АНЕКДОТЫ і БЫВАЛІЦЫ. Падборка Таццяны Лук’янавай

АНЕКДОТЫ

Анекдоты займаюць адметнае месца ў сістэме жанраў беларускай народнай прозы, абумоўленае іх тэкставай спецыфікай. Тэкст анекдота фіксаваны і ў працэсе свайго функцыянавання не ствараецца кожны раз нанова, а ўзнаўляецца. У анекдоце акцэнт робіцца на сутыкненні розных светаразуменняў герояў або героя і апаведача, моманце неадпаведнасці, які ўскрывае схаваны сэнс і вымушае слухача пераінтэрпрэтаваць змест анекдота. Своеасаблівы дыялог прынцыпова розных поглядаў на вызначаную сітуацыю або розных адносін да жыцця фарміруе мастацкі свет анекдота і структуру яго тэксту. Жанравае выказванне анекдота імкнецца да мінімізацыі маўленчых сродкаў і можа быць зведзена да «рытарычнай мяжы», у якасці якой выступае «камічная апафегма, г. зн. дасціпны выраз»: «“Кума, як ты думаеш, што раній було – яйко ці курыца?” – “Э, кумэ, раній усё было”».

2015_14_Anekdot_C

 

СВАРА

Ругаюцца мужык і жонка. Жонка крычыць: – Лепш бы я пайшла за чорта, а не за цябе!

А мужык ей: – Жаніцца братам з сестрамі не можна!

Зап. Мазырка Н. В. у 1998 г. ад Крук В. С. (1930 г. н.) у в. Стрыгінь-Засекі Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобл.

 

ПАРАЗМАЎЛЯЛІ

Пайшлі два браты за сяло гліну капаць. А звалісь браты Мікалай і Антон. Адзін з іх глухой ад бога быў. Капаюць, капаюць яны і відзець ідзе кум іхній. Падашоў к ім гаварыт:

– Здарова, Мікалаю!

– Ага, кум, гліну капаю.

– Ці ты, Мікалай, глух?

– Ды не, вось з братам удвух.

– Дык да свідання, Мікалаю.

– Не знаю, можэт, да вечара дакапаю.

Зап. Лапушынская Л., Лобач В., Качынская Г. у 1974 г. ад Пісарук Я. І. (1922 г. н.) у в. Маляўкі Міёрскага раёна Віцебскай вобл.

 

БАЦЬКА З СЫНАМ

Бацька з сынам едуць на калёсах.

– Га, сынок, не рабі так, а то будзем біцца!

– Тпру…

– Чаго ты?

– Ну, калі біцца, дык біцца.

Зап. Бурак Ю. У. у 1998 г. ад Гуліс В. (1940 г. н.) у в. Чарніцы Лагойскага раёна Мінскай вобл.

 

ПА ДРОВЫ

Паехалі бацька з сынам сеччы дровы. Сын і кажа: «Давай, бацька, ты будзеш сеччы, а я буду ланаць». – «Добра, – кажа бацька, – але калі мы прыедзем дахаты, я буду есці, а ты цмакаваць».

Зап. Сянкевіч Т. ад Бузюк Т. Я. (1948 г. н.) у в. Уселюб Навагрудскага раёна Гродзенскай вобл.

 

ВЯЧЭРА

Вярнуўся мужык з лесу. Рэзаў дровы. Стаміўся і сеў есці проста з каструлі. Уваходзіць жонка:

– А што я сабаку дам?

– Сабаку свежага зварыш.

Зап. Арэшка І. М. ад Маславай Л. А. (1942 г. н.) у в. Ведрыч Рэчыцкага раёна Гомельскай вобл.

 

НА КІРМАШЫ

Праз кірмашны пляц праходзіць п’яны і, убачыўшы незнаёмага, пытаецца:

– Ска-ааа-жыце, якая цяпер пара: ці на небе свеціць сонца, ці месяц?

– Не ведаю, браце, бо я не тутэйшы.

Зап. Ніконавіч І. Н., Чэльцова Н. Б. у 1987 г. ад Рулінскай У. А. (1923 г. н.) у в. Колкі Клецкага раёна Мінскай вобл.

 

БАЦЬКА І СЫНЫ

Бацька і два сыны ідуць па дарозе пасля дажджу. Калюжына. Бацька першы пераскочыў, сыны стаяць.

– Глядзі, – кажа адзін, – бацька стары, а пераскочыў, што той сабака!

Брат даў кухаля:

– Дурань ты. Нельга так пра бацьку казаць. Ну скочыў сабе, і халера яго бяры!

Зап. Бурак Ю. У. у 1998 г. ад Гуліс В. (1940 г. н.) у в. Чарніцы Лагойскага раёна Мінскай вобл.

 

НАПАІЎ КАНЯ

– Паіў ты каня?

– Паіў.

– А чаго ў яго пыса сухая?

– Да вады не дастаў.

Зап. Мітраховіч Г. у 1977 г. ад Крук І. (1918 г. н.) у в. Коўчыцы Светлагорскага раёна Гомельскай вобл.

