Багач у Вязынцы

7_Bagach_C

Трэцім разам Студэнцкае этнаграфічнае таварыства і Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы ладзяць у Вязынцы Багач.

Сёлета свята адбудзецца 27 верасня, у адзін дзень з Узвіжаннем. Пачатак у 12.30.

У народным календары Багач прымеркаваны да заканчэння збору ўраджая (“к гэтаму часу ў кожнага ўсяго багата”) і першаму запальванню хатняга агменю – васковай свечкі ў лубцы з жытам, якую ставяць на покуць і захоўваюць там на працягу ўсяго года, што прыносіць у дом багацце і шчасце. Абрад скіраваны на захаванне дабрабыту, ураджайнасці, плоднасці жывёлы, сямейнага ладу.

Асноўнай дзеяй свята з’яўляецца ссыпанне агульнага Багача, таму мы зноў просім усіх нашых гасцей захапіць з сабой па жменьцы зерня.

У гэтым годзе на свяце праспяваюць урачыстыя дажынкавыя песні гурты “Варган”, “Горынь”, “Дайнава”, “Мярэжа” і “Рутвіца”, а танцавальную вечарынку зладзяць музыкі і танцоры клуба традыцыйнага танца “СІТА”. Акрамя таго, на свяце будзе працаваць дзіцячая пляцоўка з рознымі радасцямі, а для дарослых запланаваныя тэматычныя лекцыі і майстар-класы. Як заўжды, будзе дзейнічаць традыцыйная кухня і кірмаш.

Як даехаць: электрычка з Менску едзе ў 11.30, прыбывае ў Вязынку ў 12.21. Назад з Вязынкі можна ехаць у 16.40, 17.54.

Для ўваходу на тэрыторыю музея, дзе адбудзецца свята, трэба будзе набыць музейны квіток. Кошт квіткоў – дарослыя – 20 тыс. бел. руб., студэнты – 15 тыс. бел. руб., дзеці – 10 тыс. бел. руб.