Архіў СЭТ. Рушнік
Аўтар: НАСТА ГЛУШКО
Рушнік – рэч адметная і сімвалічная ў беларускай народнай культуры. Адрозніваюць рушнікі штодзённыя – уціральнікі, скарачы, і рушнікі святочныя, адметныя. Рушніком-набожнікам адзначалі самае сакральнае месца ў хаце – Покуць. Простым палатняным рушніком высцелены апошні шлях нябожчыка, рушнік-абудзённік прыносілі у ахвяру, каб змяніць нешта ў сваім лёсе ці ўратаваць целую вёску, у рушнік спавівалі дзіця, рушніком уганароўваюць сватоў на вяселлі.
Рушнік, як і пояс, – гэта сімвал дарогі, шляху. Таму труну высцілаюць рушніком, на рушніках (паясах) дзе-нідзе спускаюць труну долу, павязваюць іх і на крыжы, а на Лепельшчыне рушнік, што ляжыць на донцы труны, выпускаюць наверх і канец пакідаюць на насыпе. Гэта дарога для душы на наш свет. Пасля 40 дзён яго прыкопваюць, дарога закрываецца… Рушнікі-набожнікі заўжды багата дэкараваныя, нясуць вялізную сэнсавую нагрузку. Гэта і ўшанаванне святога месца ў хаце – выявы сусветнага дрэва, і замаўленне-пасланне да Бога на лепшую долю, і пажаданне гэтаму дому быць багатым на дзетак, на ўраджай, быць здаровымі, бо гэта і ёсць сапраўднае шчасце. Кранае, калі бачыш, як рушніком-набожнікам адзначаны рамкі з фотаздымкамі ўсяго роду. Для беларуса радзіна – таксама святое.
Рушнік-абудзеннік выраблялі цэлай вёскай “ад усходу да заходу сонца”. У поўным маўчанні павінны былі жанчыны сталага веку і дзяўчаты, што яшчэ не замужам, адужаць увесь працэс – ад выпрадання ніткі да вытканага і аздобленага рушніка. Пасля яго неслі да прошчы, да крыжа, што стаіць на вуліцы ці ля святой крыніцы, ці ахвяравалі ў царкву. І верылі, што хвароба, паморак ці небяспека адступіць. Апошнія абудзённікі, па расповедах сталых людзей, выраблялі ў вайну. І кажуць дапамагала…
Вясельны рушнік кожная дзяўчына старалася вышыць як найпрыгажэй. Тут можна пабачыць і вянкі, і кароны – сімвал вянчання, і пажаданні на будучыню – моцнай сям’і, дзетак. Як адзнака асаблівага гонару – павязаны рушнік на свата, бо на вяселлі безумоўна ён галоўны чалавек. Дзе-нідзе маладым звязваюць рушніком рукі, а падчас вянчання – сцеляць рушнік пад ногі, відаць, каб дарогу сваю разам прайсці. Пад рушніком з хлебам – сімвалам багацця і дастатку – прапускаюць маладых і гасцей да столу. Рушнікі на вяселлі раздаюць у якасці дароў, таму павінна мець нявеста ”…сорак саракоў рушнікоў…”
Беларускія рушнікі – пераважна льняныя. Таму, відаць, пераймаюць часткова сакральныя якасці гэтай расліны. У льняное поле не можа зайсці нячысцік, праз льняную кашулю не прабярэцца хвароба ў цела чалавека. І дагэтуль бабулі раяць унучкам выціраць валасы пасля лазні льняным рушніком, каб яны былі прыгожымі, даўгімі і бліскучымі, як лён.
Калекцыя народнага тэкстылю Студэнцкага этнаграфічнага таварыства распачыналася таксама сімвалічна. Папярэдне мы не ставілі задачу збіраць у выправах прадметы матэрыяльнай культуры, перавагу меў запіс вуснай творчасці ад носьбітаў, песень, казак, расповедаў краязнаўчага плану. У 2005 г у Лёзненскай экспедыцыі адна з бабуль папрасіла забраць некалькі рушнікоў яе памерлай суседкі, бо хата шмат гадоў стаіць нікому не патрэбная і усё змарнее з часам. Так з’явіліся першыя экспанаты – рушнікі-набожнікі.
фота з архіву СЭТ