 

БЫВАЛІЦЫ

Бываліца – празаічны няказкавы жанр беларускага фальклору; рэалістычнае, сюжэтна аформленае, фабульнае апавяданне пра тое, «што ў жыцці бывае», жыццёвая гісторыя. У адрозненне ад бывальшчыны ў бываліцы пераважае побытавы матэрыял. Сюжэт можа быць прыгаданы выканаўцам з любой нагоды, у любым месцы: рыбацкія, паляўнічыя, вайсковыя, любоўныя гісторыі, кур’ёзныя выпадкі і інш. Бываліцы – жанр надзвычай прадукцыйны і ў цяперашні час.

2015_14_Anekdot_D

 

ПАСЛАНЕЦ З ТАГО СВЕТУ

У бабы умер дзед. Баба гэтая сядзіт у хаце ды й галосіць. А ў яе засталося дзве тысячы грошаў. І вот у гэтую ноч нешта грукае ў дзверы. Яна чуе: «Баба, адчапі!» Яна адчапіла. Стаіць нешта лахматае, белае, у пер’ях. І пытае яна: «Хто гэта?» А сама спужалася-спужалася! А ў атвет: «Гэта я, Смерць! Мне твой дзед, бабка, з таго свету паслаў па грошы!»

Баба аддала грошы Смерці той, яна ўжо і пайшла, толькі тут яе спаймалі, ды як абадралі пер’е, дык аказалася, што гэта яе сусед.

Зап. Норына і Арлова ў 1983 г. ад Жыгаль Н. С. (1914 г. н.) у в. Лясковічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобл.

 

 

ДВА БРАТА

Прыйшоў брат к брату. Сабраўся адзін брат дамоў, просіць другога: «Правядзі троху». А абое былі трусы.

Павёў брат брата да паўдарогі. Нада назад ісці. А страшна. Просіць брат: «Правядзі мяне назад, дужа я далёка цябе правёў». Павёў назад брат брата. А таму назад зноў страшна ісці. Разы тры адзін аднаго праводзілі, пакуль не вярнуліся ў братаву хату і не пераначавалі разам.

Гэты чалавек быў ахотнікам. Бывала ідзець на ахоту і моліцца: «Дай, Гасподзь, каб нікога не ўстрэціць, ніякога ні звера, не птушкі не ўвідзіць».

Зап. Зянькова Т. У. у 1976 г. ад Зянькова У. К. ў в. Шашы Шумілінскага раёна Віцебскай вобл.

 

ЯК АННЫЯ ЛЮДЗІ ЖЫТО КРАЛІ

Анныя павялі коней пасвіць. Даўней гэто было. І пасвілі яны іх каля могілак. А было яшчэ каля могілак бацюшково поле. А другія людзі прыехалі якраз жыто красці бацюшково. Ну і німа як красці, тут жа тыя коні коней пасуць.

Надумаўся адзін чалавек з тых, што прыехалі жыто красці, як ім пастухоў адвясці ад гэтага месца. Раздзеўся ён да кашулі, падвязаўся повясам ды лёг на магілі. А тыя ўжо пастухе засыналі. Коней пусцілі пад могілкі ды засыналі. А тут давай стагнаць на магілі: «Ой, як мне тут цяжко ляжаць! Ну, як устану, – ну і дам, ну і дам!»

Тыя пастухе глянулі на магілу – ляжыць у белай кашулі. Гэтыя людзі ледзь не абамлелі. Як сталі яны ўцякаць, на коней скарэй. А адзін мужчына абамлеў. Яго як-то ўжо там пасадзілі на каня, а як ад’ехалі шагоў на сто, давай яго аттрасаць, ледзьве аттраслі.

А тыя сабе накралі жыта ды давай смяяцца. Гэта праўда было, мама мая мне казала.

Зап. Кухцянкова С. І. ад Галубко В. І. (1924 г. н.) у в. Задзвея Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобл.

 

ЯК ДЗЕД МАКАР ЖАНІЎСЯ

Жыў калісьці дзед Макар. І не было ў яго жонкі, хаця немалады быў, каля шасцідзесяці гадоў яму было. І вырашыў ён пайсці ў сваты да маладой Марусі. Узяў з сабой ў сваты маладога хлопца Івана.

Прыйшлі яны да Марусі і кажуць: «Сваты прыйшлі, запрашай у хату!» Ну, дзеўка запрасіла ў хату, сабрала на стол, а сама ўсё на Івана паглядае, спадабаўся ён ёй. Ды і Іван не спіць у шапку таксама. А што пачалося, калі Маруся даведалася, што яе сватаюць за старога дзеда! Паперла яна дзеда Макара чапялой. А з Іванам скора пажаніліся.

Зап. Саевіч С. І. у 1998 г. ад Слуцкага Я. І. (1942 г. н.) у в. Нянькава Наваградскага раёна Гродзенскай вобл.

 

ЛІКБЕЗ

Эта была ў 30-я годы. Перыяд лікбеза. Аднаму маладому ўчыцелю паручылі правесці бяседу з жыцелямі аднаго насялёнага пункта. І вот этат маладой чалавек так начал сваю бяседу: «Я чалавек гуманны. Прагрэс – мая ідзея». Адна бабка талкает сваю суседку: «Манька, Манька, што гэта ён сказаў?» – «А гэта ж ён сказаў, што ён сідзеў у гумне, прагрыз крышу і пытаецца: «Дзе я?»

Зап. у 1988 г. ад Лукашонка В. П. (1920 г. н.) у в. Пналіна Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобл.

 Падборку падрыхтавала Таццяна Лук’янава

Фота з архіву СЭТ