперш на «жывыя» праявы традыцыі, рэчы і з’явы, якім яшчэ цяпер магчыма навучыцца ад носьбітаў, якія магчыма аднавіць і выкарыстоўваць ў паўсядзённым жыцці.
У экспедыцыі было адразу некалькі мэт: збор інфармацыі для архіва СЭТ, пошук носьбітаў традыцыі, наладжвання кантактаў з мясцовымі ўстановамі культуры і асобнымі актывістамі.
Пра вынікі экспедыцыі
Падчас выправы па Пружаншчыне была даследавана заходняя, прыпушчанская частка раёна (база у в. Залессе). Адным з галоўных поспехаў можна лічыць адкрыццё не даследаванага дагэтуль вясельнага абраду «Сава». У даследчыкаў СЭТ атрымалася высветліць арэол бытавання абраду і сабраць мноства яго апісанняў. Апроч гэтага ўдзельнікі экспедыцыі могуць пахваліцца каштоўнымі запісамі пазаабрадавых спеваў (в. Вялікае Сяло, в. Раўбіцк), памінальных і пахавальных псальмаў (в. Вугляны, Камянецкі р-н.), добрымі вынікамі даследавання мясцовага строю (в. Галасяціна, в. Шчарчова, в. Крыніца) і багатай калекцыяй старых фотаздымкаў.
На Кобрыншчыне даследаванні адбываліся на самым поўдні раёна (база ў в. Дзівін). Даследчыкаў цікавілі найперш мясцовыя спевы і строй. У часе працы атрымалася адфатаграфаваць багатыя этнаграфічныя зборы вясковых дамоў культуры, школ ды бібліятэк, якія рабіліся мясцовымі работнікамі культуры цягам апошні некалькіх дзесяцігоддзяў (в. Дзівін, в. Балоты, в. Павіцце) Важным вынікам працы стала знаёмства з носьбітамі традыцыі, выдатнымі спевакамі, музыкантамі і майстрамі. Так, напрыклад, спявачка з вёскі Літвінкі Галіна Мартынаўна Мігура «трымала» даследчыкаў каля 4 гадзін, праспяваўшы каля 30 песень. Большую частку рэпертуара спявачка пераняла ад уласных бацькоў разам з мясцовай манерай спеву. Трэ сказаць, што Кобрынская частка экспедыцыі насіла хутчэй характар «выведкі», пасля якой стала відавочна, што на лета працу трэба працягнуць ўжо у фармаце паўнавартаснай, 3-х тыднёвай экспедыцыі.
Сабраны матэрыялы будуць апрацаваныя ў межах агульнага архіва СЭТ. Пасля сканчэння першаснай працы па сістэматызацыі, запісамі зможа карыстацца любы жадаючы.