Выстава выцінанкі. Рэпартаж з адкрыцця і праграма.

Тры мастачкі, майстры выцінанкі, сябры Беларускага саюза майстроў народнай твоорчасці Вольга Бабурына, Наталля Сухая і Вера Янушэўская прадставілі сумесны праект “Вянок”: інтэрактыўная выстава, натхнёная 125-гадовым юбілеем з дня наражэння беларускага паэта-рамантыка Максіма Багдановіча. Экспазіцыя выставы складаецца з твораў на тэму разнастайнасці праяў прыгажосці і чараўніцтва раслін. Тонкія вобразы,падслуханыя ў вершах, сплеценыя ў круглагадовы сімвал дабрабыту і святочнасці – вянок, які ў любую паравіну года прыцягвае нашу ўвагу да радасных падзей.

Музычную прастору на адкрыцці стваралі Стась Чавус і Дзяніс Сухі. Гурт “Горынь” заспяваў верш Максіма Багдановіча на жніўны напеў, а таксама выканаў некалькі традыцыйных жніўных песень. Верш вельмі арганічна лёг на народную музыку.

Прафесар Яўген Сахута (доктар мастацтвазнаўства і старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці) адзначыў Вольгу Бабурын і Наталлю Сухую граматамі за актыўную дзейнасць у папулярызацыі мастацтва выцінанкі, а маладой майстрысе Веры Янушэўскай пажадаў і надалей паспяховых твораў.

Наведвальнікаў чакае цікавая праграма:
– майстар-класы па выцінанцы (Наталлі Сухой – 25 верасня 12.00, Вольгі Бабурынай – 1 кастрычніка 13.00, Веры Янушэўскай – 2 кастрычніка 12.00),
– прагляды дакументальнага этнаграфічнага кіно з архіваў музея (22 верасня і 4 кастрычніка),
– прагляд мультфільмаў Міхаіла Тумелі і сустрэча з аўтарам (27 верасня)
– лекцыя і майстар-клас Ірыны Мазюк “Спеўная традыцыя Беларусі. Знайсці свой голас” (29 верасня 19.00),
– лекцыя з агучваннем па традыцыйнай інструментальнай музыцы Стася Чавуса і Дзяніса Сухога
– танцавальная вечарына “Каля фантана” з клубам традыцыйнага танца “Сіта” (пры добрым надвор’і 2 кастрычніка 18.00)
– фальклорны канцэрт “Замыканне зямлі” ад СЭТа на закрыцці выставы (9 кастрычніка 17.00)
Акрамя таго, у музеі вельмі цікавая экспазіцыя і цікавая праграма асабістых кінапаказаў!

Музей гісторыі беларускага кіно, Свярдлова, 4 (каля Чырвонага касцёла)
працуе з аўторка па нядзелю 10.00 – 18.30
панядзелак – выходны
кошт квітка 2,5 руб.

Наталля Сухая

Фота Святланы Клепікавай