Песні Вілейшчыны. З архіва Зінаіды Губаравай-Крупскай

Сябры, прадстаўляем вашай увазе складанку вакальнай і інструментальнай музыкі, запісанай Зінаідай Васільеўнай Губаравай-Крупскай на Вілейшчыне.

Зінаіда Васільеўна Губарава-Крупская (1955 г.н.) – этнахарэограф і этнапедагог з Вілейскага раёна Мінскай вобласці, вядомая збіральніца мясцовага фальклору. Зінаіда Васільеўна паходзіць з вясковага асяроддзя (в. Мацькаўцы) і ўжо з падлеткавага ўзросту пераймае ад носьбітаў традыцыйныя формы фальклору Вілейшчыны, як музыка і танцорка. Задума адмысловага фіксавання спеўнай спадчыны рэгіёна паўстае ў яе пад час працы з дзецьмі, у этна-класах гімназіі № 2 (у Вілейцы).

Цягам 2004-2005 г.г. З. В. Губарава-Крупская (разам з А.А. Сыракваш-Губаравай) здзяйсняе некалькі экспедыцыйных выправаў на захад і паўночны захад раёна – у в. Заазер’е, Талуць, Любоўшы і Нарач. Цягам экспедыцыяў вёўся аўдыя- і відэазапіс спеўнага, інструментальнага і харэаграфічнага матэрыялу.

У апублікаваную складанку ўвайшлі цікавыя па выкананні і змесце каляндарна-абрадавыя, сямейна-абрадавыя і пазаабрадавыя песні, а таксама інструментальная музыка, запісаныя падчас гэтых выправаў.

Публікацыя матэрыялаў ажыццяўляецца з ласкавай згоды збіральніцы.

Тэксты песень можна паглядзець тут.

Падбор матэрыялу – Ганна Сілівончык, апрацоўка аўдыя – Сяргей Макарэвіч, каардынатар праекта – Аляксей Крукоўскі.