Песні з экспедыцый: “Смаргонь-2018”
У нас прэм’ера складанкі па выніках летняй экспедыцыі “Студэнцкага этнаграфічнага таварыства” ў Смаргонскі раён летам 2018 года.
Перад вамі 30 трэкаў з тэкставымі расшыфроўкамі, а таксама пазнакамі ад каго, калі і кім зроблены запіс. Тут ёсць песні розных жанраў: ад “даўнейшых” жніўных і вясельных да калгасных прыпевак і гратэскна-трагічных “жорсткіх рамансаў”. Праслухаўшы гэту складанку можна зразумець, што з сябе ўяўляе спеўная традыцыя рэгіёна ў нашыя дні. Што амаль знікла, а што апынулася найбольш жывучым.
Смаргонская экспедыцыя СЭТ у ліпені 2018 года не была багатай на спевы. Часам запісаць атрымлівалася толькі фрагмент песні: напеў, куплет, узор распеву. Асаблівая каштоўнасць і радасць для збіральніка – нешматлікія мужчынскія галасы, іх адметныя тэмбры і інтанацыі. Калісьці мужчыны тут спявалі шмат. Сёння запісаць мужчынскі спеў – хутчэй рэдкасць.
Мапа экспедыцыі: сінім пазначаныя ўсе даследаваныя вёскі, чырвоным – вёскі, запісы з якіх увайшлі ў складанку. Матэрыялы экспедыцыі адкрытыя для зацікаўленых. Па ўсіх пытаннях пішыце нам на пошту ці ў сацыяльных сетках.
Мы наўмысна пакідалі кавалкі дыялогаў, тлумачэнні і заўвагі выканаўцаў падчас (пасля ці перад) спяваннем. Такім чынам песня абрастае кантэкстам. А ўсё разам: напеў, сюжэт, мова, эмоцыі і ўспаміны выканаўцы – стварае вобраз свету, якім была пасляваенная вёска ў паўночна-заходняй частцы Беларусі.
Рэшткі гэтага свету можна ўбачыць і пачуць прама цяпер!
Прыемнага праслухоўвання!
ethno.by · Песні з экспедыцыі “Смаргонь-2018”
Над складанкай працавалі: Марыя Варахоб, Алесь Варахоб, Ірына Паўловіч, Аляксей Крукоўскі, Ганна Сілівончык